Рэканструяваць жа “Беларусьфільм” будуць не за сродкі інвестараў, як планавалася раней, а за бюджэтныя грошы. Рашэнне было абвешчана на нарадзе, якую правёў Прэм’ер-міністр краіны Міхаіл Мясніковіч у часе наведання кінастудыі. На нарадзе ішла гаворка менавіта пра рэканструкцыю будынкаў “Беларусьфільма”. Міхаіл Мясніковіч выказаў незадаволенасць тэмпамі выканання работ. Цяпер праца будзе ісці пад ягоным асабістым кантролем. Паколькі інвестары з розных прычын не здолелі ўдзельнічаць у праекце, рэканструкцыю здзейсніць дзяржава. Прэм’ер-міністр запэўніў, што грошы на гэта ёсць.
Вызначаны асноўныя этапы рэалізацыі праекта. У першую чаргу, аўтацэх кінастудыі будзе пераведзены ў Калодзішчы. Ён мае быць здадзены ў эксплуатацыю ў наступным месяцы. Далей — будаўніцтва вытворчага комплексу з новымі павільёнамі і цэхамі. Потым адбудзецца капітальны рамонт галоўнага корпуса кінастудыі. І, нарэшце, будзе рэканструяваны інтэрнат.
Паводле слоў гендырэктара ААТ “Будтрэст № 1”, установа мае неабходныя матэрыяльныя рэсурсы і кадры для паспяховай рэалізацыі праекта.
Цалкам рэканструкцыя завершыцца ў 2015 годзе ў адпаведнасці з Указам Кіраўніка дзяржавы.
На новых плошчах, пры абноўленай матэрыяльнай базе беларускія кінематаграфісты здолеюць павялічыць вытворчасць фільмаў не менш як удвая.
Ёсць і першыя звесткі пра чарговы “Лістапад”, які пройдзе 1 — 8 чысла апошняга месяца восені. Дарэчы, старшынёй аргкамітэта фэстывалю ўжо прызначаны віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік, намеснікам старшыні — міністр культуры краіны Барыс Святлоў.