“Не хвалюйцеся! Кватэра ўжо чакае…”

№ 48 (814) 01.12.2007 - 07.12.2007 г

У Ганцавіцкім раёне пад Новы год — наваселлі, вяселлі, мноства шчырасці і цеплыні.

Спрэс уваходзіны ды ўлазіны

Пяціпакаёвая кватэра на аднаго? Гэтага не можа быць! — не паверыла я спачатку. Аказваецца, можа!
Артур Смаглюк таксама не мог і падумаць, што такое бывае! Ехаў на працу ў сяло Куковічы, у СВК “Дубнянка”, думаў, як уладкоўваць сваё жыццё, як распачаць абавязкі мастацкага кіраўніка ў мясцовым сельскім Доме культуры, а яму з ганка і кажуць: “Не хвалюйцеся! Вы малады спецыяліст. Кватэра ўжо чакае. Возьмеце пяціпакаёўку? Іншай, на жаль, няма…”.
 /i/content/pi/cult/139/859/Kult-1-48.jpg

Старшыня Ганцавіцкага райвыканкама

Уладзімір Столяр.
Сяргей літаральна звар’яцеў ад шчасця. Мала каму так шанцуе пад Новы год. Адзін — у палацы! Хоць усё сяло кліч на ўваходзіны. Сваёй гаспадаркі пакуль што няма. Але мама абавязкова засмажыць пад Каляды парася, прывязе свае прысмакі з Гомельскай вобласці.
Натуральна, патрэбны ў пяціпакаёўцы рамонт, патрэбна хоць нейкая мэбля. Але пачатак жыцця на новым месцы ўжо ёсць.
Сяло Куковічы — прыгожае. І клуб неблагі. Ёсць дзе разгарнуцца і паказаць, на што здольны. Артур пазнаёміўся ўжо з мясцовай моладдзю.
Першае ягонае выпрабаванне ў якасці мастацкага кіраўніка — падрыхтоўка навагодніх урачыстасцей вакол ёлкі. Пойдзе ў лес і па сваю, хатнюю. І хоць пакуль няма ў Артура сям’і, але адзінокім яго ніяк не назавеш. Яго чакалі, пра яго клапаціліся. Так што хлопцу пашанцавала з першага працоўнага дня…
Гэта вельмі важна: падтрымаць на першых часінах маладога спецыяліста. У Ганцавіцкім раёне гэта традыцыя. Праўда, пяціпакаёўкі атрымліваюць не ўсе. Начальнік аддзела культуры Ганцавіцкага райвыканкама Ірына Марцінкевіч распавяла, што сёлета 8 маладых спецыялістаў прыехалі ў раён і ўсіх уладкавалі няблага.
Двум хлопцам дасталіся аднапакаёўкі, а дзве дзяўчыны, выпускніцы Баранавіцкага музвучылішча, цымбалістка і дамбрыстка, пагадзіліся на аднапакаёвую на дзвюх. І ў сямейнай пары з Пінска — таксама наваселле.
Безумоўна, у Ганцавіцкім раёне, як і паўсюль, нямала праблем з жыллём. Але тут знаходзяць выйсце, каб падтрымаць маладых на пачатку самастойнага жыцця.— Прыехалі ў Ганцавіцкі раён — дык заставайцеся тут назаўжды! — разважае старшыня мясцовага райвыканкама Уладзімір Столяр. — Толькі працуйце ад душы і здолейце палюбіць наш Палескі край. Дзеля гэтага нічога не пашкадуем.
— І пяціпакаёўкі?
— Даўно час надышоў і музыкантаў прыраўняць да механізатараў. Я пра гэта шмат
 /i/content/pi/cult/139/859/Kult-2-48.jpg
Артур Смаглюк, уладальнік пяціпакаёўкі
ў вёсцы Куковічы.
думаў. Мастацтва і праца — рэчы непадзельныя. І, напэўна, асабліва заўважна гэта на нашай Палескай зямлі. Палешукі — асаблівы народ. Вы нідзе больш не ўбачыце, каб пастух гнаў кароў у белай вышытай кашулі і пры гэтым граў яшчэ і на дудцы.
А ў нас гэта прынята спакон веку!
— Ёсць нават дудкі такія, з невялічкай пугай на канцы!
— І вы ўбачыце іх у Доме творчасці…
Уладзімір Міхайлавіч — падзвіжнік. Аднойчы прыйшоў у Дом культуры на дыскатэку. Зрабілі тут еўрарамонт, уклалі вялікія сродкі, набылі апаратуру, не горшую, чым у Брэсце, а такіх тэатральных крэслаў увогуле няма ва ўсёй вобласці. Іх У.Столяр нагледзеў і прывёз аж з Мінска. Таму і на дыскатэку накіраваўся, бо цікава было, як успрынялі маладыя клопат пра іх.
— Пабыў з моладдзю вечар і сам стаў маладзейшым, — прызнаўся Уладзімір Міхайлавіч. — Карацей, яны мне спадабаліся, я — ім. Адна справа, калі ў клубах холадна ды сыра, і зусім іншая, калі рамонт зроблены самы сучасны, калі дзверы і шклопакеты зберагаюць цяпло, калі эстэтычнае аздабленне выхоўвае густ наведвальнікаў. Натуральна, лепей зрабіць адзін капітальны рамонт, чым штогод латаць бясконцыя дзіркі.
Уладзімір Міхайлавіч працягвае развіваць тэму мясцовага ноў-хаў:
— Я ўшчыльную заняты цяпер нашым ганцавіцкім праектам па энергазберажэнні. Гэта цэлая праграма. Калі рамонт — дык з абавязковай устаноўкай шклопакетаў, бо да 20 працэнтаў цяпла сыходзіць праз кепскую сталярку. Мяняем трубы. Упор робім на дэцэнтралізацыю цепласістэм. Пры кожнай установе — свая невялічкая кацельня. Холадна на дварэ — прапалілі паболей. У выхадныя, натуральна, цяпла менш трэба.

Талакой жыць прасцей
— У нас 6 калектываў носяць званне “народны”, — паведамляе дырэктар Ганцавіцкага ДК Ірына Гурская, якая заўжды ў клопатах. Адзін з іх — “гадаваць” мясцовых артыстаў ды сустракаць іх з перамогамі з розных краёў рэспублікі. Напрыклад, Іван Бондар і Іван Галушка прывезлі два прызы з конкурсу аўтарскай і бардаўскай песні ў Камянцы. Натуральна, гэтыя нумары трэба ўключыць у навагодні канцэрт. А салістка Радміла Бондар, толькі што паведамілі, прайшла ў заключны тур “Майстар-Шоу”...
У ДК — 18 творчых калектываў. Усе яны вельмі розныя. Іх цяжка заспець у Доме культуры адначасова. Гастралююць, бяруць удзел у самых розных фестывалях.
Клуб нацыянальных культур “Карагод” стаў лаўрэатам фестывалю нацыянальных культур у Гродне. Ганцавіцкая дыскатэка сёлета прызнана адной з лепшых па вобласці. Адзначыліся раённыя творцы і на фестывалі “Грай, гармонік!” у Пінску — прывезлі грамату.
У ДК працуюць і з падлеткамі, і з людзьмі сталага веку. Правялі “круглы стол” па прафілактыцы СНІДу. Таксама важна! Дый хто сказаў, што “круглы стол” — непрыдатная для Дома культуры форма работы?
Самая цікавая, бадай, падзея — “Місіс года”. Тут імкнуцца прывесці ў клуб маладыя сямейныя пары. Звычайна яны менш за ўсіх жадаюць да нас наведвацца — дамаседы. Але самыя заўзятыя аматары хатняй утульнасці бяруць удзел у клубных конкурсах. Апошні раз пераможцай выйшла Юлія Забароўская, настаўніца — гэта быў конкурс сярод шматдзетных маці. Апрача творчасці, развіцця талентаў, людзі жадаюць заняць дзяцей і свой вольны час вясёлымі зносінамі. Гэта гульня ў шашкі, напрыклад. Прыходзь, гуляй, шукай аднадумцаў. Культасветработнікі ДК рады кожнаму. Ёсць тут нават конкурс для жанчын бальзакаўскага ўзросту “Міс-таўстушка”. Маладзіцы хочуць паказаць сябе, імкнуцца стаць нават... супер-лэдзі. Сапраўды, усім цікава, як вы выглядаеце, што новага пашылі для навагодніх святкаванняў, якія рэцэпты для іх адшукалі...
— Інакш кажучы, усе жанчыны ў вас — чараўніцы?
— Безумоўна!
— А ці ёсць у Доме культуры “сур’ёзны” клуб?
— Вось гэты досвед, я думаю, карысны будзе і для іншых. У нас у Ганцавічах пастаянна працуе “круглы стол” сацыяльных праблем маладых спецыялістаў. Тут ідуць размовы пра тое, як сябе рэалізаваць, як дапамагчы адзін аднаму стаць на ногі, як самавыявіцца не толькі па спецыяльнасці, але і ў асобасным плане... Нядаўна прыехалі да нас мастацкі кіраўнік Сяргей Матузко і духавік Ігар Макавецкі, але яны ўжо вылучаюцца сярод моладзі актыўнасцю. Маладыя, сябры, вакол іх заўжды талака — вось што цудоўна. На такіх у нас заўжды вялікія спадзяванні.
— Людзі жадаюць дапамагаць адзін аднаму?
— Менавіта таму і з’явіўся клуб“Равеснік” — суполка інтэлектуалаў. Гуляюць у “Што? Дзе? Калі?”. Ездзяць на спаборніцтвы, якія яны таксама называюць гастролямі. Гэта наша эліта!
Ірына Аркадзьеўна па нацыянальнасці чувашка. Знайшла ў Ганцавічах прадстаўнікоў аж 11-ці народаў. Атрымаўся “Карагод” з 30-ці чалавек. Старэйшаму — 75, а малодшаму — 7 гадоў. Вось такое суквецце розных нацыянальных традыцый, якія ўзбагачаюць нашу беларускую культуру. У клубе ёсць нават башкірка, якая піша вершы на роднай мове! Але ўдзельнікі “Карагода” перакананы, што ў першую чаргу вывучаць трэба беларускую мову.
— Муж у мяне беларус, і сярэдняга сына мы назвалі Алесем, — прызналася Ірына Аркадзьеўна.
Мы прайшліся з ёю па Доме культуры, пасядзелі ў новых шыкоўных тэатральных крэслах, пабылі на рэпетыцыях калектываў.

Дудачка з пугай
Ля Дома творчасці расце маленькая елачка, якую заўжды ўпрыгожваюць пад Новы год, а ў самім Доме...Стары самавар, гармонік, баян, патэфон і стол пасярод пакоя, у якім усё зроблена ўласнымі рукамі. Тут можна пасядзець вялікай гурмой і заняцца любімай справай, нават навучыцца іграць на дудачцы з пугай.
Дудачкі з дзяцінства майстраваў Антон Мелехавец, старэйшына гэтай вёскі, які прайшоў дзве вайны. Сам іграў на дудачках, сам іх і рабіў.
Вёска музычных майстроў. Жыў тут чалавек, які сам рабіў гармонікі, жыў і майстар па скрыпцы... Дудачкі з пугай і рознакаляровыя гармонікі зберагліся, а скрыпкі няма.
Цяпер у Доме творчасці “гаспадарнічаюць” дзеці. Распавядаюць пра мясцовых майстроў, спрабуюць самі стаць майстрамі. Гурткі саломкапляцення, ткацтва і закройшчыц працуюць дапазна. Робяць тут і навагоднія цацкі. Імі ўпрыгожаць елачку ля Дома творчасці.
— Елачка была зусім маленькай. А цяпер падрасла, засумавала ўжо без пацерак і сняжынак. Трэба шмат цацак, мы цяпер іх і робім, — распавядала Валянціна Васільеўна Занько, дырэктар Дома творчасці.
Ёсць гурток мастацкага чытання і гурток “Дзіцячыя забавы” — рыхтуюць сваю ганцавіцкую каляду. Яна, дарэчы, праходзіць не на Ражджаство, а на Шчадрэц. Старыя вяскоўцы пааддавалі сюды свае расшытыя строі. Нібы хацелі нагадаць: не саромцеся, насіце, вышывайце самі...
 /i/content/pi/cult/139/859/Kult-3-48.jpg

Ткачыха Ніна Казак.

Ад Дома творчасці недалёка і да Раённага дома рамёстваў.
— Вышытыя ручнікі, кашулі, тканыя спадніцы не толькі ў музейных куфрах захоўваюцца, — паведамляе дырэктар Дома рамёстваў Марыя Муха. — У мяне дома захоўваюцца яшчэ бабуліны, нават прабабуліны вышыўкі. Яны вышывалі лепш за мяне! І штодня свае вышыўкі насілі.
— Няўжо і моладзь цяпер носіць?
— Носіць! Тканыя ручнікі вышываем і прадаём на вяселлі. З аднаго боку — чыстая эканоміка, платная паслуга. З другога — творчасць, якая захаваецца ў кожнай новай сям’і... Вось паглядзіце на гэтую белую сукенку з зялёным арнаментам. Насіла яе і вышывала сама... А на ручніках — арнаменты розных гадоў з розных вёсак. Фрагменты з іх выкарыстоўваюцца цяпер у сучасным адзенні. Многага вартае такое народнае асучасніванне нашага цяперашняга адзення з базараў.
Ткачыха Ніна Казак — цудоўны майстра. У яе доме, ад ганку да вокнаў, — усё ў вышыўках. Дзве дачкі Наташа і Аня таксама ткуць і вышываюць. Нават 2-гадовая ўнучка Аляксандра цягнецца ўжо да іголкі з ніткай. Сапраўдны ткацкі дзявочнік.
— Апранаем расшытыя строі ў царкву, на фальклорныя святы, на сямейныя ўрачыстасці, — расказвае Ніна Мікалаеўна. — Каму ж, як не маім дочкам і ўнучкам, майстэрства працягваць?
А каб захавалася ўсё, укаранілася, ёсць у мясцовых вёсках незвычайны звычай. Пасля Пакроваў абносяць кожны дом Багачэўскай свечкай, якая стаіць у кадобчыку з зернем.Зерне мяняюць штогод. І свечка абнаўляе кожны дом. А над свечкай пад расшытымі крыжыкам ручнікамі — ікона Божай Маці Адзігітрыі Смаленскай Спадарожніцы.
Вось вышывае новы ручнік Вольга Паніна. Тэхніка даецца ёй проста.
 /i/content/pi/cult/139/859/Kult-4-48.jpg
Белая сукенка дырэктара Раённага дома рамёстваў Марыі Муха.

— Вышыўка старадаўняя. Тыдзень трэба вышываць такі ручнік. Майстэрства перадалі ў спадчыну мама Надзея Іванаўна і бацька Уладзімір Данілавіч. Яны ўдваіх вышывалі. У мяне сынок Ілля таксама вышывае. Традыцыя!
Зусім нядаўна прыйшоў у Дом рамёстваў малады спецыяліст Міхаіл Санько. І крыху здзівіў ткачых і вышывальшчыц. Тутэйшы хлопец з Макарэвічаў заняўся жывапісам па тканіне, роспісам па дрэве. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, прыехаў у Макарэвічы да мамы.
Ажэніцца — яшчэ адзін прэтэндэнт на прэзідэнцкі дамок. А пакуль распісвае куфэркі, у якіх захоўваюцца ручнікі мясцовых майстрых з Хатынічаў, Радзялавічаў, Баркоў, Лёсіна, Малькавічаў, Чудзіна, Будчы...Чалавек 50 у раёне ткуць і вышываюць для Дома рамёстваў. А ўвогуле вышываюць і ткуць ледзь не ў кожным доме Ганцаўшчыны. І не складаюць свае вышыўкі ў куфэркі.

Навагодняя “Усмешка”

Маша Распуціна і Філіп Кіркораў спяваюць на сцэне дуэтам. Зала ў захапленні. Гэта тэатр “Усмешка” дае пераднавагодні канцэрт пад фанаграму зорак. На сцэне — лялькі, якія змайстравалі самі дзеці. Алена Макатрэвіч — і рэжысёр, і дырэктар тэатра-шоу. Тут ставяць казкі, рыхтуюць канцэрты. Дэкарацыі і лялькі малююць і робяць у сваёй майстэрні.
 /i/content/pi/cult/139/859/Kult-6-48.jpg

У беларускай хатцы.

Калі няма спектакля, дзейнічае літаратурна-казачная гасцёўня.
Бібліятэка атрымала спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “У галіне бібліятэчнай справы”. Але, безумоўна, не толькі за цудоўны тэатр “Усмешка”. Тут сур’ёзна і творча працуюць з дзецьмі па самых розных накірунках. Напрыклад, займаюццанават выдавецкай дзейнасцю.
— Гэтыя кніжкі, — распавядае выконваючая абавязкі дырэктара ЦБС Людміла Дулік, — мы выдалі самі.
— Вершы мясцовых паэтаў?
— Так! Зусім іншы эфект, калі яны не ў рукапісах, не ў камп’ютэры, а ў кніжцы.
— Які ж тыраж?
— Гэта залежыць ад попыту. Вывучаем яго, каб рэалізаваць выданні... Ад 10 да 50 экзэмпляраў. Вучымся выдавецкай справе самі і дзетак вучым. Выдалі кніжку — паклікалі яе аўтара ў гасцёўню. Пачыталі вершы, паслухалі паэта...Заўважаю кніжку Аляксея Галаскока “Я шчаслівы”. Дзеці пасябравалі з ім. Выдалі кніжку Веры Паляшчук “Лёгкай долі ў жыцці не шукала” — далучыліся і да яе лёсу...
Бібліятэка мае цудоўную камп’ютэрную базу. Школьнікі выкарыстоўваюць яе для напісання самых розных рэфератаў. Гэта — адна з платных паслуг.
У Ганцавіцкай бібліятэцы 19 тысяч кніг. Усе яны запатрабаваныя. Валянціна Мініч, дырэктар дзіцячай бібліятэкі, лічыць, што бібліятэка для дзяцей — найпершая падмога ў выхаванні, асвеце і адукацыі.
— А вось зала, якую вы ні ў адной дзіцячай бібліятэцы рэспублікі не сустрэнеце — беларуская хатка “Хата з матчынай душой”. Зрабілі сваімі рукамі — і калыску, і гаспадара за сталом, і печку, і ўвесь хатні рыштунак. Трэба ведаць, як жылі нашы продкі.Заехаў нядаўна ў Ганцавічы пісьменнік Уладзімір Ліпскі і быў здзіўлены. Прынялі яго ў тэатральнай гасцёўні і ў беларускай хатцы. Паказалі і спектакль. Сустракалі яго дзеці, а ён расказваў дзецям пра дзяцей.
Сыходзіць 2007 год, абвешчаны Годам дзіцяці, але ў Ганцавічах ўвага культасветработнікаў да юнага пакалення застаецца самай галоўнай.

Вольга ЯГОРАВА,
наш спецкарэспандэнт
Мінск — Ганцавічы — Мінск
Фота аўтара