У Культурнай сталіцы

№ 13 (1087) 30.03.2013 - 06.04.2013 г

Магілёў — Культурная сталіца Беларусі і Садружнасці Незалежных Дзяржаў-2013 — працягвае здзіўляць шматграннасцю творчых мерапрыемстваў.

Шэраг іх на пачатку красавіка, як паведаміла "К" кіраўнік аддзела культуры Магілёўскага гарвыканкама Ірына Жабарава, прымеркаваны да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі.

Больш падрабязна пра святочныя імпрэзы распавяла галоўны спецыяліст гарадскога аддзела культуры Наталля Кулік. Да прыкладу, 1 красавіка ў Магілёўскай дзіцячай школе мастацтваў № 1 пройдзе вялікі сольны канцэрт двух мастацкіх калектываў з Сыктыўкара: харэаграфічнага і народнай песні.

2 красавіка, непасрэдна ў Дзень яднання нашых народаў, у Палацы культуры вобласці адбудзецца ўрачысты сход. Намеснік начальніка ідэалагічнага аддзела Магілёўскага гарвыканкама Ірына Бацішчава ўпэўнена, што ў гэты дзень і беларускія, і расійскія артысты прадэманструюць высокамастацкія ўзоры творчага яднання. Справа ў тым, што ў канцэрце з нагоды свята выступіць не толькі ансамбль "Варонежскія дзяўчаты", але і прадстаўнікі магілёўскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.