Плакат — дакумент

№ 13 (1087) 30.03.2013 - 06.04.2013 г

У галерэі "Атрыум" Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі працягваецца цікавая культурна-асветніцкая выстаўка "Будзь гаспадаром!", якая ўключае амаль 50 беларускіх агітацыйных плакатаў 1970 — 80-х гадоў з фондаў НББ.

Аўтары — даўно вядомыя ў краіне мастакі С.Волкаў, А.Чуркін, У.Жук, С.Ярохін, М.Гурло, Т.Гардашнікава ды іншыя.

Мэта гэтага праекта — паказаць плакат не толькі як агітацыйны і ідэалагічны па сутнасці. Плакат з’яўляецца своеасаблівым гісторыка-мастацкім дакументам "свайго часу" — часу нараджэння і непасрэдна службы на вулічных стэндах ды ў інтэр’ерах грамадскіх і дзяржаўных устаноў. Ён па-сапраўднаму захоўвае сваю актуальнасць як удзельнік падзей. Таму кожная выстаўка плакатнага мастацтва атрымлівае грамадскі рэзананс, уваскрашаючы мінулае, служыць паказчыкам стаўлення да яго ў сённяшнія дні.

Гледачы, якія пабачаць выстаўку "Будзь гаспадаром!", не будуць расчараваныя, бо лепшыя плакаты — па-сапраўднаму таленавітыя, яркія і выразныя па форме…

Дарэчы, днямі выстаўка пастановачнага плаката адкрылася ў галерэі Беларускага саюза дызайнераў.