Ганаровымі ўдзельнікамі гэтай падзеі сталі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Эдмінас Багдонас, загадчык аддзела старадаўняй перыёдыкі Бібліятэкі Літоўскай акадэміі навук Айда Грыбенэ і супрацоўнік аддзела рэдкіх кніг гэтай жа бібліятэкі Даля Бікаўскенэ.
— Правядзенне сумесных з літоўскімі калегамі выставак стала для нас добрай традыцыяй, — адзначыла дырэктар ЦНБ НАН Беларусі Наталля Бярозкіна. — Гістарычная Вільня мела вялізнае значэнне для беларускіх земляў як культурны, навуковы, адукацыйны цэнтр. Прыгадаем, што гэты горад стаў таксама “калыскай” беларускай перыёдыкі...
Экспазіцыю адкрывала “Евангелле напрастольнае” 1575 г., выдадзенае Пятром Мсціслаўцам у друкарні Мамонічаў, — гонар нашай навуковай бібліятэкі. З ім суседнічалі 3-ці Статут Вялікага княства Літоўскага, кнігі з друкарні езуіцкай акадэміі, з друкарні піяраў, якія дзейнічалі ў Вільні XVIII ст. Чаргаваліся выданні рэлігійныя і свецкія, на царкоўнаславянскай, лацінскай, беларускай, рускай, польскай мовах. На асобных стэндах былі прадстаўлены кнігі з Літвы, сярод іх — “Памятные книжки Виленской губернии” (1850 — 1911 гг.), “Каталог предметов музея древностей при Виленской публичной библиотеке” (1879 г.), “Исторический очерк православия, католичества и унии в Беларуси и Литве”
(1899 г.).
Тут можна было пабачыць і першыя выданні нашых класікаў — М.Багдановіча, Ядвігіна Ш., К.Буйло, а таксама беларускія календары і песеннікі.
Загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі Аляксандр Сцефановіч звярнуў увагу наведвальнікаў на тое, што многія кнігі маюць цікавыя для даследчыкаў экслібрысы і аўтографы. Так, на рэлігійным творы Антонія Чарняўскага “Стрэлы…” 1788 г. захаваўся экслібрыс князёў Радзівілаў, а на тытульным аркушы невялікай кніжкі “ Русско-польские отношения” можна прачытаць уладальніцкі запіс Максіма Гарэцкага.
Падчас адкрыцця выстаўкі дэманстраваўся відэафільм, прысвечаны Вільнюсу — гістарычнаму і сучаснаму, гучалі вершы беларускіх паэтаў.
Падзея сабрала разам многіх зацікаўленых спецыялістаў — бібліёграфаў, гісторыкаў, архівістаў, выкладчыкаў ВНУ.
Святлана ІШЧАНКА