Ты такі слаўны!

№ 48 (814) 01.12.2007 - 07.12.2007 г

Адзінаццацігадовая Вераніка Цімашэнка з імпэтам малюе тое, што бачыць вакол: людзей, эстрадных зорак, персанажаў рэкламных ролікаў. У дзяўчынкі проста фатаграфічная памяць: напрыклад, пасля наведвання спектакля Віцебскага абласнога тэатра “Лялька” з’явілася серыя партрэтаў усіх дзейных асоб! Шкада, что яна не зможа пачуць хвалебных прамоў у свой гонар, бо выхаванка Багушэўскага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ад нараджэння глуханямая. Можа, таму і многія героі Веранічыных карцін валодаюць вялізнымі крыламі: з іх дапамогай так проста ўзняцца над хваробай. Ад яе сабрата па няшчасці Алега Валушкі адмовіліся ў раддоме, як толькі высветлілася, што у хлопчыка замест ручак і ножак — куксы. Пабачыла б тая мама зараз, як дзевяцігадовае сонечнае хлапчанё малюе акварэллю! Ён старанна выводзіць роўныя, нібы пад лінейку, рознакаляровыя лініі, складаючы іх у неабдымныя снежныя палі і ўтульныя вясковыя хаты з клубамі дыму над комінам…

 /i/content/pi/cult/139/862/Ty-taki-slauny-48.jpg

Карына Фрэдрыксан з выхаванцам Багушэўскага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Як жа часта, праходзячы каля высокіх платоў падобных інтэрнатаў, мы паскараем крок, каб хутчэй забыць, хто там, за гэтым плотам. Аднак “нязручныя” для некаторых дзеці не толькі існуюць, але і займаюцца творчасцю. Яны спяваюць, танцуюць, малююць, хай і не так умела, як іх “здаровыя” аднагодкі, але з той жа непаўторнай шчырасцю і бляскам у вачах.
Гэта даўно зразумелі шведы. Яны нярэдка наведваюць малых жыхароў беларускіх інтэрнатаў. Пасля падобных міжнародных сустрэч і нарадзілася ідэя кампакт-дыска “Ты— унікальны”, які павінен падарыць радасць ад зносін з дзецьмі. На студыі гуказапісу Шведскага радыё пры дапамозе Стакгольмскага канцэртнага аркестра шведская аўтарка тэксту і музыкі, прафесійны працаўнік па доглядзе за разумова адсталымі дзецьмі Карына Фрэдрыксан і беларускія вакалісткі Ірына Бакаева і Вера Неўдах стварылі неверагодна пяшчотны альбом. Ужо назвы кампазіцый гавораць самі за сябе: “Ты любімы”, “Ты адзін такі”, “Ты такі слаўны”.
— Часам можа здавацца, што канструктыўныя зносіны з такімі дзецьмі немагчымыя, — гаворыць у прадмове да выдання Карына Фрэдрыксан. — Аднак вядома, што калі дзіця не можа выказаць сябе вербальна, у яго паляпшаецца праца іншых органаў пачуццяў, напрыклад, чуццё, а таксама фізічнае і разумовае ўспрыманне. Вось чаму песня, музыка, дотык — гэта ідэальны спосаб наблізіцца да дзіцяці, спосаб мяккіх і паважлівых зносін з ім.
— Мае 25 гадоў працы са здаровымі і хворымі дзецьмі, а таксама з дарослымі паказваюць, што музыка — гэта унікальны інструмент для зносін, які здольны вызваліць утоеныя рэсурсы арганізма. На гэта, у нейкай ступені, і накіраваны гэты музычны альбом, — дадала выкладчык музыкі, музычны тэрапеўт Ліс Якабсан.
Дыск стаў галоўным падарункам на Рэспубліканскім фестывалі юных талентаў — выхаванцаў спецыялізаваных дзіцячых дамоў і школ-інтэрнатаў “Мары спраўджваюцца”, які праводзіла Беларускае дабрачыннае аб’яднанне “Свет без межаў” на чале з Таццянай Іванаўнай Паеўскай пры падтрымцы прадстаўнікоў дабрачынных грамадскіх аб’яднанняў Швецыі і Польшчы.
Свой чарговы візіт Карына Фрэдрыксан і Ганна-Марыя Хасэлгрэнхал — актыўныя памочніцы “Свету без межаў” па ажыццяўленні Міжнароднага праекта “Альтэрнатыўныя формы і метады працы з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця” — прымеркавалі да Міжнароднага дня інвалідаў. Цэлы тыдзень шведкі правялі ў Багушэўскім доме-інтэрнаце, наведалі рэдакцыю газеты для дзяцей і падлеткаў “Зорька”, былі ў Епархіі, удзельнічалі ў дзіцячых дабрачынных акцыях у сталіцы. Дай Бог, каб такія акцыі не толькі палепшылі паразуменне паміж дарослымі і малечай, але і хоць крышачку змянілі стаўленне да дзяцей з псіхафізічнымі адхіленнямі нашых здаровых дарослых людзей.

Настасся ПАНКРАТАВА

Фота Дзмітрыя ЕЛІСЕЕВА