Школа “цягавітых мурашак”

№ 11 (1085) 16.03.2013 - 23.03.2013 г

Мінск: прынцыпы навучання

Калі трапляеш у Гімназію-каледж мастацтваў імя І.Ахрэмчыка, уражанне такое, быццам знаходзішся ў музеі сучаснага мастацтва.

Увогуле, цікавае жыццё школы, дзе навучаюцца адораныя дзеці. Шмат адметных падзей адбываецца ў яе сценах. Не так даўно тут ўрачыста адсвяткавалі 50-годдзе ўстановы. А цяпер рыхтуюцца адзначыць 120-годдзе вядомага беларускага мастака, чыё імя яна носіць.

…Пры знаёмстве з прадстаўленымі на першым паверсе гімназіі-каледжа шматлікімі прыгожымі карцінамі, іншымі творамі погляд спыняецца на скульптуры мурашкі з цёмнага металу, якая цягне на сваёй спінцы агромністы, здавалася б, непад’ёмны лісток…

— Гэта наша “Цягавітая мурашка” — дыпломная работа выпускніка Яўгена Дабравольскага, — тлумачыць намеснік дырэктара ўстановы Людміла ГЕРАСІМОВІЧ. — Малады скульптар адлюстраваў цягавітага вучня.

/i/content/pi/cult/418/8568/1-3.jpeg

— Па выстаўленых творах бачна, што дзеці ў вас — вельмі здольныя. Але ж без выкладчыкаў яны не спасціглі б, не засвоілі таго, што называецца майстэрствам...

— У нас — і выкладчыкі цудоўныя, — працягвае Людміла Герасімовіч. — У гімназіі-каледжы працуюць заслужаныя настаўнікі Рэспублікі Беларусь, больш за 80 працэнтаў педагогаў — з вышэйшай атэстацыйнай катэгорыяй…

— Наша навучальная ўстанова, — далучаецца да размовы дырэктар установы, магістр педагагічных навук Людміла ШАХАВА, — была адкрыта ў 1962-м. Тады яна называлася Рэспубліканскай школай-інтэрнатам для таленавітай моладзі Беларусі. У першыя гады выкладчыкі ездзілі па ўсіх беларускіх рэгіёнах і адшуквалі адораных дзяцей. Цяпер папулярнасць установы настолькі вялікая, што юныя таленты прыязджаюць да нас самі…

У кабінеце Людмілы Шахавай за шклом на паліцы можна пабачыць скульптурную кампазіцыю аднаго з лепшых цяперашніх навучэнцаў каледжа — пераможцы рэспубліканскага конкурсу, юнага скульптара Аляксандра Навасёлава: гэта вылепленыя з гліны ружы, якія ахінаюць-ахоўваюць пяшчотныя жаночыя рукі. Яны сімвалізуюць працу Настаўніка, а дакладней — Настаўніцы, бо большасць выкладчыкаў у школе — жанчыны.

— У нашу навучальную ўстанову на музычнае аддзяленне дзеці прымаюцца ў другі клас, — прадоўжыла экскурсію па гімназіі-каледжы Людміла Герасімовіч. — Першы клас яны заканчваюць па месцы жыхарства. На мастацкае ж аддзяленне прымаем у пяты клас. Конкурснае выпрабаванне праводзіцца ў першай палове чэрвеня.

— Немінскія выхаванцы не сумуюць па мамах і татах?

 — З вялікай павагай стаўлюся да тых бацькоў, якія дзеля музыкі, выяўленчага мастацтва аддаюць сваё дзіця да нас вучыцца. Цяпер прасцей, чым у 1960-я: існуюць мабільная сувязь, Інтэрнэт…

Скончыўшы дзевяць класаў, выпускнікі гімназіі паступаюць у наш каледж, —- працягвае Людміла Герасімовіч. — Робяць тое дзеці з усіх рэгіёнаў Беларусі. Пасля заканчэння каледжа выпускнікі атрымліваюць размеркаванне на працу. Яны працуюць ва ўсіх аркестрах краіны. Нехта стварае ўласныя гурты, той-сёй дырыжыруе творчымі калектывамі. Хтосьці стаў вядомым мастаком… У нас вучыліся Уладзімір Савіч, Фелікс і Валерый Янушкевічы, Віктар Альшэўскі, Уладзімір Вішнеўскі, Уладзімір Крываблоцкі, Вольга Дзёмкіна...

 — Многія з выпускнікоў, відаць, паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы?

— Практычна ўсе. Вучацца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, ва Універсітэце культуры і мастацтваў, у прыватных ВНУ, прычым паступленне ў нас — амаль стопрацэнтнае.

— Якія адметныя падзеі пазначаны ў гісторыі гімназіі-каледжа, калі яна атрымала ў назву імя мастака Івана Ахрэмчыка? — цікаўлюся ў летапісца навучальнай установы Галіны Багданавай, выкладчыка гісторыі мастацтваў, журналіста, аўтара кнігі “Вялікія мастакі ХХ стагоддзя”.

— Наша школа была створана па ініцыятыве выбітнага дзеяча нацыянальнай культуры Рыгора Шырмы, — распавядае Галіна Багданава. — Далей гісторыя развівалася наступным чынам. У 1991 годзе мы сталі Беларускім ліцэем мастацтваў, у 1997-м — Навучальным комплексам “Гімназія-каледж”. А яшчэ ў 1972 годзе ўстанова атрымала імя Івана Ахрэмчыка — вядомага беларускага жывапісца, народнага мастака краіны. Ягоны аўтапартрэт ды іншыя творы можна ўбачыць у нашым холе на першым паверсе.

— Для памяшкання, якое мы называем Залай Ахрэмчыка, — дадае намеснік дырэктара Людміла Герасімовіч, — творы падарыла сям’я мастака. Дачка Івана Осіпавіча да нядаўняга часу выкладала ў нас музыку. Дапамогу аказвае і ўнук мастака. Сувязь пакаленняў не перарываецца…

— Колькі дзяцей навучаецца ў гімназіі-каледжы?

— 474 навучэнцы. І кожны — талент. У нас — пяць узорных музычных калектываў. У нацыянальных і міжнародных конкурсах ды выстаўках пастаянна ўдзельнічаюць і юныя мастакі. Маем больш за сто лаўрэатаў і дыпламантаў, дзевяць стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі…

Разглядаючы творы навучэнцаў гімназіі-каледжа, што прэзентуюцца ў галерэі на першым паверсе, мы з Людмілай Герасімовіч сустрэлі двух хлопцаў, якія накіроўваліся на заняткі.

— Знаёмцеся: Валяр’ян Янушкевіч і Ян Аладаў, — прадставілі мне навучэнцаў.

Валяр’ян, ветліва павітаўшыся, распавёў:

— Я зараз вучуся ў 9-м класе. Мой бацька Фелікс Янушкевіч таксама тут вучыўся ў 1980-я. Тут і ягоныя браты займаліся. Мне падабаецца наша школа. Я навучаюся другі год па класе фартэпіяна ў Таццяны Сергіеўскай. У школе ў шостым класе ў настаўніцы Святланы Сітнікавай вучыцца на флейтыстку і мая сястра…

На пытанне, чаму не пайшоў шляхам бацькі, а пачаў займацца музыкай, хлопец адказаў: “Я малюю, але — горш, чым граю. Мару стаць сольным выканаўцам на фартэпіяна. Збіраюся паступаць у Акадэмію музыкі”.

Ян Аладаў, праўнук вядомага кампазітара Мікалая Аладава і колішняга слыннага шматгадовага дырэктара Дзяржаўнага мастацкага музея БССР Алены Аладавай, пагадзіўся з сябрам у тым, што ў іх школе выдатна выкладаюць прадметы і даюць грунтоўныя веды.

— Тут творчыя асобы працуюць з максімальнай аддачай. І гэта прыносіць плён, — зазначыў ён. — У маёй сям’і ўсе — творчыя людзі. Амаль усе яны былі музыкантамі. Гэтую прафесію абраў і я. Спачатку асвойваў цымбалы, потым займаўся на фартэпіяна. Правучыўся пяць гадоў. Пасля пайшоў на ўдарнае аддзяленне. Планую правучыцца тры курсы. Потым маю намер паступаць ва Універсітэт культуры на ўдарнае аддзяленне.

 — А музыку пішаш?

 — Вядома, пішу, — не без гонару адказаў Ян.

Выпускнікі называюць сваю гімназію школай. Чаму менавіта сюды імкнуцца трапіць таленавітыя дзеці? На думку Людмілы Шахавай, таму, што яны спасцігаюць тут сакрэты майстэрства, атрымліваюць глыбокія веды, выхоўваюцца на нацыянальных культурных традыцыях. Лепш за ўсё выхоўвае “строгая дабрыня”: давер, павага і патрабавальнасць.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА

На здымках: галерэя работ навучэнцаў гімназіі.