“Надрукавана ў Вільні…”

№ 48 (814) 01.12.2007 - 07.12.2007 г

19 лістапада ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылася прэзентацыя выстаўкі “Выданні Віленскіх друкарняў XVI — першай чвэрці XX стст.”. У зале на першым паверсе былі прадстаўлены рарытэтныя кнігі з фондаў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі і Бібліятэкі Літоўскай акадэміі навук, якія падтрымліваюць даўнія навуковыя і сяброўскія сувязі.

 /i/content/pi/cult/139/861/Nadrukavana-1-48.jpg

Ганаровымі ўдзельнікамі гэтай падзеі сталі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Эдмінас Багдонас, загадчык аддзела старадаўняй перыёдыкі Бібліятэкі Літоўскай акадэміі навук Айда Грыбенэ і супрацоўнік аддзела рэдкіх кніг гэтай жа бібліятэкі Даля Бікаўскенэ.
Правядзенне сумесных з літоўскімі калегамі выставак стала для нас добрай традыцыяй, — адзначыла дырэктар ЦНБ НАН Беларусі Наталля Бярозкіна. — Гістарычная Вільня мела вялізнае значэнне для беларускіх земляў як культурны, навуковы, адукацыйны цэнтр. Прыгадаем, што гэты горад стаў таксамакалыскайбеларускай перыёдыкі...
Экспазіцыю адкрывала Евангелле напрастольнае” 1575 г., выдадзенае Пятром Мсціслаўцам у друкарні Мамонічаў, — гонар нашай навуковай бібліятэкі. З ім суседнічалі 3-ці Статут Вялікага княства Літоўскага, кнігі з друкарні езуіцкай акадэміі, з друкарні піяраў, якія дзейнічалі ў Вільні XVIII ст. Чаргаваліся выданні рэлігійныя і свецкія, на царкоўнаславянскай, лацінскай, беларускай, рускай, польскай мовах. На асобных стэндах былі прадстаўлены кнігі з Літвы, сярод іх — “Памятные книжки Виленской губернии” (1850 — 1911 гг.), “Каталог предметов музея древностей при Виленской публичной библиотеке” (1879 г.), “Исторический очерк православия, католичества и унии в Беларуси и Литве”

 /i/content/pi/cult/139/861/Nadrukavana-2-48.jpg

(1899 г.).
Тут можна было пабачыць і першыя выданні нашых класікаў — М.Багдановіча, Ядвігіна Ш., К.Буйло, а таксама беларускія календары і песеннікі.
Загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі Аляксандр Сцефановіч звярнуў увагу наведвальнікаў на тое, што многія кнігі маюць цікавыя для даследчыкаў экслібрысы і аўтографы. Так, на рэлігійным творы Антонія Чарняўскага “Стрэлы…” 1788 г. захаваўся экслібрыс князёў Радзівілаў, а на тытульным аркушы невялікай кніжкі “ Русско-польские отношения” можна прачытаць уладальніцкі запіс Максіма Гарэцкага.
Падчас адкрыцця выстаўкі дэманстраваўся відэафільм, прысвечаны Вільнюсу — гістарычнаму і сучаснаму, гучалі вершы беларускіх паэтаў.
Падзея сабрала разам многіх зацікаўленых спецыялістаў — бібліёграфаў, гісторыкаў, архівістаў, выкладчыкаў ВНУ.

Святлана ІШЧАНКА