Пра гэта паведаміла “К” музычны рэдактар канцэртнага аддзела Сафійскага сабора Алена Мартынава. Паводле традыцыі фестываль адкрыюць калектывы Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь — сімфанічны аркестр і акадэмічны хор. 10 красавіка слухачоў чакае незвычайная праграма “Музыканты ўсміхаюцца”. 18-га, упершыню на полацкай сцэне, выступіць Смаленскі ансамбль гітарыстаў “Amikus”. 21 красавіка стане святам для аматараў харавых спеваў: на сцэне размесціцца Капэла хлопчыкаў Рэспубліканскага музычнага каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Прыхільнікі творчасці заслужанага артыста Беларусі Юрыя Гільдзюка змогуць сустрэцца з ім, а таксама з заслужаным артыстам Расіі Сцяпанам Яковічам 24 красавіка.
Эфектную праграму французскай музыкі XVII — XX стагоддзяў выканае 28 красавіка арганіст П’ер Жыво. 6 мая — канцэрт у рамках Сусветнага дня аргана. "Свет джаза і мюзікла" — 10-га, а вечар раманса — 16 мая. Гала-канцэрт трох барытонаў — Давіда Гвініянідзэ, Сяргея Плюсніна і Юрыя Зальцмана, прысвечаны памяці Мусліма Магамаева, адбудзецца 17 мая.
І на завяршэнне фестывалю, нібыта музычная вандроўка на Кубу і ў Аргенціну, — канцэрт “Лацінаамерыканскія эстампы”, які пройдзе 18 мая.
Ул. інф.