"Дабрасейная чудасія"

№ 12 (1086) 23.03.2013 - 30.03.2013 г

Любаншчына: выхаванне ад Мельпамены

Аматарскі тэатр — на трох сцэнах

Вось ужо цягам больш як дваццаці гадоў Мельпамена збірае на Любаншчыне юных аматараў тэатральнага мастацтва.

Кожны фэст праходзіць пад пэўным дэвізам. Аднак тэматыка пры гэтым — самая розная. Дзявяты па ліку фестываль пройдзе 28 — 30 сакавіка пад зоркай Максіма Гарэцкага, 120-годдзе з дня нараджэння якога мы адзначаем сёлета. І пазначана тэатральнае свята як “дабрасейная чудасія” — менавіта так пісьменнік пазначыў кірунак сваёй творчасці.

У артыкуле “Наш тэатр”, напісаным роўна сто гадоў таму, М.Гарэцкі зазначаў: “Тэатр наш павінен стаць Храмам Нашага Адраджэння… Тэатр гадуе маладых байцоў за праўду і дае грамадзянскую моц людзям у пары <…>, бо вядома ўсім, якое вялікае значэнне мае тэатр у жыцці і што чалавеку, апроч паўміскі юшкі патрэбна і страва для душы”. Вось гэтай справай мы і імкнёмся займацца.

/i/content/pi/cult/419/8595/1-3.jpeg

Гэтым разам фестываль адкрыецца пастаноўкай твора пісьменніка надзвычай трагічнага лёсу, аднаго з пачынальнікаў беларускай дзіцячай драматургіі Алеся Гаруна. Цяжка хворы, прыкаваны да ложка, ён ствараў жыццесцвярджальныя “Жывыя казкі для дзіцячага тэатра”. Наш калектыў “Летуценнікі” разам з героямі творчасці Гаруна спрабуе разабрацца, якія рысы характару трэба выпрацоўваць з дзяцінства. Таму і названы спектакль па адным з вершаў Алеся Гаруна — “Чаму з маленства, з ураджэнства…”. А адна з галоўных якасцей — любоў да роднага, кроўнага…

Пераемнасць традыцый, шырокае выкарыстанне твораў беларускіх аўтараў — характэрная асаблівасць фестывалю. Гэтым разам у афішы — “Чортаў скарб” Уладзіміра Караткевіча ў выкананні юных акцёраў з Ратамкі. І — “Прыгоды трох парсючкоў” на беларускі лад з песнямі, танцамі, гарэзлівымі выкрунтасамі, напісаныя вядомай беларускай паэткай Нінай Мацяш, у выкананні лялечнага тэатра “Сюрпрыз” з Беразіна… Свае спектаклі пакажуць “Батлейка” з вёскі Дзераўное, што на Стаўбцоўшчыне, узорны тэатр “Ялінка” з вёскі Нарач Вілейскага раёна…

Сябрамі фестывалю сталі юныя акцёры з Расіі, Польшчы, Літвы, а таксама — тэатральныя калектывы з усіх куточкаў Беларусі. Гэтым разам мы далучаем да фестывальнага кола цікавы і самабытны тэатр “Гарэзы” з Харкава. На падмосткі выйдуць таксама маладзёжны тэатр “Гарадзенская Надзея” і лялечны тэатр “Цудадзеі” з Жыткавіч, ажно 17 творчых калектываў з Мінска, Дзяржынска, Барысава, Маладзечна, Нясвіжа, Слуцка, Салігорска… Будуць задзейнічаны тры фестывальныя сцэны: Сароцкага СДК, Любанскага РЦК і Любанскай ДШМ.

Фестываль “Чароўны куфэрак” — гэта адпачынак, вучоба, эстэтычнае задавальненне, сродак узаемаадносін, самасцвярджэнне і, безумоўна, выхаванне. Ён не носіць ярка выражанага конкурснага характару — гэта фестываль-свята, фестываль-узаемаадносіны, фестываль-творчасць. І нават прафесійнае журы, якое ўзначаліць заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, дэкан тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесар Уладзімір Мішчанчук, — гэта не проста журы, а “мудрыя дарадцы” для дзяцей…

Васіль КАТКАВЕЦ, начальнік аддзела культуры Любанскага райвыканкама, дырэктар фестывалю “Чароўны куфэрак”

На здымку: сцэна са спектакля дзіцячага тэатра "Летуценнікі".