Марына ПШЫБЫТКА, загадчык навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
1.Віртуальная экскурсія па бібліятэцы
Каб наведаць Нацыянальную бібліятэку Беларусі, палюбавацца яе інтэр’ерам, пахадзіць па прасторных залах, вывучыць асаблівасці іх размяшчэння, сёння няма неабходнасці траціць час ды грошы на дарогу — дастаткова зайсці на партал Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (www.nlb.by) і прыняць удзел у віртуальнай экскурсіі.
2. Віртуальная даведачная служба
Яна дазваляе, не выходзячы з дому, даведацца пра наяўнасць у фондах бібліятэк канкрэтных выданняў, атрымаць кампетэнтную дапамогу спецыяліста ў падборы літаратуры па пэўнай тэме або праблеме, набыць дакладную інфармацыю аб нейкай падзеі ці факце. Гэты сэрвіс прадстаўляюць сёння многія бібліятэкі розных краін. Не выключэнне — і бібліятэкі Беларусі. Скарыстацца паслугамі гэтай службы можна на сайтах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (www.nlb.by), Прэзідэнцкай Бібліятэкі Рэспублікі Беларусь (www.preslib.org.by), Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа НАН Беларусі (csl.bas-net.by), Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі (www.rlst.org.by), Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкі (rsml.med.by) ды іншых.
Часам у самога бібліятэкара ўзнікаюць пытанні, на якія, здаеццца, не так лёгка знайсці адказ. Асаблівасцю бібліятэчнай справы з’яўляецца яе мабільнасць і імпэтнасць развіцця. Бібліятэкар павінен заўсёды “трымаць руку на пульсе” ў наш імклівы век інфармацыі. Таму ў інтэрнэт-прасторы існуе служба “Help a Librarian”, якая аб’ядноўвае бібліятэкараў з больш чым 60 краін свету для ўзаемадапамогі па пошуку тлумачэнняў па розных аспектах бібліятэчнай справы, па абмене ведамі і г. д.
3. Віртуальная выстаўка навінак, служба выбарачнага распаўсюджвання інфармацыі
Каб даведацца пра тое, якія выданні паступілі ў бібліятэку апошнім часам, разгледзець іх вокладкі ды пазнаёміцца з анатацыямі, сёння няма неабходнасці ісці ў бібліятэку — на сайтах многіх бібліятэк краіны “працуюць” выстаўкі новых паступленняў.
Але найбольшую цікавасць выклікае аўтаматызаваная сістэма выбарачнага распаўсюджвання інфармацыі Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі (www.rlst.org.by/iri.html). Спецыялісты прадпрыемстваў і арганізацый маюць магчымасць атрымліваць вычарпальную інфармацыю аб усіх дакументах па пэўнай тэме, што паступаюць у фонд бібліятэкі. Тэматыку і перыядычнасць атрымання звестак устанаўлівае сам карыстальнік. Інфармацыя аўтаматычна адбіраецца з электроннага каталога бібліятэкі і накіроўваецца па электроннай пошце. Калі ўзнікае неабходнасць атрымаць першакрыніцы альбо іх копіі, сістэма дазваляе аператыўна выконваць заказы.
4. Электронны бібліятэчны он-лайн-абанемент
Унікальную магчымасць карыстацца электроннымі выданнямі (кнігамі, аўдыязапісамі, перыёдыкай) не выходзячы з дома прадастаўляе бібліятэка Інстытута імя Гётэ. Тут распрацаваны спецыялізаваны сэрвіс Onleihe — электронны бібліятэчны он-лайн-абанемент. З дапамогай яго карыстальнікі маюць магчымасць атрымліваць выданні дахаты 24 гадзіны ў суткі цягам усяго тыдня. Вяртаць носьбіты інфармацыі ў такую бібліятэку не трэба: пасля сканчэння тэрміну карыстання атрыманы файл проста не адкрыецца.
5. Электронная бібліятэка
Гэта ўжо не казка, а рэалія дня сённяшняга. Найбольшую цікавасць прадстаўляюць міжнародныя праекты па фарміраванні і выкарыстанні электронных рэсурсаў. Сярод вядомых праектаў, да якіх ужо далучылася Рэспубліка Беларусь, — Сусветная лічбавая бібліятэка (World Digital Library,
www.wdl.org), мэтай якой з’яўляецца прадастаўленне максімальна шырокага і бясплатнага доступу да культурнай спадчыны розных краін свету.
Пазнаёміцца з мільёнамі аб’ектаў вядучых еўрапейскіх галерэй, бібліятэк, архіваў, музеяў можна ў еўрапейскай лічбавай бібліятэцы “Europeana” (www.europeana.eu). Кнігі і рукапісы, скульптуры і творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фотаздымкі і карціны, тэлеперадачы і фільмы, карты, ноты, музычныя запісы — тут знойдзецца ўсё, што датычыцца культурнай і навуковай спадчыны еўрапейскіх краін.
Вялікую цікавасць для навукоўцаў уяўляе інфармацыйна-пошукавая сістэма Manuscriptorium, якая складаецца з адкрытага каталога гістарычных калекцый і лічбавай бібліятэкі рукапісаў, старадрукаў, інкунабулаў, карт ды іншых гістарычных дакументаў. Гэтая служба прадастаўляе доступ да больш чым 5 мільёнаў лічбавых выяў. Зараз партнёрамі Нацыянальнай бібліятэкі Чэшскай Рэспублікі па фарміраванні дадзенага рэсурсу з’яўляюцца больш за 80 чэшскіх і замежных бібліятэк ды архіваў, у тым ліку Нацыянальная бібліятэка Беларусі.