Альгерд паселіцца ў Віцебску

№ 14 (1088) 06.04.2013 - 13.04.2013 г

Якім стане помнік вялікаму князю ў горадзе над Дзвіной?

Другі ў свеце помнік вялікаму князю Альгерду ў хуткім часе з’явіцца ў Віцебску на Васкрасенскай плошчы насупраць аднайменнага храма.

— Ідэя стварыць помнік князю Вялікага Княства Літоўскага з’явілася яшчэ ў 2009-м, — кажа галоўны спецыяліст аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама Віктар Глушын. — Праз год быў аб’яўлены конкурс эскізаў, дзе сваё бачанне помніка Альгерду прадставілі сем скульптараў з Віцебска і Мінска. Сам конкурс праводзіўся ананімна — усе макеты абазначаліся толькі лічбамі, каб экспертная камісія і жыхары горада маглі аб'ектыўна ацаніць кожную работу ды прагаласаваць. У рэшце рэшт, агульным рашэннем была абрана скульптура Валерыя Магучага, дзе вялікі князь паказаны пад час палявання: конна і з сокалам на руцэ…

/i/content/pi/cult/421/8639/2-1.jpeg

Заказчыкам праекта помніка Альгерду стала ўнітарнае камунальнае вытворчае прадпрыемства “Віцебская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка”, якое вясной 2012 года абвясціла тэндар на выраб і мантаж бронзавай скульптуры. Згодна з конкурснымі дакументамі, вышыня помніка, з улікам бронзавага фундамента, складзе крыху больш за чатыры метры, а даўжыня — прыкладна тры метры. На дошцы, змешчанай на пастаменце, будзе наступны надпіс: “Князь Віцебскі, Вялікі князь Літоўскі Альгерд (1296 — 1377 гг.) — заснавальнік віцебскіх замкаў”. Згодна з планам заказчыка, здаць помнік мяркуецца да чэрвеня бягучага года.

І хаця першапачаткова прадпрыемства збіралася аплаціць выраб і мантаж помніка з уласных сродкаў, у хуткім часе стала зразумела, што каштаваць бронзавая скульптура вагой чатыры з паловай тоны будзе нямала. Таму, як не так даўно паведаміў журналістам мэр горада Віктар Нікалайкін, да вырабу манумента мяркуецца далучыць яшчэ і спонсараў.

У сакавіку 2012 года, пасля таго, як у гарвыканкам сталі паступаць заўвагі, маўляў, Альгерд не мае ніякага дачынення да Беларусі, было праведзена грамадскае абмеркаванне мэтазгоднасці ўстаноўкі помніка князю. Пасяджэнне чыноўнікаў, гісторыкаў, архітэктараў, скульптараў, святароў, журналістаў адбылося ў музеі “Духаўскі круглік”, які пабудаваны на аўтэнтычным фундаменце і знешне нагадвае адну з вартавых вежаў, узведзеных вакол Віцебскага замка князем Альгердам. Па агульным меркаванні камісіі, помнік гістарычнай асобе ўсё ж такі вырашылі паставіць. Археолаг Таццяна Бубенька адзначыла, што дзейнасць Альгерда ў палітычнай і культурнай сферы выклікае павагу не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах. Нават у Расіі, на землі якой князь хадзіў ажно тры разы, у свой час увекавечылі яго памяць у мануменце, прысвечаным 1000-годдзю Русі.

Адразу пасля пасяджэння ў "Духаўскім кругліку" на сайце Віцебскага гарвыканкама было абвешчана яшчэ і адкрытае галасаванне сярод жыхароў горада, дзе большасць таксама выказалася за неабходнасць помніка Альгерду.

— Не так даўно мы атрымалі згоду на ўзвядзенне помніка — і ў Міністэрстве культуры, і асабіста ў Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі, — адзначыў галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Пётр Падгурскі. — Зараз помнік праходзіць ацэнку Рэспубліканскага мастацка-экспертнага савета па манументальным і дэкаратыўна-мануменальным мастацтве, уносяцца некаторыя папраўкі і заўвагі. Калі на апошнім этапе не ўзнікне праблем, то ёсць усе шанцы здаць работу своечасова…

Аднак на апошнім этапе да помніка аўтарства Валерыя Магучага ўзніклі пытанні. Як паведаміў намеснік старшыні Рэспубліканскага савета, народны мастак Беларусі Іван Міско, скульптура мае недахопы.

— Не захаваны прапорцыі, конь атрымаўся не вельмі выразным, — кажа эксперт. — Нягледзячы на тое, што Валерый Магучы — выдатны скульптар, яму бракуе вопыту ў рабоце з выявамі коней. Я парэкамендаваў яму, каб не затрымліваць працэс устаноўкі помніка, паспрабаваць зрабіць скульптуру ў сааўтарстве з тым, хто зможа стварыць добрага баявога каня для Альгерда…

Сам аўтар з усімі заўвагамі згодны і ўжо распачаў працу над новым варыянтам помніка, які, на яго думку, зможа задаволіць экспертны савет. Валерый Магучы адзначыў, што гэты манумент адметны для яго не толькі як для скульптара, але і як для патрыёта роднага Віцебска. “Галоўнае — засяродзіць увагу на тым, колькі зрабіў гэты вялікі чалавек і для Віцебска, і для ВКЛ…” — кажа мастак.

На здымку: папярэдні макет помніка князю Альгерду аўтарства віцебскага скульптара Валерыя Магучага.