"Славянскі базар-2013": усё залежыць ад канкурсантаў

№ 12 (1086) 23.03.2013 - 30.03.2013 г

Пакуль фінальны варыянт канцэпцыі мерапрыемстваў сёлетняга “Славянскага базару ў Віцебску” яшчэ не зацверджаны, рэжысёр Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск» Юрый Брэус распавёў карэспандэнту «К» аб сваім бачанні таго, чым можа здзівіць гледачоў конкурс маладых выканаўцаў фестывалю.

— Фармат «Славянскага базару» не прадугледжвае працяглых рэпетыцый з выканаўцамі, якія прыязджаюць у Віцебск літаральна за некалькі дзён да адкрыцця форуму. Таму давядзецца кампенсаваць гэты недахоп нестандартнай падачай артыстаў, — кажа Юрый Брэус. — Варта прадумаць парадак іх выхаду на сцэну, стварыць удалы вобраз, чым, дарэчы, зоймецца вядомы стыліст Жанна Ляонава са сваёй камандай. Акрамя гэтага, будзем актыўна выкарыстоўваць відэаэкраны на сцэне Амфітэатра, дзе пад час жараб’ёўкі і галасавання пакажуць, напрыклад, нарэзку з самых цікавых момантаў рэпетыцый і выступленняў артыстаў…

Яшчэ адна ідэя Юрыя Брэуса — аб’яднаць усіх спевакоў у агульны музычны нумар з вядомай папулярнай песняй, якую яны выканаюць разам з вядучымі конкурсу Дзянісам Дудзінскім і Вольгай Рыжыкавай з гурта «Da Vinci». “Пакуль яшчэ невядома, ці ўхваліць гэтую ідэю аргкамітэт фестывалю, — кажа рэжысёр. — У цэлым, дакладная канцэпцыя мерапрыемства будзе вызначана толькі тады, калі мы пазнаёмімся з артыстамі і ўбачым, у якім напрамку трэба працаваць…”

Тым часам, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь паведаміла аб завяршэнні тэрміну прыёму заявак на ўдзел у адборачных турах да Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні і Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу, якія пройдуць у рамках XXII Фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску”.

Традыцыйна прыём заявак працягваўся да 15 сакавіка, але сёлета канкурсанты маглі дасылаць дакументы і аўдыя-, відэаматэрыялы ў «Цэнтр культуры «Віцебск» да 22 сакавіка.

У беларускім адборачным туры “дарослага” конкурсу змогуць паказаць сваё майстэрства спевакі ва ўзросце ад 18 да 31 года, а дзіцячага — ад 7 да 12 гадоў. Умовай выхаду на віцебскую сцэну з’яўляецца вопыт канцэртных выступленняў, паспяховы ўдзел у нацыянальных конкурсах ды фестывалях, рэкамендацыі ад адпаведных дзяржаўных устаноў культуры, прадзюсарскіх цэнтраў, музычных студый.

У фестывальныя дні пройдуць і традыцыйныя гала-канцэрты адкрыцця і закрыцця, канцэрты майстроў мастацтваў Беларусі, Расіі, Украіны, Саюзнай дзяржавы, адбудуцца тэатральныя і кінапаказы, шматлікія творчыя акцыі, а таксама Дзень моладзі, у рамках якога пройдзе Міжнародны маладзёжны фестываль «Агонь танца-2013».