Мультпрыгоды, якія зацягнуліся

№ 12 (1086) 23.03.2013 - 30.03.2013 г

Кампіляцыя прайшла паспяхова, ды ўсё ж…

25 сакавіка ў сталічным Доме кіно адбудзецца прэм’ера “першага поўнаметражнага анімацыйнага фільма” “Прыгоды Несцеркі” — менавіта пад такім “соусам” кінастудыя “Беларусьфільм” паднесла публіцы стужку беларускага рэжысёра-аніматара Ігара Волчака. Карэспандэнту “К” удалося пабываць яшчэ на папярэднім паказе карціны і зрабіць пра новы твор свае высновы.

Несцерка, нагадаю, — фальклорны персанаж, які стаў больш вядомы шырокай публіцы дзякуючы п’есе беларускага драматурга Віталя Вольскага. Упершыню яна была апублікавана ажно ў 1940 годзе. На яе аснове з’явіўся спектакль “Несцерка” Коласаўскага тэатра ў 1946-м, аднайменны кінафільм у пастаноўцы Аляксандра Зархі ў 1955-м і, пазней, — мутыплікацыйная стужка Яўгена Ларчанкі, якая выйшла на кінастудыі “Беларусьфільм” у 1980 годзе. Такім чынам, Несцерка прыйшоў да нас не як Піліп з канапель, а як стары знаёмы, якога мы проста даўно не бачылі.

/i/content/pi/cult/419/8588/1-1.jpeg

Калі Ігар Волчак і яго каманда ўзяліся за гэты матэрыял, імі рухала ідэя стварыць, лічы, брэндавы анімацыйны персанаж. Па-першае, Несцерка ўжо вядомы публіцы, па-другое, ён увасабляе “беларускі характар”, і па трэцяе — прэтэндуе на гэткага “героя” айчыннай анімацыі, кшталту Крата ў чэхаў, больш сучасных Машы і Мядзведзя — у расіян, Шрэка — у амерыканцаў…

Мэта была высакародная, такога мультфільма беларускаму гледачу сапраўды не хапала, і, здаецца, Несцерка цалкам падыходзіў для візуальнага ўвасаблення. Узновім у памяці яго рысы: добры, кемлівы, таленавіты, працавіты, у той жа час, да ўсяго, гэткі прастак і абібок (без падобных якасцей персанаж — не персанаж)... Карацей, справа закруцілася.

Калі мне давялося ўбачыць плён тых шматгадовых высілкаў айчынных аніматараў, то, з аднаго боку, захацелася шчыра павіншаваць нашых мастакоў са зробленай вялікай працай, але з іншага — стала неверагодна за іх крыўдна. Не ведаю, ці варта раскрываць сакрэт “першага поўнаметражнага”, але факт застаецца фактам: наш першы “вялікі” мультфільм ствараўся цягам больш як дзесяці гадоў, і той тэрмін, на жаль, адбіўся на творы.

З аднаго боку — яскравыя колеры, камп’ютарная апрацоўка, жывыя персанажы, беларуская мова, народная мудрасць і гумар, з іншага — разнастайны тэмп раздзелаў стужкі і, адпаведна, спосаб апавядання. Шчыра кажучы, “Прыгоды Несцеркі” нарадзіліся з асобных фільмаў серыяла, што было вырашана злучыць у адну стужку. Так, “кампіляцыя” прайшла паспяхова — з’явілася новая гучная адзінка ў 52 хвіліны, але гэта не тое анімацыйнае кіно, якое чакае сучасны глядач.

Першы раздзел стужкі, над якім працавалі больш за дзесяць гадоў таму, зроблены ў іншым рытме, чым апошні. Калі дзеянне ў восьмым, заключным, можна параўнаць з калейдаскопам падзей, то першы больш нагадвае “візітоўку” серыяла: вось Несцерка, вось — Сабака, вось — Павук... Па сутнасці, па “Прыгодах...” мы можам прасачыць, як паспяваў візуальны шэраг за сучасным рытмам жыцця, што, як вядома, усё больш і больш паскараецца.

Так, Ігару Волчаку ўдалося стварыць сапраўдны культурны прадукт, які звяртаецца да традыцыйных каштоўнасцей, які, урэшце, дэманструе беларускага героя, самаідэнтычнасць, аднак казаць пра катэгорыю “сучасны” ў дачыненні да новага кіно цяжка.

Сёння азначэнне “поўнаметражнага анімацыйнага” палягае ў іншай плоскасці: перш за ўсё, гэта цэласны фільм, зроблены ў анімацыйнай тэхніцы, якому ўласцівыя адзіныя завязка, кульмінацыя і развязка. Ды нават не ў гэтым справа! Ніхто не казаў, што не можа быць інакш, але, мяркую, не памылюся, калі скажу, што сапраўдны “поўны метр” анімацыі кшталту “Рапунцэль”, “Мадагаскара”, “Шрэка”, “Алёшы Паповіча і Тугарына Змея” ды іншых беларускі глядач чакае не менш, чым годны мультсерыял. Чакае стужкі з адпаведным рытмам, зробленых, як кажуць, на адным дыханні, з выдумкай, жарсцю, з сучаснымі героямі. Ні ў якім разе не хачу сказаць, што нашы аніматары не здольныя стварыць падобны прадукт, але рэаліі іх працы пакуль вымагаюць іншых захадаў. І ў выніку маем тое, што маем, — выдатны анімацыйны серыял, пададзены як “першы поўнаметражны” анімацыйны фільм, што спазніўся з прэм’ерай гадоў на пяць…

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"