Знайсці каштоўнае пад… нагамі

№ 11 (1085) 16.03.2013 - 23.03.2013 г

Водныя знакі венецыянскіх выданняў

Скарбы мінулых стагоддзяў сёння можна знайсці не толькі ў айчынных музеях, але, як аказалася, і ў публічных бібліятэках. Яскравы прыклад — Гродзенская абласная бібліятэка, якая носіць імя славутага вучонага-мовазнаўцы Яўхіма Карскага. Пры гэтым самі скарбы можна ўбачыць нават звонку: усе чатыры будынкі бібліятэкі размяшчаюцца ў старой частцы горада і маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

А таму грэх не выкарыстаць такія магчымасці ў прыцягненні не толькі пастаяннага чытача, але і турыста. Тым больш, што калі ісці з боку чыгуначнага вакзала ў цэнтр горада — першым перад вачыма паўстае менавіта юнацкі філіял і аддзел літаратуры на замежных мовах, што месціцца ў доме сусветна вядомай гродзенскай пісьменніцы Элізы Ажэшка. У будынку зроблена не толькі чытальная зала, але і адноўлены інтэр’ер пакояў пісьменніцы, прадстаўлены створаныя ейнай рукой гербарыі, прыжыццёвыя выданні. Не менш цікавым аб’ектам з’яўляецца і аддзел мастацтва, схаваны ў вулачках старажытнага Гродна. Менавіта там можна ўбачыць калекцыі старых гарадскіх газет і кніг, а ў рамках рэгулярных выставак — унікальныя прадметы мясцовага побыту, старасвецкага культурнага жыцця Гродна з бібліятэчных ды прыватных збораў. І вядома ж, нельга абмінуць увагай галоўны корпус абласной бібліятэкі — ні многа ні мала ён знаходзіцца ў сценах гродзенскага Новага замка. Словам, толькі паводле гэтых аб’ектаў можна рабіць паўнавартасны турыстычны маршрут. Як высветлілася ў размове з намеснікам дырэктара Гродзенскай абласной бібліятэкі імя Яўхіма Карскага Марынай Ігнатовіч, такая праца ўжо зроблена. Больш за тое: пралічыўшы перспектывы фінансавай рэнтабельнасці, маршрутам зацікавіліся і мясцовыя турыстычныя фірмы. Не застаўся па-за ўвагай бібліятэкараў і індывідуальны турыст. Для яго на сайце ўстановы прадстаўлена адмысловая карта з нанесенымі на яе бібліятэчнымі аб’ектамі. Але ці можа бібліятэка годна канкурыраваць з музеямі ў частцы сувенірнай прадукцыі? Як-ніяк ці не кожны турыст хоча набыць на памяць пэўны атрыбут гісторыі. Пра першыя крокі ў гэтай справе сведчыць сама бібліятэка, дзе можна прыдбаць якасныя буклеты на розных мовах, прысвечаныя кніжным зборам і аб’ектам.

Мае сваё бачанне ў справе рэкламы здабыткаў бібліятэкі, яе ўнікальных выданняў, што захоўваюцца ў фондах, і дырэктар установы Лідзія МАЛЬЦАВА.

/i/content/pi/cult/418/8571/1-1.jpeg/i/content/pi/cult/418/8571/1-2.jpeg

/i/content/pi/cult/418/8571/1-3.jpeg/i/content/pi/cult/418/8571/1-4.jpeg

/i/content/pi/cult/418/8571/1-5.jpeg

Старадрукі, знойдзеныя ў Гродзенскім манастыры Францысканаў.

— Не так даўно мы задумаліся наконт факсімільнага выдання каштоўных кніг, газет з фондаў бібліятэкі, якія ў выніку сталі б даступнымі шырокай грамадскасці. У прыватнасці, маем дамоўленасць з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Скажам, калі кніга з нашых збораў у краіне захоўваецца ў адзінкавым экзэмпляры, то ствараецца яе электронная копія для Нацыянальнай бібліятэкі. Да прыкладу, нядаўна ў нас завяршылася выстаўка кніг, прысвечаная падзеям вайны 1812 года, па выніках якой было алічбавана некалькі каштоўных фаліянтаў. Акрамя таго, у рамках праекта “Дакрануцца да гісторыі” выстаўляюцца ўнікальныя фаліянты з фондаў нашай бібліятэкі, прыватных і царкоўных збораў. На іх таксама будзе звернута пільная ўвага выдавецкага аддзела. У нас ёсць і нумары газеты “Гродзенская праўда” за 1946 год. Вельмі каштоўныя экзэмпляры — сёння шмат прадпрыемстваў зацікавіліся сваімі вытокамі. Зараз мы робім рэстаўрацыю гэтай падшыўкі газет, пасля чаго будуць створаны іх электронныя копіі.

— Наколькі цяжка папоўніць калекцыю бібліятэкі старадрукамі? Ці дапамагаюць у гэтай справе спонсары?

— Лепш за ўсё дапамагае папоўніць нашы фонды правядзенне разнастайных мерапрыемстваў, акцый. Яскравы прыклад: пасля канферэнцыі, прысвечанай юбілею з дня нараджэння Элізы Ажэшка, натхнёны жыхар Гродзеншчыны перадаў 25 рэдкіх кніг. А літаральна днямі да нас з Ваўкавыска паступіла прыжыццёвае выданне славутай гродзенскай пісьменніцы. Зараз прапрацоўваецца пытанне па атрыманні старадаўніх кніг ад гродзенскага старавера…

І калі перспектывы факсімільнага кнігавыдання — справа недалёкай будучыні, дык праца са спонсарамі ў нас наладжана вельмі добра. Вялікую падтрымку нашы прадпрыемствы ды прыватныя прадпрымальнікі аказваюць найперш пры правядзенні дабрачынных акцый, святаў для дзяцей-сірот, набыцці навагодніх цацак. Калі ж казаць пра закупку кніг, то з боку дзяржавы нам выдаткоўваецца дастаткова сродкаў для пашырэння нашых збораў. Летась, да прыкладу, на гэтыя справы пайшло больш за мільярд беларускіх рублёў. Адзначу, што зараз наладзілася актыўнае міждзяржаўнае супрацоўніцтва бібліятэкі. У прыватнасці, наша ўстанова выйграла грант Еўрасаюза па стварэнні мультымедыйнага інтэрактыўнага цэнтра па навуцы і новых тэхналогіях, закупцы электронных кніг ды адпаведных адукацыйных праграм. За сродкі гранта (а гэта 585 тысяч еўра) бібліятэка набудзе відэакамеру, 25 камп’ютараў, камп’ютарны сервер, мэблю на 50 пасадачных месцаў, іншую неабходную тэхніку. Акрамя таго, 200 тысяч еўра пойдуць на закупку адукацыйных праграм і іх пераклад з англійскай мовы.

— Думаецца, з такой тэхнікай вы можаце самі рабіць факсімільныя выданні, не звяртаючыся ў друкарні і выдавецтвы?

— Мы задумваліся над гэтым. У нас ужо зараз ёсць частка неабходнай тэхнікі, у тым ліку каляровыя ксераксы, сканеры, ламінатары. Калі ж мы закупім абсталяванне на сродкі гранта Еўрасаюза, то, магчыма, на яго базе і будзем рабіць факсімільныя кнігі. У выніку старадрукі ў новым фармаце паступяць ва ўсе раённыя бібліятэкі рэгіёна, а можа, і ўсёй краіны.

— Вы кажаце, што мільярд рублёў пайшоў летась на набыццё кніг. А ці былі сярод іх старадрукі? Ці прапаноўваюць калекцыянеры набыць той або іншы фаліянт?

— Тут існуе пэўная праблема. Па законе мы не маем права набываць кнігі за наяўныя сродкі. А таму пры неабходнасці вымушаны той або іншы старадрук купляць праз кнігарню, у выніку чаго кошт кнігі ўзрастае ледзь не ў паўтара раза. Хочацца адзначыць, што ў свой час абсалютна бясплатна падзялілася з намі старадрукамі Падляшская бібліятэка з Беластока. У прыватнасці, у нашы фонды трапіла шмат выданняў, звязаных з творчасцю Элізы Ажэшка.

— Звернемся да тэмы ўнікальнай калекцыі нядаўна знойдзенай бібліятэкі Ордэна айцоў Францішканаў, якая экспанавалася ў сценах вашай установы. Што чакае гэты каштоўны збор?

— Магчыма, калекцыя трапіць у Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей. Там таксама маецца калекцыя рэдкіх старадрукаў і, што самае галоўнае, — неабходныя ўмовы для іх захавання. Але гэта толькі мая версія. Па патрабаванні губернатара Сямёна Шапіры пры Гродзенскім аблвыканкаме была створана спецыяльная камісія, куды ўвайшлі бібліятэкары, музейшчыкі, рэстаўратары, навукоўцы. Яна вырашыць каштоўнасць калекцыі і яе далейшы лёс. Будзе вызначана і тое, хто зоймецца рэстаўрацыяй кніг з калекцыі. У любым выпадку, частка яе застанецца ў нас: чатыры кнігі з кнігазбору касцёла, якія дубліруюцца, ксёндз-пробашч Юзаф Макарчык перадаў бібліятэцы.

— Але чаму толькі чатыры, а не ўсе кнігі бібліятэкі Ордэна айцоў Францішканаў змогуць застацца ў вашых фондах?

— Вельмі важны ўжо той факт, што гэтыя фаліянты ў нас экспанаваліся, але, па шчырасці, у бібліятэцы сёння няма адпаведных умоў для іх надзейнага пастаяннага захавання. Справа ў тым, што доўгі час абмяркоўвалася пытанне ўзвядзення для нашай бібліятэкі аднаго вялікага будынка з усім неабходным абсталяваннем. Але далей за словы справа, на жаль, не пайшла. Тым не менш, пытанне па стварэнні неабходнай сістэмы ўнутранага клімату можна вырашыць. Тым больш — не такая ўжо гэта і складаная задача. Спадзяюся, пасля завяршэння бягучага рамонту будзем прапрацоўваць і пытанне клімат-кантролю, а разам з ім верыць, што ўся калекцыя застанецца ў нашых фондах. Тым больш, ксёндз Юзаф жадае, каб выяўленыя старадрукі захоўваліся менавіта ў нашай бібліятэцы, каб грамадскасць мела да іх доступ…

Бібліятэчныя эксклюзівы

Белавежскі прывілей у Францішканаў

Бібліятэка Ордэна айцоў францішканаў, што існавала пры гродзенскім касцёле з XVII стагоддзя, уключала некалькі тысяч тамоў рукапісных і друкаваных кніг.

Калекцыя — параўнальна невялікая, але па прадстаўленых выданнях — унікальная, асабліва з пазіцыі сённяшняга дня. Гэтая бібліятэка існавала да Другой сусветнай вайны, калі ў 1939-м перад пагрозай разрабавання манахі схавалі на гарышчы Францішканскага касцёла самыя каштоўныя экзэмпляры. Колькі гадоў таму ксёндз-пробашч Юзаф Макарчык выявіў гэты каштоўны кніжны збор. Ён, па словах супрацоўніцы абласной бібліятэкі Людмілы Удавенка, быў добра ўпарадкаваны, да нашых дзён дайшлі каталогі-інвентары, з якіх можна даведацца пра прадстаўленую не толькі тэалагічную, але і навуковую, навукова-папулярную і нават мастацкую літаратуру.

Паводле сумнай традыцыі, самае каштоўнае знаходзілася пад нагамі. Старадаўні рукапісны “Зборнік прывілеяў і дакументаў XVI — XVIІ стст.” ксёндз Юзаф знайшоў на падлозе касцельнага гарышча. Зараз можна толькі здагадвацца, чаму гэты зборнік трапіў у скарбніцу гродзенскіх манахаў. Як бы там ні было, але найстарэйшы дакумент, выяўлены ў гэтым зборніку, датуецца 1561 годам і напісаны на старабеларускай мове: гэта скарга Васіля Копця, мясцовага шляхціца, які скардзіўся (звяртаўся ў суд) на свайго ляснічага, што дрэнна даглядаў лес. Захаваўся ў зборніку і арыгінал прывілея караля Уладзіслава IV з пячаткай — права на валоданне лясамі ў Белавежскай пушчы прадстаўніку гэтага ж роду. Захавалася і Метрычная кніга парафіяльнага занёманскага гродзенскага касцёла ад 1705 па 1715 гг. Гэта метрыкі хросту і шлюбу. Адна вялася з аднаго боку кнігі, прашнураванай арыгінальнымі ніткамі з пячаткамі, другая — з іншага. Добра захавалася і тэалагічная кніга маральнага зместу пра Сакрамант пакуты. І хоць у ёй адсутнічае тытульны ліст, але на адвароце вокладкі пазначана, магчыма, дата, калі была перапісана кніга, — 1683 г., указаны яе перапісчыкі — Ежы Грынкевіч і Мікалай Ляховіч. Самым старым выданнем, прадстаўленым у калекцыі, стала кніга на лацінскай мове “Інструкцыі для святароў” Антоніа дэ Маліна, што выйшла ў Кракаве ў 1643 г.

Сярод іншых каштоўных кніг — вершаваны пераклад Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў, складзены Марцінам Кужанецкім і выдадзены ў Нясвіжы ў 1769 г., венецыянскія выданні Бібліі, старонкі якіх маюць водныя знакі, біблійных слоўнікаў, Імшалаў. Самай распаўсюджанай рэлігійнай літаратурай у XVIIІ ст. былі казанні, якія пісаліся з нагоды святаў каталіцкага календара для прадстаўнікоў магнацкіх сем’яў. У манастырскім кнігазборы прадстаўлены казанні Нясвіжскай, Супрасльскай, Віленскай друкарняў, а таксама шматлікіх польскіх. Важна, што асобнікі досыць добра захаваліся, амаль усе маюць тытульныя лісты, а пераплёты не моцна пашкоджаныя. Відавочна, што ўся гэтая кніжная спадчына патрабуе грунтоўнага даследавання.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Гродна — Мінск

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"