Час ад часу залы пустуюць. Чаму?

№ 13 (1087) 30.03.2013 - 06.04.2013 г

Фармальна — не забаронена, але рэальна — амаль невыканальна

Усім вядома, што наша Галерэя ўзнікла ў мікрараёне “Серабранка”. Якраз сёлета, у маі, споўніцца роўна 10 гадоў з дня яе стварэння. І хаця яна размясцілася далёка ад цэнтра горада, адкрыццё гэтага эстэтычнага “аб’екта” з удзелам “айцоў” горада ператварылася ў сапраўднае свята для ўсіх, каму неабыякавая наша сучасная выяўленчая культура. Гарадская ўлада стварыла яе за кошт бюджэту для гараджан, якія, безумоўна, адчуваюць, асабліва ў наш час, вялікую патрэбу ў духоўным пажытку, а не толькі ў новых гандлёвых цэнтрах, дамах быту, паркінгах, кафэ, казіно ды гульнявых аўтаматах.

І вось з таго часу галерэя, якая носіць імя жывога класіка беларускага мастацтва, пастаянна прапаноўвае ўвазе гледача некалькі дзясяткаў твораў Майстра ў сваіх светлых залах. Што і казаць, галерэя — жывая і цалкам сучасная, якая па меры сіл падтрымліваецца на прыстойным эстэтычным ды змястоўным узроўні. У прыватнасці, размешчаная ў дзвюх залах, яна, разам з абавязковай экспазіцыяй работ Шчамялёва, прадастаўляе выставачную прастору і іншым сучасным мастакам, іхнім індывідуальным ці групавым праектам, часта выступаючы ў ролі першаадкрывальніка будучых гучных імёнаў.

/i/content/pi/cult/420/8613/1-1.jpeg

А што да ўласна экспазіцыі твораў Шчамялёва, то глядач можа тут пабачыць і “старыя знаёмыя” палотны, і тыя, што выстаўляюцца ўпершыню, а некаторыя паказваюцца з зусім нечаканага боку, бо “шчамялёўская прастора” час ад часу абнаўляецца ды пераліваецца самымі рознымі гранямі высокага мастацтва.

І ўсё ж час ад часу залы Галерэі пустуюць. Чаму? Мяркуйце самі. Каб па-сапраўднаму адкрыцца сучаснаму гледачу, пайсці яму насустрач, уцягнуць і назаўсёды прывабіць яго да сябе, патрэбна нешта яшчэ, акрамя стандартных рэкламных крокаў накшталт анонсаў чарговых мерапрыемстваў у прэсе ці ў Інтэрнэце. Гэта “нешта” цалкам магчыма і нават, мабыць, нескладана, але часта аказваецца цяжкавыканальна ў выніку арганізацыйна-тэхнічных момантаў, якія абумоўлены асаблівасцю функцыянавання бюджэтнай установы.

Самае простае, здавалася б, — гэта прапанаваць наведвальніку, які ўсё ж дабраўся да аддаленай ад цэнтра кропкі Мінска, штосьці ўзяць з сабой на памяць, як аскепачак той скалы, на якую доўга-доўга караскаўся, каб адчуць на яе вяршыні шчасце поўнай свабоды. І хаця галерэйны фонд работ мастака прынцыпова не прадаецца, бо з’яўляецца набыткам горада, існуе мноства патэнцыйна прывабных альтэрнатыў: сувеніры па матывах жывапісу Шчамялёва (конаўкі, кубкі, талеркі, сумкі, хусткі, парасоны, нават шэзлонгі з прынтам яго твораў), альбомы, паштоўкі, календары, постары, дыскі… Ёсць ідэі і ёсць людзі, здольныя на высокім стылістычным ды тэхнічным узроўні ажыццявіць тыя ідэі. Але, на жаль, усё гэта пакуль існуе толькі ў праекце. Чаму?

А таму, што любыя затратныя ініцыятывы ў рамках бюджэтнай арганізацыі нязменна ўпіраюцца ў адно і тое ж пытанне: за кошт якіх сродкаў усё гэта можна рэалізаваць? Не сакрэт, што на культуры ў нашай краіне можна добра эканоміць. “На скарыначку хлеба” служыцелям мастацтва, канешне, даюць, але, у прынцыпе, за задавальненне працаваць у сферы культуры плаціць нармальныя грошы ў нас не прынята, таксама як і сістэматычна інвеставаць у гэтую галіну. Ну і добра, пракарміліся б самі, хапіла б і на новыя рамкі, і на сціплы касметычны рамонцік, і на аплату запрошаных на вернісаж музыкантаў, і на салодкі стол для дзетак-інвалідаў, якія штомесяц наведваюць майстар-класы ў Галерэі, і на транспарт для перавозкі работ, і, даруйце, на новы замок у дзверы… Зарабіць можна было б — вось толькі і гэта, аказваецца, нам не дазволена! Фармальна — не забаронена, але рэальна — амаль не выканальна.

І тут узнікае пытанне: як паўстаць перад гледачом не ў сіроцкім выглядзе перыферыйнай галерэйкі, дзе чысценька, але бедненька, а заблішчэць усімі квяцістымі гранямі сапраўднай гарадской галерэі? Зарабіць Галерэя, у прынцыпе, можа. Існуе некалькі спосабаў прыцягвання сродкаў. Па-першае — продаж інфармацыйнай і сувенірнай прадукцыі,
арт-аб’ектаў аж да карцін, скульптур, гравюр, керамікі, мастацкага шкла, габеленаў, дываноў, не кажучы пра кнігі ды альбомы пра нашых мастакоў. Не было дня, каб наведвальнік-глядач не спытаў, ці прадаецца ў нас штосьці. Не падлічыць мастакоў самага высокага ўзроўню, даўніх сяброў Галерэі, хто з задавальненнем гатовы скарыстаць такую магчымасць і даць нам на рэалізацыю свае творы. Зарабіўшы трошкі, мы змаглі б укласці гэтыя сродкі, напрыклад, у выраб той самай сувенірнай прадукцыі, пра якую я казала вышэй, і якую, зноў жа, прадавалі б. Аднак дазвол на продаж моцна завяз дзесьці “наверсе”, нягледзячы на шматлікія настойлівыя спробы яго дамагчыся. А бухгалтэрыя толькі падбірае такія словы, каб канчаткова нас запалохаць мноствам неабходных для ажыццяўлення продажу суправаджальных дакументаў.

/i/content/pi/cult/420/8613/1-2.jpeg

Другая крыніца — спонсарская дапамога на арганізацыю і правядзенне розных праграм ды праектаў, якія ўжо даўно дзейнічаюць на базе Галерэі, але трымаюцца пакуль выключна на бязвыплатнай працы ўдзельнікаў і на валанцёрскай ініцыятыве. Але, трэба разумець, гэта — вычарпальны рэсурс. І тут праблемы: няма механізмаў прыняцця ды асваення сродкаў, якія паступілі такім чынам; няма юрыста — ёсць толькі ўсё тое ж няўмольнае супраціўленне бухгалтэрыі.

Трэцяя крыніца — добраахвотныя ахвяраванні, што таксама маячаць прывабнай перспектывай, але зусім не зразумела, як іх аформіць дакументальна.

Далей узнікае наступная праблема. Дапусцім, сродкі на пазабюджэтны рахунак прыйшлі. Але ці зможам мы імі распараджацца? Здавалася б, зарабілі самі — маем права кантраляваць заробленае і скарыстаць на самае пільнае, надзённае, жыццёвае для галерэі. Аднак і тут, аказваецца, не ўсё проста. Дастаткова пагаварыць з галоўным бухгалтарам вышэйстаячай структуры, каб зразумець, што лёгка і хутка выкарыстаць сродкі не атрымаецца. Наўрад ці хто палічыць неабходным даваць нам, філіялу Музея гісторыі горада Мінска, рэгулярную справаздачу пра рэальны стан нашага рахунку, бо ў галаўной установы столькі супадпарадкаваных аб’ектаў, столькі іншых клопатаў. Наўрад ці хтосьці пагодзіцца ўзяць на сябе лішні клопат і аператыўна рэагаваць на нашы заяўкі па набыцці чаго-небудзь альбо аплаце нейкіх паслуг. І пачынаеш з тугой паглядваць у бок прыватнага сектара эканомікі, дзе ад рашэння да дзеяння праходзяць не месяцы, а хвіліны… Канешне, вялікі дзякуй Мінгарвыканкаму за той рамонт галерэі, які быў зроблены не так даўно. Але — гэтага мала…

Мы не скардзімся на жыццё, мы любім сваю справу і выжываем як можам, штодзень спрабуем знайсці абходныя шляхі, залазячы ў сваю ўласную кішэню, калі патрэбна, прыцягваючы людзей, якія гатовы бязвыплатна нам дапамагчы. Але… штодзень губляем наведвальнікаў. Нам патрэбна маштабная рэклама, асабліва для творчасці чалавека, імя якога носіць наша галерэя, неабходна вывесці яго жывапіс у гарадскую прастору.

Не толькі “Кока-Кола” альбо “Балтыка” патрэбны нам — але і “Воблака кветак” на гарадскіх парасонах…

Крысціна ЛЯДСКАЯ, старшы навуковы супрацоўнік Гарадской  мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва

Ад рэдакцыі

Сапраўды, нашай зямлі ёсць чым і кім ганарыцца. Праўда і тое, што імідж яе праз сродкі піяру ды менеджменту мог бы займець сапраўдны нацыянальны каларыт, калі б на тых жа парасонах над “кафэшкамі” і магазінамі, на прыпынках гарадскога транспарту, постарах на вуліцах ды шмат яшчэ дзе з’яўляліся выяўленчыя матывы нашых слынных жывапісцаў, графікаў, дызайнераў. Няўжо ж толькі чужыя лагатыпы мы павінны піярыць, заплюшчваючы вочы на грамадства і… "закрываючы" іх грамадству?..