У фотатумане штосьці відаць?

№ 13 (1087) 30.03.2013 - 06.04.2013 г

Лепш менш — ды лепш, або Прастора “бярэцца” пакуль колькасцю

І Мінскі фестываль фатаграфіі, які завяршыўся Міжнароднай канферэнцыяй “Фатаграфія ў краінах Усходняга партнёрства: праблемы і рашэнні” ў Інстытуце журналістыкі БДУ, пакінуў змяшаныя пачуцці. З аднаго боку, адбылася вялікая падзея, якая ўскалыхнула беларускую (ды не толькі) фатаграфічную грамадскасць, з іншага ж — шляхі развіцця айчыннай фатаграфіі толькі ледзь-ледзь выступілі з туману…

Выстаўка “Дакумент і аблічча, або Калі фотажурналістыка становіцца мастацтвам…” сталася своеасаблівай кульмінацыяй Мінскага фестывалю фатаграфіі ў творчым плане. Галерэя Міхаіла Савіцкага прыняла звыш 200 работ фотажурналістаў, і большая іх частка належыць менавіта беларускім аўтарам.

/i/content/pi/cult/420/8617/1-2.jpeg

Фота Алёны Шаліма.

Нягледзячы на “прарыў у дзяржаўныя галерэі” фотажурналістыкі, хочацца адзначыць, што першыя “выступленні” гэтага жанру ўсё ж адбываліся раней на іншых сталічных пляцоўках. У першую чаргу, маю на ўвазе праект “Прэс-фота Беларусі”.

Тым не менш, калі арганізатары “Дакумента і аблічча…” і не былі першымі ў ідэі паказаць фотажурналістыку як мастацтва, ім удалося зноў нагадаць пра тое, якія ў ёй працуюць выдатныя майстры.

Вадзім Заміроўскі, Наталля Аблажэй, Васіль Фядосенка, Віктар Драчоў, Аляксандр Ружэчка, Сяргей Грыц, Алена Шаліма, вядома, Яўген Казюля, Вадзім Качан, Сяргей Плыткевіч… — усё гэта аўтары, што дэманструюць той самы высокі ўзровень фатаграфіі, калі становіцца ўжо не важна, да якога жанру яна належыць. Варта адзначыць, што ўласна работы майстроў фотажурналістыкі спалучаліся з адмысловымі творамі фатографаў, якія звычайна прылічаюць сябе да іншай катэгорыі. Тым не менш, іх серыі (да прыкладу, “Хочаш пачуць — глядзі” Марыны Бацюковай) цалкам пасавалі агульнай канцэпцыі.

З работ фатографаў з іншых краін, што прымалі ўдзел у выстаўцы, запомніліся творы Гарыка Аванесяна і Вігена Мнояна з Арменіі, а таксама Кахі Пхакадзэ і Мзіі Леквеішвілі з Грузіі. Прыхільнасць да выразнай каларыстыкі, вывераная кампазіцыя, асаблівая суб’ектыўная інтанацыя, ды, вядома, культура друку вылучалі іх серыі работ.

На адсутнасць апошняга крытэрыя ў некаторых беларускіх аўтараў паскардзіўся напярэдадні выстаўкі старшыня БГА “Фотамастацтва” Сяргей Плыткевіч. “З гэтай прычыны частка раней заяўленых работ і не была прадстаўлена ў экспазіцыі”, — зазначыў ён.

У цэлым, Мінскі фестываль разам з прасоўваннем ды замацаваннем пазіцый айчыннай фатаграфіі выявіў і шэраг відавочных прагалаў: зніжэнне таго ж узроўню культуры друку, абмежаваныя магчымасці працы куратараў, а часам і ўвогуле адсутнасць іх жорсткай пазіцыі.

Па сутнасці, Першы Мінскі фестываль прадэманстраваў нам, што, пры ўсёй перспектыўнасці і таленавітасці беларускай фатаграфіі, мы часам не ведаем, як можна яе годна прадставіць. Цудоўная экспазіцыя работ Міхаіла Жылінскага (выстаўка “Крокі ў цішыні”) чамусьці аказваецца заціснутай у невялікіх калідорах, пры ўсёй павазе, галерэі “TUT.BY”. Тое ж самае — і ў выпадку з выстаўкай “Ступені”, калі прастора экспазіцыйных залаў “бярэцца” колькасцю работ, а не іх дакладна знойдзеным месцам у экспазіцыі. Складаецца ўражанне, што часам, атрымаўшы магчымасць зладзіць выстаўку, мы проста імкнёмся выкарыстоўваць плошчы па максімуме, размясціўшы на іх усё, што магчыма.

/i/content/pi/cult/420/8617/1-3.jpeg

Фота Вадзіма Заміроўскага.

Ды тым не менш, хочацца адзначыць і ўдачы фестывалю: выстаўку “Глядзельная памяць гісторыі” (Беларуская фатаграфія 1960-х і 70-х з фондаў народнага фотаклуба “Мінск”), што прайшла ў Музеі гісторыі горада Мінска, і персанальную фотавыстаўку Марыны Бацюковай “Каля нуля” ў тым жа “Мінску”. Яны сталі адкрыццём новых (хоць для кагосьці — і ўжо вядомых) старонак гісторыі беларускай фатаграфіі, прыкладам добрай куратарскай працы і, адпаведна, знаёмствам з вядомым аўтарам, якому ўдалося паказаць сябе з новага боку.

Дарэчы, наконт той самай экспазіцыйнай прасторы. Прыкладна ў час Мінскага фестывалю фатаграфіі ў сталіцы прайшлі дзе выстаўкі айчынных аўтараў: “Структура прасторы” Аляксандры Салдатавай у галерэі “Універсітэт культуры” і “Кінестэтыка” Андрэя Шчукіна ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Гэты былі адметныя выказванні, з належным узроўнем экспазіцыі, і іх удзел у форуме значна ўзбагаціў бы палітру мерапрыемстваў фестывалю, прадэманстраваўшы разнастайнасць беларускай фатаграфіі на прыкладзе асобных узважаных праектаў, а не групавой выстаўкі.

Пакуль жа атрымліваецца так, што мы трымаем курс на “масавасць”…

Тым часам

Пад час правядзення Міжнароднай канферэнцыі, што сабрала прадстаўнікоў шасці нацыянальных фатаграфічных аб’яднанняў з Арменіі, Грузіі, Малдовы, Украіны, Азербайджана і, вядома, нашага БГА “Фотамастацтва”, старшыня айчыннай арганізацыі Сяргей Плыткевіч агучыў магчымасць стварэння Канфедэрацыі саюзаў. Гэта адзін з варыянтаў умацавання партнёрскіх стасункаў, якому садзейнічае праект Еўрапейскага Саюза “Увага, усмешачку!..” (у рамках яго, дарэчы, і прайшоў форум). “Нам, безумоўна, цікавая гэтая прапанова”, — выказала меркаванне большасці кіраўнікоў фотасаюзаў член Праўлення Аб’яднання фатографаў Азербайджана Ганна Сулейманава.

Што да ўступлення нацыянальных аб’яднанняў, а магчыма, і будучай Канфедэрацыі ў Федэрацыю еўрапейскіх прафесійных фатографаў, то прадстаўнік апошняй Джузэпэ Скоцці, які прысутнічаў на канферэнцыі, падкрэсліў наступнае. Гэты крок толькі вітаецца, бо Федэрацыя зацікаўлена ў прадстаўніцтве самых розных культур ды поглядаў. Варта адзначыць, што членства ў еўрапейскім аб’яднанні — платнае, таму прапанова выклікала ў фатографаў і пэўную насцярожанасць. “Усё ж такі важна пралічыць усе “за” і “супраць”, перш чым пагаджацца”, — агучыў агульную думку старшыня Нацыянальнага саюза фотамастакоў Украіны Эдуард Странадка. Таму з гэтым рашэннем нацыянальныя саюзы вырашылі не спяшацца.

Як адаб’юцца названыя перспектыўныя працэсы на дзейнасці асобнага беларускага фатографа? Ці дапаможа гэты рух беларускай фатаграфіі? Гэтыя пытанні па-ранейшаму застаюцца адкрытымі.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"