Сваёй шматгадовай выканальніцкай і педагагічнай дзейнасцю В.У. Шацкі працягваў і развіваў лепшыя мастацкія традыцыі, засвоеныя ў Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага ў класе народнага артыста СССР Я.Фліера. Студэнтам другога курса кансерваторыі В.У. Шацкі стаў лаўрэатам Міжнароднага конкурсу піяністаў імя Б.Сметаны ў Празе. За гады актыўнай выканальніцкай дзейнасці таленавіты піяніст выступіў у больш чым 500 канцэртах у Беларусі і за мяжой, дзе бліскуча выконваў творы з залатога фонду фартэпіяннай літаратуры. Аўтарытэтны музыкант, В.У. Шацкі запрашаўся ў журы выканальніцкіх конкурсаў розных краін свету.
50 гадоў свайго жыцця В.У. Шацкі аддаў выхаванню маладых піяністаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дзе на працягу 12 гадоў узначальваў кафедру спецыяльнага фартэпіяна. Значную ролю ў развіцці айчыннага фартэпіяннага мастацтва адыграў арганізаваны В.У. Шацкім Адкрыты фестываль фартэпіяннай музыкі і конкурс піяністаў-выканаўцаў — навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі сферы культуры, які праводзіцца з 1999 года.
Сваёй высокапрафесійнай дзейнасцю В.У. Шацкі садзейнічаў плённаму развіццю вышэйшай адукацыі і мастацтва Рэспублікі Беларусь.
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і калектыў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі смуткуюць з прычыны смерці В.У. Шацкага і выказваюць спачуванні яго родным і блізкім.