Спаленыя вёскі — на адным сайце

№ 12 (1086) 23.03.2013 - 30.03.2013 г

Годным ушанаваннем памяці ахвяр фашысцкіх захопнікаў, у першую чаргу — мірных жыхароў, стаў унікальны інтэрнэт-партал з электроннай базай даных “Беларускія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны”.

Як адзначыў пад час прэс-канферэнцыі, прысвечанай 70-й гадавіне хатынскай трагедыі, галоўны архівіст Нацыянальнага архіва Вячаслаў Селямянёў, згаданая база даных змяшчае звесткі пра беларускія вёскі, знішчаныя цалкам і часткова як з насельніцтвам, так і без жыхароў. Як можна пераканацца, наведаўшы сайт http://www.db.narb.by, электронны праект пабудаваны па алфавітным прынцыпе і складаецца з дзвюх частак: інфармацыйнай і ілюстрацыйнай. У прыватнасці, дзякуючы базе можна знайсці дакладную дату знішчэння таго або іншага населенага пункта, даведацца пра пасляваенны лёс вёскі, колькасць забітых людзей і спаленых двароў. У сваю чаргу, ілюстрацыйная частка базы даных змяшчае дакументы розных фарматаў, якія пацвярджаюць факты спалення. Гэта лічбавыя копіі архіўных дакументаў, гукапісы з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, фотаздымкі помнікаў, устаноўленых на месцах знішчаных вёсак, а таксама тэкставыя запісы і гукавыя файлы ўспамінаў жыхароў спаленых вёсак, якім пашчасціла выратавацца.

/i/content/pi/cult/419/8576/1-1.jpeg

Па словах Вячаслава Селямянёва, электронная база была падрыхтавана ў рамках праекта «Павышэнне статуса выратаваных жыхароў спаленых беларускіх вёсак”, які ажыццяўляецца пры падтрымцы нямецкага фонду “Памяць, адказнасць і будучыня”. Маштабная праца была праведзена Дэпартаментам па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь і Беларускім фондам міру пры падтрымцы Расійскага фонду садзейнічання актуальным гістарычным даследаванням “Гістарычная памяць”. Праграмнае забеспячэнне распрацавана айчыннымі спецыялістамі, у прыватнасці, выкладчыкамі і студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі і дае магчымасць праводзіць пошук па розных камбінацыях палёў.

Сёння электронная база даных змяшчае звесткі пра больш чым пяць тысяч беларускіх вёсак, якія зведалі ўсе жахі Вялікай Айчыннай вайны. Разам з тым, па словах галоўнага архівіста Нацыянальнага архіва, зараз працягваецца праца па ўдакладненні спісу спаленых вёсак, напаўнення базы інфармацыяй. У сувязі з гэтым далучыцца да праекта запрашаюць усіх ахвотных.

Акрамя таго, у рамках прэс-канферэнцыі быў прэзентаваны зборнік дакументаў «Зимнее волшебство». Нацистская карательная операция в белорусско-латвийском пограничье, февраль — март 1943 г.», падрыхтаваны Дэпартаментам па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і расійскім фондам «Гістарычная памяць». Як адзначыў дырэктар фонду Аляксандр Дзюкаў, выданні, падобныя да беларуска-расійскага зборніка, запатрабаваны сярод навуковай грамадскасці заходніх краін. Па словах Аляксандра Дзюкава, зараз вядуцца перамовы пра ўключэнне матэрыялаў беларуска-расійскага выдання ў замежныя зборнікі.

К.А.