Агляд войск перад “бітвай” праводзіць “галоўнакамандуючы” Алег Сакалоў. |
А праз 195 гадоў, 25 лістапада 2007 г., беларусы, рускія, французы і прадстаўнікі іншых народаў зноў сустрэліся на месцы былых баталій, але ў мірных мэтах — каб адзначыць Дзень памяці палеглых з абодвух бакоў. На ўскрайку могілак ля вёскі Студзёнка адбылася афіцыйная цырымонія перапахавання астанкаў 223 французскіх салдат, знойдзеных 52-ім пошукавым батальёнам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
— Мы сабраліся, каб ушанаваць памяць людзей, якіх напаткаў трагічны лёс, — сказала, адкрываючы цырымонію, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Мірэй Мюсо. — Пасольства дзякуе за сяброўскі жэст у адносінах да Францыі Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь, уладам Мінскай вобласці, Барысаўскага раёна і кіраўніцтву вёскі Студзёнка… Гісторыя вынесла справядлівы прысуд фантастычным захопніцкім планам Напалеона.
Але нам хочацца, каб Беразіна стала месцам прымірэння, а Еўрапейскі кантынент — тэрыторыяй міру, свабоды, бяспекі і працвітання для ўсіх народаў.
У ганаровай варце побач з воінамі Узброеных Сіл РБ, якія дапамаглі здзейсніць перапахаванне, выстраіліся члены ваенна-гістарычных клубаў у абмундзіраванні напалеонаўскіх часоў. Мяняюцца эпохі і погляды, і праз амаль два стагоддзі, якія мінулі пасля тых крывавых падзей, мы глядзім на былых ворагаў са спачуваннем як на ахвяр захопніцкіх амбіцый іх імператара і военачальнікаў. А гадавіна грандыёзнай бітвы на Беразіне дае сёння нагоду уніфармістам разыграць яе з максімальным гістарычным падабенствам — нібыта вярнуцца на пару гадзін у 1812 год.
… Брылёўскае поле ля вёскі Весялова за некалькі кіламетраў ад Студзёнкі плаўна спускаецца да ракі. Вось тут ішло зацятае змаганне за пераправу. Над полем з тужлівымі крыкамі робіць некалькі кругоў крумкач і знікае. Не будзе тут сёння яму спажывы.
Рыссю — марш! |
Перад пачаткам “бітвы” адбываецца пахаванне праху невядомага рускага салдата, які загінуў на Беразіне. Сродкі на крыж і пліту над магілай сабраны ваенна-гістарычнымі клубамі. Ва ўшанаванні памяці безыменнага героя бяруць удзел саветнік Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Сяргей Бярэзны, старшыня Барысаўскага райвыканкама Васіль Білюк, прадстаўнікі дыпламатычных місій, духоўныя асобы.
І вось шыхтуюцца да бою войскі. У гэты дзень на Беразіне сабраліся энтузіясты уніфармісцкага руху з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Францыі. У сёдлах гарцуюць перад публікай храбрыя казакі.
— Адкуль вы прыехалі? — цікаўлюся.
— З Варонежа, — адказвае адзін з іх. — Нашы продкі — кубанскія казакі — сапраўды біліся з Напалеонам.
Побач аддае каманды сваім кавалерыстам капітан жандарскага паўэскадрона Віктар Балотнікаў, таксама расіянін. Ён “ветэран” уніфармісцкага руху: яшчэ ў 1988 г. удзельнічаў у паходзе па месцах баёў з Напалеонам ад Масквы да Беразіны.
Тут можна атрымаць уяўленне бадай што пра ўсе тагачасныя роды войск.
Баявыя пазіцыі займаюць кірасірскі полк, беларускія гусары, Мінскі пяхотны полк, 41-ы маскоўскі егерскі полк — трапныя стралкі, чыёй першараднай задачай было цэліць у варожых камандзіраў і сцяганосцаў. Рэканструкцыя абмундзіравання выканана з дакладнасцю да спражкі на салдацкім ранцы, да ружэйнага курка. Сярод войска мільгаюць маркітанткі з кошыкамі, доктарка ў плашчы-”крылатцы”. Калі б не шматлікая цывільная публіка, якая з азартам назірае за гэтым відовішчам, ілюзія 1812 года была б поўнай.
Аглушальныя залпы далі гарматы 50-й артылерыйскай роты з Барысава: здрыгануліся паветра і зямля, ахнулі гледачы. Але замест смяротных ядраў спрацавала піратэхніка. Пасля першага артабстрэлу “загаварылі” здалёк стрэльбы пехацінцаў. Аднак менавіта конніца і артылерыя сталі галоўнымі ўдзельнікамі “бітвы”. Раз-пораз на прыгожым рудым скакуне праносіўся па полі, аддаючы загады, “галоўнакамандуючы” ў трохкутніцы — прэзідэнт Агульнарасійскага ваенна-гістарычнага грамадскага руху Алег Сакалоў.
Гарматны разлік у парахавым дыме. |
Грымелі выбухі і стрэлы, як на сапраўднай вайне, але баявы конь, паслухмяны цвёрдай руцэ гаспадара, ні разу не спудзіўся, не збіўся з напрамку.
Папераменна кідаліся ў атаку “рускія” і “французы”, дэманструючы конныя шабельныя сутычкі, спробу захопу гармат, узяцце палонных. Паводле слоў каментатара бітвы, ля Беразіны “смеласць прытупілася аб мужнасць, а мужнасць разбілася аб смеласць”.
Варта адзначыць, што пастановачныя бітвы — гэта заўсёды“экстрым”, і ад “ваяроў” патрабуюцца сапраўдная вайсковая дысцыпліна, зладжанасць, нежартоўная фізічная падрыхтоўка і спрыт.
Здараліся, як у сапраўдным баі, і падзенні вершнікаў з коней, але ўсё скончылася добра, і ўрэшце была абвешчана “нічыя” — перамагло баявое сяброўства.
Нядаўнія “праціўнікі” братаюцца і разам рушаць на развітальны парад. Відавочцы баталіі спяшаюцца сфатаграфавацца на памяць з бравымі салдацікамі і іх камандзірамі. Пачынае падаць снег, пакрываючы здратаванае ботамі і капытамі Брылёўскае поле.
… Можа, прагрэс чалавечай свядомасці прывядзе калі-небудзь да таго, што знікнуць за непатрэбнасцю баявыя патроны і снарады, танкі і ракеты, ядзерная, хімічная і іншая зброя, а мужчыны планеты Зямля будуць збірацца разам, каб пагуляць у войны розных эпох і народаў?..
Святлана ІШЧАНКА
Мінск — Беразіна — Мінск
Фота аўтара