Пункт невяртання

№ 12 (1086) 23.03.2013 - 30.03.2013 г

Візіт да Мінатаўра: пайсці і... не заблукаць

Існуюць аўтары, бяздоннасць думкі якіх, нібы вір, маніць да сябе. Але многіх з тых, хто рызыкуе “ўвайсці ў гэтую ваду”, заваблівае і зацягвае, пазбаўляючы цвёрдай глебы, выбіваючы з-пад ног арыенціры, і, падхопліваючы магутнай плынню, нясе наперад па ўласнай волі...

Асабіста для мяне адной з такіх фігур у айчыннай літаратуры з’яўляецца Васіль Быкаў. Невыпадкова так прываблівае быкаўская проза і тэатральных рэжысёраў: здаецца, яе пругкія, моцныя вобразы проста створаны для сцэнічнага ўвасаблення. Аднак нярэдка атрымліваецца так, што тэатральныя падмосткі становяцца для пастаноўшчыкаў быкаўскіх твораў своеасаблівым пракруставым ложам, упісацца ў якое, за рэдкімі выключэннямі, аказваецца практычна немагчыма. Ды толькі гэта ўсё роўна не спыняе ахвотных увасобіць творы Быкава на сцэне. Вось і Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы прадставіў спектакль “Пайсці і не вярнуцца” ў рэжысуры Валянціны Янавец.

/i/content/pi/cult/419/8587/2-2.jpeg

За апошняе дзесяцігоддзе гэта ўжо другі зварот брэсцкага тэатра да творчасці Васіля Быкава. Першы — маштабнае палатно “Мост” у рэжысуры Аляксандра Козака — даволі паспяхова прайшоў на Вялікай сцэне тэатра. Цяпер жа рэжысёр Валянціна Янавец у прасторы Малой сцэны тэатра прапанавала гледачам больш “камерную” гісторыю. Або, можа, больш індывідуалізаваную? Зрэшты, у дачыненні да творчасці Быкава такая індывідуалізацыя — пільная, папраўдзе навукова-даследчая ўвага да людскіх характараў — сягае ў сваёй прыродзе да прытчавасці. І глыбіня быкаўскіх “віроў” палягае ў той знешняй простасці і нават празрыстасці, з якой аўтар вымалёўвае фігуры сваіх герояў. Акурат яна, простасць сцэнічнага аповеду, патрэба ў пастаянным падтрымліванні гэтага “градуса чысціні” сцэнічнага існавання і неўпрыгожванні жыцця чалавечага духу разнастайнымі пастановачнымі спецэфектамі, і з’яўляецца самым складаным для пастаноўшчыкаў.

Гэтую быкаўскую простасць і, разам з тым, глыбокую прытчавасць, надзвычай удала ўвасобіла ў сцэнаграфіі спектакля Таццяна Карвякова. Невялічкі “пятачок” зямлі становіцца эпіцэнтрам жахлівага ўрагану, які ламае і разбурае ўсё на сваім шляху. Як тут не згадаць яшчэ адну вядомую літаратурную “вандроўніцу” — маленькую дзяўчынку Элі, якая пасля гэткага ж урагану па дарозе, вымашчанай жоўтай цэглай, рушыла ў чароўную краіну Оз. Праўда, для быкаўскай Зоські “дарога” ператвараецца ў суцэльны злом, які нагадвае, хутчэй, паласу перашкод. Ды ўсё ж, як і Элі, Зоська бачыць свой “пункт прызначэння”, верыць у яго дасягненне. Нягледзячы нават на тое, што шлях дзяўчыны нагадвае... візіт у лабірынт жахлівага Мінатаўра, што пажырае людзей. І ў казцы, і ў антычным міфе перамагаюць дасціпнасць і кемлівасць, а вось у спектаклі героям не дапамагае нават клубок нітак, які яны загадзя бяруць з сабой, спадзеючыся, што той здолее стаць для іх своеасаблівай панацэяй, гарантыяй таго, што шлях назад існуе. Рэжысёр спектакля свядома акцэнтуе нашу ўвагу на тым, што і Зоська, і Антон не здолеюць вярнуцца не столькі фізічна (гэтая магчымасць якраз патэнцыйна існуе для іх увесь час) — адзін раз ступіўшы на “сцяжыну вайны”, ніхто з герояў ужо не зможа ні вярнуцца да сябе ранейшага, ні ўбачыць свет і людзей у ім па-мінуламу бесклапотна ды шчыра, ні ўспрымаць жыццёвыя падзеі, не беручы пад увагу новы досвед, жорсткі ў сваёй бескампраміснасці…

У спектаклі заняты маладыя акцёры тэатра: Аляксей Шчарбакоў у ролі Антона Галубіна і Таццяна Васількова ў ролі Зоські Нарэйка. Не заглыбляючыся ў падрабязнасці таго, як акцёры ўслед за сваімі героямі праходзяць перыпетыі быкаўскай гісторыі, хочацца адзначыць прынцыпова важны аспект: ім удалося не “загуляцца” ў вайну, а засяродзіцца на псіхалогіі сваіх герояў, іх унутраных станах і душэўных перажываннях. З-за гэтага сама тэма вайны, якая з’яўляецца своеасаблівымі “зыходнымі данымі” сюжэта, не перакрывае асноўнай лініі спектакля — тэмы здрады. У рэжысёрскай трактоўцы Валянціны Янавец знешняя здрада — імпульс Антона “змяніць жыццё да лепшага” — гэта ўсяго толькі відочная праява, прычыны ж яе і галоўны дэфект крыюцца ў глыбіні душы героя: ён не ўмее верыць сабе. І такі пасыл дае магчымасць акцёрам адысці ад знешняга “жангліравання” вобразамі “сілы-слабасці”. Так Зоська ў выкананні Таццяны Васільковай, якая з самага пачатку і сапраўды выглядае надзвычай бездапаможнай для таго, каб самастойна выканаць якое-кольвечы сур’ёзнае партызанскае заданне, так і не “пасталее” да фіналу спектакля, не “памацнее” і не стане больш жорсткай у дачыненні да Антона, які ёй здраджвае, і да жыцця ўвогуле — проста, яе ўнутраны, душэўны стрыжань веры ва ўласную праўду закаляецца да такой ступені, што... не здольны паддацца якім-кольвечы трансфармацыям. У той час як “стрыжань” Антона, відочна падточаны ржой сумненняў і нявер’я, не здольны “трымаць” свайго гаспадара нават тады, калі той дэманструе сваю поўную сілу і ўладу над безабароннай дзяўчынай.

У гэтым сэнсе сцэнічная пара Зоська — Антон быццам бы распадаецца на палавінкі, кожнай з якіх рухае ўласная звышзадача: калі для Зоські прынцыпова важна “пайсці”, паслядоўна і па меры ўласных сіл набліжаць перамогу над захопнікамі і ворагамі, то Антонам рухае імкненне “вярнуцца” — да спакойнага жыцця, да сітуацыі, калі можна жыць адно толькі ўласнымі інтарэсамі. У гэтым сэнсе ключавым момантам у спектаклі становіцца фінальны маналог Антона, у якім ён перш чым стрэліць у Зоську, разважае пра тое, што гэта дазволіць яму “вярнуцца назад” і стаць такім, якім ён быў раней, да паходу ў Скідзель. Але Быкаў, услед за самім жыццём, выносіць іншы вердыкт: ніводзін чалавек не можа быць вольным ад адказу за ўласныя ўчынкі. Зрэшты, не толькі ў ваенны час, але і ў мірны — таксама.

На здымку: сцэна са спектакля “Пайсці і не вярнуцца”.