Мастацкія каласавіны

№ 49 (815) 08.12.2007 - 14.12.2007 г

Сёлета мы святкуем 125-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. У кожнага народа ёсць свае аўтарытэты. Для беларусаў, без сумнення, — гэта яе Песняры. Яны абодва былі выдатнымі пісьменнікамі і знакавымі постацямі, сімваламі краіны і станаўлення нашай нацыянальнай самасвядомасці. Выстаўка “Мастацкія каласавіны”, якая адкрылася ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва”, прысвечана іх юбілейным датам і прымеркавана да чарговага, ХІХ з’езда Беларускага саюза мастакоў.

 /i/content/pi/cult/140/864/Mastyhin1.jpgs

В.Барабанцаў. “Купалле”.

Напярэдадні чуліся і незадаволеныя галасы: тэматычная экспазіцыя абавязвала аўтараў да канкрэтызацыі іх твораў.
Прасцей са звыклымі выстаўкамі “Ад з’езда да з’езда”, дзе кожны мог паказваць работу, абмежаваную хіба што гадамі стварэння. А тут пажадана было спецыяльна напісаць карціну або адліць скульптуру на коласаўска-купалаўскую тэматыку. Але і гэта не гарантавала, што работа трапіць у экспазіцыю. Саюз мастакоў і Міністэрства культуры звярнуліся да праверанай гадамі практыкі жорсткага адбору работ на выстаўку. Аргкамітэт за некалькі дзён да адкрыцця прагледзеў усе прынесеныя творы, і самыя слабыя, не зважаючы нават на іх сюжэтную скіраванасць, не былі прыняты. Менавіта такое “сіта”, пра неабходнасць існавання якога ў свой час мастакі шмат спрачаліся, і дапамагло не ператварыць экспазіцыю ў звыклую для такіх буйных выставак і часта сумніўную па якасці “сумятню”.
Мы засумавалі па такой сапраўды буйной рэспубліканскай выстаўцы, калі творамі сяброў Саюза заняты абодва паверхі Палаца мастацтва; калі жывапіс, графіка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва размешчаны па адпаведных залах, а скульптура фарміруе прастору кожнай з іх; калі выстаўку трымаюць “імёны” і сапраўды яркія работы знаных творцаў, а экспазіцыя акцэнтуе на іх увагу гледачоў.
У час падрыхтоўкі выстаўкі ў аргкамітэта ўзнікала нямала сумненняў адносна якасці,
 /i/content/pi/cult/140/864/Mastyhin2.jpg
В.Грыгарышына. “Папараць-кветка — дзень”.
насычанасці, знакавасці будучай экспазіцыі. Была боязь перавагі пасрэдных работ, заштампаванасці, плакатнасці, што магло б спрасціць успрыманне творчасці Я.Купалы і Я.Коласа. Мастакам, як і музыкантам, перакладчыкам або акцёрам, трэба ведаць і адчуваць стыль твораў нашых класікаў, а значыць — чуць іх словы, унікаць у тэмы і вобразы, сюжэтныя і фабульныя павароты, у манеру расповеду. Тут пэўны свой вынік дала сумесная праца аргкамітэта разам з музеямі Я.Купалы і Я.Коласа, якія яшчэ за паўгода да адкрыцця выстаўкі акрэслілі кола канкрэтных тэм, у якіх яны зацікаўлены для папаўнення ўласных экспазіцый. Як высветлілася, гэта зусім не парадныя партрэты пісьменнікаў, а, скажам, выявы людзей з іх атачэння, лірычныя сюжэты, ранні, “віленскі”, амаль не занатаваныў мастацкіх вобразах, перыяд жыцця Я.Купалы, трагічныя апошнія дні яго жыцця...
Зварот да мастацкіх каласавін насамрэч натуральны. Вобразы Я.Коласа і Я.Купалы, героі іх твораў сталі для пасляваеннага беларускага мастацтва адным з асноўных, надзвычай папулярных сюжэтных абсягаў. Мабыць, няма ніводнага творцы старэйшага пакалення, які б не закрануў гэтую тэматыку, праз якую можна было выявіць вобраз Айчыны, выказаць свой погляд на яе мінуўшчыну і няпростыя шляхі да адраджэння. Час аддаліў ад нас падзеі жыцця пісьменнікаў, перавёў іх у ранг гістарычных рэалій, вартых увекавечання. З жывых людзей Я.Купала і Я.Колас неяк незаўважна ператварыліся ў “афіцыйных куміраў”. Безумоўна, гэты працэс непазбежны, але сённяшні дзень і нашы адносіны да спадчыны ўносяць новую нотку ў асэнсаванне коласаўска-купалаўскай тэматыкі. Мы зноў разглядаем жыццёвы шлях паэтаў — больш складаны і трагічны, чым падавалася раней, расстаўляем іншыя акцэнты ў напісаных імі радках.
 /i/content/pi/cult/140/864/Mastyhin3.jpg
Экспазіцыя выстаўкі.
І добра, што сёння творцы глядзяць на Я.Коласа і Я.Купалу не як на сімвалы, а спрабуюць зразумець іх як людзей, якія ў няпростых жыццёвых варунках зрабілі ўсё, што змаглі, дзеля развіцця роднай мовы і росквіту Бацькаўшчыны. Варта проста ўчытацца ў іх творы, каб між радкоў адчуць сапраўдную замілаванасць родным краем і боль за яго лёс і будучыню.
Герояў Я.Коласа і Я.Купалы заўжды вылучалі яркія характары, а свет твораў Песняроў гучыць лірычна і музычна. Мастакам з ім лёгка знайсці сугучча. Безумоўна, узнікае заканамернае пытанне: на якія ж прынцыпы варта абапірацца творцам у распрацоўцы коласаўска-купалаўскай тэматыкі? На дакладнасць этнаграфічных і гістарычных дэталей? На гэтым настойваюць супрацоўнікі музеяў, якім хочацца бачыць дакладныя замалёўкі родных мясцін пісьменнікаў, ілюстрацыі да іх твораў. Менавіта з гэтага зыходзяць, напрыклад, А.Батвінёнак, А.Чыгрын, якія працуюць над скульптурным вобразам Я.Коласа для ўнутранага дворыка музея пісьменніка, або Л.Гумілеўскі ў рабоце “Развітанне”.
Гэтым кіраваліся і многія жывапісцы падчас працы над палотнамі — Г.Жарын,
 /i/content/pi/cult/140/864/Mastyhin4.jpg
Л.Гумілеўскі, С.Гумілеўскі. “Я.Купала”.
С.Федарэнка, Г.Паплаўскі, У.Кожух, Ю.Багушэвіч, А.Цыркуноў. Л.Шчамялёў напісаў партрэт Я.Коласа, В.Барабанцаў звярнуўся да вобраза Эпімаха Шыпілы, П.Шарыпа аб’яднаў на палатне В.Ластоўскага і Я.Купалу.
У зале графікі можна знайсці ілюстрацыі да тых літаратурных твораў, якія па розных
прычынах былі абыйдзены ўвагаю мастакоў.
Так, А.Кашкурэвіч да выстаўкі зрабіў новую графічную серыю па матывах паэмы Я.Купалы “Сон на кургане”, М.Басалыга — да паэмы “На куццю”.
Але вызначанасць тэматыкі насамрэч не змушала мастакоў абавязкова перадаваць яе толькі праз сюжэтную фабулу, партрэт або ілюстрацыю да твора. Большасць майстроў ішла праз уласнае бачанне і нечаканую пластыку, што і абумовіла некаторыя знаходкі і яркія моманты сёлетніх мастацкіх каласавін. Гэта датычыць твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзе сам матэрыял вымагае складаных асацыятыўных рашэнняў. Тэма Купалля, папараць-кветкі, язычніцкіх таямніц стварыла адпаведны тэматыцы выстаўкі настрой у работах Л.Пятруль, Л.Нішчык, В.Грыгарышынай, Н.Сухаверхавай, Н.Яўглеўскай, Т.Курачыцкай, Л.Густавай, Т.Малышавай. Ёсць цікавыя вобразныя параўнанні і ў жывапісных палотнах, у графічных серыях, у скульптурных творах. Асацыятыўныя паралелі прачытваюцца ў карцінах Г.Вашчанкі, У.Тоўсціка, А.Бараноўскага, В.Герасімава, М.Казакевіча, Р.Ландарскага, В.Нямцова, у графічных лістах У.Савіча, В.Шобы, У.Вішнеўскага, у пластыцы С.Аганава, М.Інькова, С.Бандарэнкі, Э.Астаф’ева, У.Церабуна.

Наталля ШАРАНГОВІЧ