Занадта дарослыя? Ці проста — іншыя?

№ 14 (1088) 06.04.2013 - 13.04.2013 г

Апытанне ў кіназале

Даведацца пра рэакцыю гледача на айчынную анімацыю карэспандэнт “К” вырашыў у рамках Х Мінскага фестывалю дзіцячых і юнацкіх фільмаў “Сакавічок”, які прайшоў на мінулым тыдні. Нагадаем, форум ладзіцца сталічным прадпрыемствам “Кінавідэапраката” сумесна з Камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама яшчэ з 2003-га. І гэтым разам свята не абышлося без сеансаў беларускай анімацыі.

Карэспадэнт “К” выбраў паказ кароткаметражных беларускіх анімацыйных фільмаў у кінатэатры “Салют”. Па шчырасці, убачанае нават не здзівіла. Дзеці надзвычай шумна глядзелі мультфільмы, а хтосьці з іх — і капрызіў. Жарты, “моманты саспенсу” і, безумоўна, — візуальныя эфекты — вось тое, што прымушала маленькую публіку хвалявацца і ўцягвацца ў прагляд.

Тым не менш, напрыканцы сеанса, на пытанне ці спадабаліся вам убачаныя стужкі, меркаванні дзяцей падзяліліся. Чым больш старэйшы аказваўся глядач (да прыкладу, падлеткавага ўзросту), тым больш ён выказваў крытыкі. І наадварот — дзеці малодшага школьнага ўзросту ставіліся да айчыннай анімацый больш лагодна.

— Нічога не спадабался, не прыкольна, — падзяліўся са мной сваімі ўражаннямі ад прагляду чатырнаццацігадовы хлопец.

— А мне даспадобы былі ўсе мультфільмы, акрамя апошняга, — выказалася дзяўчынка дзесяці гадоў.

Глядачка гадоў пяці, увогуле, прамовіла “так”, што яе мама пераклала, як “усё выдатна”.

— Па шчырасці, мяркуючы па рэакцыі, некаторыя мультфільмы былі занадта “дарослыя” для гэтай аўдыторыі, — дадала яна. — Я ўвесь час пыталася ў дачушкі, ці не стамілася яна. Але ёй, падаецца, усё падабалася.

Напэўна, рабіць высновы па апытанні гледачоў з аднаго сеансу — справа неаб’ектыўная. Аднак хочацца агучыць такое назіранне: маленькі глядач, сапраўды, адкрыты для новых уражанняў — бо не сапсаваны, калі хочаце, дамінуючымі стандартамі галівудскай анімацыі. Гэта не значыць, што работы студый “Уолт Дысней” або “Піксар” — дрэнныя, гэта значыць, што, на жаль, бачым у кінатэтарах толькі іх. Адпаведна, іншаму прадукту, зробленаму па іншых стандартах, з кожным годам будзе цяжэй “прабіцца” да свядомасці маладога сучасніка. Таму альтэрнатыва тут — у роўных магчымасцях рознага кіно, або — хаця б у адносна роўных. І наведванне “Сакавічка” яшчэ больш пераканала ў неабходнасці стварэння адпаведных кропак для дэманстрацыі “іншай” мультыплікацыі.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"