Маналогі прадзюсара

№ 13 (1087) 30.03.2013 - 06.04.2013 г

Ізноў пра дэталі віртуальнага некамерцыйнага альбома

Праз 30 гадоў пасля таго, як Ігар Палівода напісаў цыкл “Вясёлыя жабракі” на вершы Роберта Бёрнса, гэтая праграма нарэшце была запісана ў студыі і выкладзена ў Сеціве. Адгукнуўшыся на нашу публікацыю “800 трэкаў Паліводы: якімі стануць рэаліі віртуальнага альбома?", у сваіх маналогах некаторымі дэталямі з музычным крытыкам Дзмітрыем Падбярэзскім падзяліўся ініцыятар і прадзюсар праекта, сябар Ігара Паліводы, бас-гітарыст, скрыпач, у тым ліку і ў “Песнярах”, Барыс БЯРНШТЭЙН.

Ігар

— “Вясёлыя жабракі” — гэта, у першую чаргу, праект чалавечы! Ёсць лідары, так бы мовіць, афіцыйныя, але маецца прыхаваны “табель аб рангах”. Вось у ім Ігар стаяў на адным з першых месцаў у нашай музычнай "тусоўцы". Мы вельмі шмат чаму вучыліся ў яго, хоць і самі, прызнацца, не лыкам былі шытыя. Але планка, якую трымаў Ігар, была насамрэч высокая!

Мне часта было сорамна перад ім і за непрыгожа напісаныя ноты, і за непрадуманасць аранжыроўкі. Прыкладам, я спрабаваў далучыць мой любімы на той час стыль выканання да ўсяго, з чым даводзілася працаваць, у тым ліку і да беларускай музыкі. Гэта яго раздражняла. “Чувак (у падобнай сітуацыі такое слова з ягоных вуснаў гучала як праява незадавальнення), ты калі-небудзь чытаеш тэксты песень, калі іх аранжыруеш? Дык пачытай! І зразумей, пра што песня! А калі зразумееш, тое і падкажа табе, як яе вырашыць музычна, у якім стылі. А ты, прабач, лепіш сінкопы дзе трэба і не трэба. Так ты не музыкантам будзеш, а рамеснікам!” Я тады злаваўся на яго, але цяпер выдатна разумею і ўдзячны лёсу за тое, што ён быў у маім жыцці.

Ён далёка не ўсім такое казаў. Думаю, што я, відаць, нечым заслужыў тое, што ён даў мне такі ўрок у нашай з ім прафесіі. Дзякуй табе, Ігарок! Такі ж уплыў ён зрабіў на многіх музыкантаў таго часу. Ён проста не мог па-іншаму жыць і працаваць. Вось чаму, калі з’явілася задума запісаць гэтую праграму, усплыла і неабходнасць аддаць даўгі Ігару. І не толькі стаць поплеч з нашым пакаленнем, але і, запрасіўшы таленавітую моладзь, паказаць ёй, з якой музыкай яна мае справу, як можна прадоўжыць глыбокія музычныя традыцыі. Не толькі беларускія — агульначалавечыя. І гэтая лічба — 30 удзельнікаў — не падаецца вялікай, калі разумееш, што гэта даніна павагі ды прызнання…

Калегі

— Няма майго сябра і выдатнага музыкі Аркадзя Эскіна, але я запрасіў у наш праект яго дачку Марыну, каб праз яе ўдзел адчуць і плячо Аркадзя, і ягонае асабістае стаўленне ды павагу да Ігара. Флейтыст Эдзік Грыгаран з Краснадара: мы з ім сустрэліся ў Санкт-Пецярбургу, калі былі на гастролях, я яго з Ігарам і пазнаёміў. Яны адразу сышліся, кантактавалі ўжо без мяне. Адшукаў Эдзіка праз Інтэрнэт і прапанаваў яму найграць міратворчую канцоўку ў фінале. Доўга з ім абмяркоўвалі, як гэта зрабіць. Эдзік пайшоў у студыю і запісаў два розныя дублі. І калі запіс скончыўся, дык з яго адмовіліся браць грошы!

Вядома, найлепшыя прафесійныя і, самае галоўнае, чалавечыя якасці праявілі ўсе ўдзельнікі. Асабліва адзначу галоўных “крыэйтараў”: Уладзіміра Ткачэнку, Мікалая Няронскага і Аляксандра Віслаўскага. Велізарная падзяка ім і ад слухачоў, што паспелі ўжо са мной падзяліцца ўражаннямі, і ад блізкіх Ігара Паліводы, і ад мяне асабіста. Вось і тлумачэнне таго, чаму, навошта і чым мы займаліся гэтыя паўтара года.

Напачатку я не разумеў: як, з кім і ў якой танальнасці пачынаць. Але калі з Валодзем Ткачэнкам пачалі гэта абмяркоўваць штодня ў “скайпе” (я ляцеў да камп’ютара пасля працы, нават не пераапрануўшыся!), дык паступова агульная карціна вымалёўвалася ўсё больш пэўна. Ад Валодзі зыходзіў такі спакой, такая грунтоўнасць, што хваляванне аказалася лішнім. Аднойчы ж я зразумеў: зробім не проста выдатна, а надзвычай выдатна! Гэта тады, калі атрымаў стужку з гітарным сола ў “Лудзільшчыку” ад Жэні Бергера з Ізраіля. Ён сыграў на такім узроўні, што ў мяне проста ногі адняло, і пайшоў магутны “завод”, які не спыняўся да апошняга дня. Чалавек, які не быў знаёмы ні са мной, ні з Паліводам, меў слабое ўяўленне пра “Песняроў”, лёгка адгукнуўся на прапанову і выканаў просьбу з такім бляскам ды адчуваннем стылю, што свет для мяне літаральна перавярнуўся! У чарговы раз зразумеў: мала годна граць — трэба быць чалавекам!..

Некамерцыйнае

— Рабіць такую музыку на камерцыйнай аснове — пахаваць справу. Сама яна — сапраўдная, глыбокая і павінна быць, лічу, даступнай для ўсіх, хто цікавіцца мастацтвам, самаўдасканальваецца. І яшчэ: калі робіш некамерцыйны праект, ты абсалютна вольны ў самавыказванні, што вельмі істотна.

Усе ж музыканты і вакалісты пісаліся бясплатна. Завяршальным акордам праекта планавалася выдаць падарункавы набор дыскаў, каб раздаць удзельнікам запісу, тым, хто нам дапамагаў, блізкім Ігара. І вось той акорд у нас, як кажуць, завіс. Урэшце, калі з’явіцца магчымасць дзякуючы прыхільнікам творчасці кампазітара, будзем рады…

Беларускае

— У свой час фірма “Мелодия” адмовілася запісваць гэтую праграму, патлумачыўшы, што яна, нібыта, не мае дачынення да беларускай культуры. Цяпер жа праект гатовы, выкладзены ў Інтэрнэт для бясплатнага праслухоўвання ды пампавання. Беларускі кампазітар Ігар Палівода напісаў выдатную музыку, выдатныя беларускія артысты яе выканалі, чым і зрабілі ўнёсак у беларускую культуру. Хіба ж гэтага мала?

Так, ад зробленага “Песнярамі” Мулявіна засталося яшчэ некалькі праграм, не запісаных у студыі, у прыватнасці, “Песня пра долю”. Але я ставіў перад сабой канкрэтную мэту: “Вясёлыя жабракі”. Аднавіць справядлівасць у адносінах да гэтай музыкі. І сваё абяцанне выканаў. Ператвараць гэта ў прафесію “рэстаўратара” не жадаю: у свеце ёсць шмат добрай музыкі і творчых ідэй, якія мяне хвалююць. А людзям, як той казаў, і карты ў рукі. Няхай, скажам, тыя, хто захоплены аднаўленнем “Песні пра долю”, гэтым і зоймуцца. Дарэчы, хачу адзначыць, што дзякуючы намаганням Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І.Жыновіча і асабіста Вольгі Брылон выканана яе канцэртная версія. Наколькі ведаю — з вялікім поспехам. Я вельмі рад за іх!

Ці можна “Вясёлых жабракоў” далучыць да шэрагу сумесных музычных праектаў кшталту “Народнага альбома” або “Я нарадзіўся тут”? Няхай мяркуюць музыказнаўцы. Я ж думаў пра тое, каб зрабіць якасна ды самабытна тое, што задумаў сам Ігар трыццаць гадоў таму…