Канкурэнтны прадукт у асартыменце… абрадаў

№ 12 (1086) 23.03.2013 - 30.03.2013 г

Трансгранічны “прарыў” Капыльскага раённага музея

“К” ужо неаднойчы пісала аб праектах трансгранічнага супрацоўніцтва. Падобных з’яў у сферы культуры рэгіёнаў, на жаль, не так ужо і шмат. Таму кожны крэатыўны прыклад варты разгляду з усіх бакоў, у першую чаргу — натуральна, дзеля пераймання вопыту калегамі з іншых рэгіёнаў. У сённяшняй публікацыі сваім вопытам у сферы праектнай дзейнасці падзялілася дырэктар Капыльскага раённага краязнаўчага музея Валянціна ШУРАКОВА.

Турызм “зелянее”

— Праектная дзейнасць, на мой погляд, дапамагае прыцягнуць значную ўвагу да культурных і прыродных адметнасцей нашага рэгіёна. Таму мы пастаянна ладзім разнастайныя акцыі па наладжванні партнёрства з міжнароднымі арганізацыямі. Напрыклад, адзін з нашых праектаў па стварэнні зялёнага маршруту «Міжрэчча Мажы і Морачы» быў рэалізаваны пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза ў рамках сумеснага праекта ЕС/ПРААН “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні". У выніку ў цэнтры Семежава былі ўстаноўлены інфармацыйныя шчыты і ўказальнікі, выдадзены памяткі і брашуры з тэкставым ды ілюстрацыйным апісаннем зялёнага маршруту...

Як я лічу, зялёныя маршруты — гэта новая для Беларусі канцэпцыя развіцця турызму. І колькасць іх павялічваецца, вобразна кажучы, ён “зелянее” вельмі хутка. Турысты, натуральна, хочуць пад час падарожжаў мець магчымасць праехаць на веласіпедзе ці кані, праплысці на байдарцы ці проста прагуляцца па “некранутай прыродзе”, наведаць музеі, пабачыць помнікі архітэктуры, пабываць на фестывалях… Пры гэтым, адзначу яшчэ адзін цікавы момант, яны жадаюць самі рабіць нейкія адкрыцці, рухаючыся ад аб’екта да аб’екта, ад указальніка да ўказальніка, прагнуць інтэрактыўнасці...

Яшчэ адзін наш праект — зусім з іншай сферы. Ён займеў назву “Унёсак у сусветную культуру ўраджэнцаў Капыльшчыны, якія эмігравалі ў пачатку ХХ стагоддзя”. Гэта своеасаблівы праект-даследаванне, пошук імёнаў землякоў-эмігрантаў, чыё жыццё ці праца былі звязаны з Беларуссю, у прыватнасці, з Капыльшчынай. Рэалізацыя нашай задумкі была здзейснена пры дапамозе партнёраў — прадстаўніцтва нямецкага таварыства. Пад час працы над праектам было адкрыта сем імёнаў землякоў-эмігрантаў. Мы змаглі захаваць тыя артэфакты (друкаваныя выданні, фотаздымкі, дакументы), што засталіся з пачатку ХХ стагоддзя, і выкарыстоўваем іх у вывучэнні культурнай спадчыны нашага рэгіёна. З перасоўнай выстаўкай, якая разлічана на дарослую аўдыторыю, музейшчыкі змаглі наведаць кожны куток Капыльскага раёна. Вынікам рэалізацыі праекта сталася выданне брашуры «Навекі постаць сваю захаваўшыя...», набыццё планшэтаў-трансформераў для перасоўнай экспазіцыйнай дзейнасці, стварэнне фотавыстаўкі герояў праекта…

Хто хоча ў Беларусь?

— Яшчэ адзін праект быў рэалізаваны летась. Гэта адукацыйная міні-акцыя ў рамках праграмы «TOLLAS — да актыўнага грамадства ў любым узросце”, праведзеная сумесна з той самай нямецкай арганізацыяй. Праект разлічаны на людзей сталага веку, на тых, хто шукае магчымасці быць актыўным членам свайго грамадства, жадае атрымаць новыя веды і навыкі... Так сталыя людзі былі прыцягнуты да вывучэння народных традыцый і звычаяў нашых продкаў, у прыватнасці — вясельных абрадаў, іх адраджэння і захавання. У ходзе рэалізацыі міні-праекта была выпушчана брашура «Апякун шчасця» і зняты відэафільм «Каляндарныя і сямейна-побытавыя абрады».

Пад час азнаямленчага візіту ў Германію (які, дарэчы, таксама адбыўся за сродкі спонсараў) мы прэзентавалі дадзены праект жыхарам некалькіх нямецкіх гарадоў. Яны былі здзіўлены тым, што ў нас захаваліся традыцыі вясельных абрадаў, выказвалі захапленне, казалі пра неабходнасць наведвання Беларусі, каб на свае вочы ўбачыць усё тое, што мы ім паказвалі.

Да таго ж, высветлілася, што сёння ў Германіі ладзіцца вельмі мала вяселляў, а адносіны паміж людзьмі не афармляюцца ні з дапамогай царквы, ні праз дзяржаўныя органы. Прадстаўленае намі народнае традыцыйнае вяселле пры самым чынным удзеле людзей сталага веку, а таксама з сувенірнай рукачыннай прадукцыяй, для немцаў аказалася фантастыкай. Яны казалі, маўляў, беларуская прэзентацыя — гэта своеасаблівая падказка для іх, для каардынатараў руху за актыўную сацыяльную ролю пажылых людзей у паўсядзённым жыцці Германіі, каб развіваць падобныя праекты ўжо на тамтэйшай глебе…

Калі бабуля — валанцёр

— Але і мы вучыліся. Бо паездка сталася яшчэ і адкрыццём новых форм работы з пажылымі людзьмі. Натуральна, старэйшае пакаленне не забыта намі, але ладзіць шматлікія мерапрыемствы з удзелам гэтай катэгорыі насельніцтва варта часцей. Сустрэчы з нашымі аднадумцамі ў Германіі (з гарадоў Берліна і Швэрына, а таксама з земляў Брандэнбург і Макленбург) пераканалі нас у гэтым. Чаму б, напрыклад, не зладзіць адукацыйныя курсы для асоб сталага веку ў сваёй установе: краязнаўчыя, гісторыка-пазнаваўчыя, заняткі па спасціжэнні традыцыйных народных рамёстваў і гэтак далей? Тое, што такія паслугі карысталіся б попытам, а сталыя людзі змаглі такім чынам знайсці сабе аднадумцаў і сяброў — несумненна.

Прывяду толькі некалькі згадак з замежнага вопыту, карыснага ў Беларусі. Вельмі ўразіў, да прыкладу, нямецкі праект “Бабуля і дзядуля па жаданні”. Сутнасць акцыі ў наступным: маладая сям’я выбірае для свайго дзіцяці бабулю ці дзядулю на дзённы час сутак з членаў адпаведнага таварыства (гэта так званае Бюро сеньёраў Дома сувязі паміж пакаленнямі). Усе гэтыя бабулі і дзядулі — валанцёры і прапануюць свае паслугі бясплатна. З дзіцем яны ходзяць у музеі, кіно, заапарк, займаюцца спортам, чытаюць кнігі... Чаму б нашым культработнікам не арганізаваць нешта падобнае ў сваёй установе?

Яшчэ адзін праект называўся “Чытаем казкі”. Уявіце такога сімпатычнага дзядулю-валанцёра, падобнага нечым на замежнага Санта Клаўса, сярод дзяцей. Да прыкладу, на музейным уроку па творчасці пісьменніка-земляка: дзеці — ля ног дзядулі, хтосьці сядзіць у яго на каленях, хтосьці абняў за шыю — і ўсе яны разам слухаюць казку, якая чытаецца з інтанацыяй, з выкарыстаннем гульнёвых момантаў… Такім чынам адцягваецца ўвага дзяцей ад камп’ютара ці тэлевізара, ім вяртаецца жаданне чытаць і вучыцца нечаму новаму… Натуральна, пры наяўнасці падобных мерапрыемстваў дзеці з большай ахвотай будуць наведваць музей ці бібліятэку...

І яшчэ. Вельмі спадабалася, што сталы чалавек у Германіі — гэта актыўны ўдзельнік грамадскага жыцця. І хаця валанцёрства — гэта твой вольны час, але калі ты маеш задавальненне ад сваёй дзейнасці — значыць, ты атрымліваеш нашмат больш! Мы пабачылі, да прыкладу, як праходзіць акцыя «Чароўная ёлка» у доме для дзяцей-сірот. Дзеці задоўга да Новага года пішуць запіскі з пажаданнямі і мацуюць іх на ёлцы. А супрацоўнікі Дома вольнага часу ўсе гэтыя пажаданні выконваюць. Вось так і ажыццяўляецца ўзаемадзеянне некалькіх пакаленняў...

На перспектыву

— Паездка, стасункі з замежнымі калегамі далі нам вельмі шмат. Напрыклад, цяпер ладзім новы праект “Жывыя адносіны”, “падгледжаны” ў немцаў. Гэта калі разам у экскурсію па горадзе, раёне, краіне выпраўляюцца і маладыя, і сталыя людзі. Пад час паездкі яны знаёмяцца, завязваюць сяброўскія адносіны, карысныя для ўсіх, у іх узнікаюць сумесныя задумы новых паездак і падарожжаў... Зусім нядаўна ў нас адбылося мерапрыемства пад назвай “Дзень памяці”. Ветэраны вайны разам з навучэнцамі адной са школ Капыля наведалі мясціны, дзе адбываліся ваенныя дзеянні, і ўсклалі кветкі да помнікаў, якія распавядаюць аб трагедыі спаленых вёсак. Відавочцы падзей пад час паездкі дзяліліся сваімі ўспамінамі аб перажытым. Трэба было бачыць твары школьнікаў у гэты момант!.. Таму вырашана падобную дзейнасць працягваць…

Сёння аддзел культуры Капыльскага райвыканкама працуе над рэалізацыяй праекта «Жывая гісторыя майго рэгіёна» (пры падтрымцы міжнародных арганізацый). Праект будзе рэалізаваны таксама на тэрыторыі вёскі Семежава. Але гэта ўжо тэма для іншага артыкула, таму пра падрабязнасці пакуль распавядаць не буду…

Аўдыторыя — сям’я

— Сёння самай жаданай аўдыторыяй музея, на мой погляд, з’яўляецца сям’я: такія наведвальнікі прыходзяць надоўга, дзеці з бацькамі значна больш настроены на ўспрыманне, чым у кампаніі аднагодкаў, дзе ім неабходна, так бы мовіць, “паказаць” сябе. І тут вельмі многае залежыць ад самога музея: як зрабіць установу цікавай для наведання не толькі адзін раз у жыцці, а ператварыць музей у прывабнае месца, куды хочацца вяртацца зноў і зноў. Відавочна, што для гэтага ён павінен змяняцца сам, расці, прычым неабавязкова экстэнсіўна (асвойваючы новыя плошчы), але і інтэнсіўна — распрацоўваючы ды рэалізуючы новыя метады працы з мэтавымі аўдыторыямі, удзельнічаючы ў розных адукацыйна-выхаваўчых праграмах, у тым ліку — і міжнародных.

Да таго ж, міжнародная праектная дзейнасць для музейшчыкаў яшчэ і эканамічна выгадная, бо вынікі падобных акцый — навідавоку: шматлікія публікацыі ў СМІ, выпуск брашур, стварэнне інфармацыйных стэндаў, набыццё перасовачнай выставачнай мэблі, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ды многае іншае. А для таго, каб выйсці на міжнародны ўзровень, каб стварыць цікавы ды адметны праект, трэба мець моцнае жаданне, каманду аднадумцаў ды выразную мэту сваёй дзейнасці. Нам гэта ўдалося зрабіць, і спыняцца на дасягнутым мы не збіраемся. Спрабуйце, калегі, і ў вас усё абавязкова атрымаецца!..

Занатаваў Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ