Колькі слоў пра прыгажосць...

№ 11 (1085) 16.03.2013 - 23.03.2013 г

Штоб там ні было, а на двары — вясна. Авітаміноз — пераможаны, памкненні, нягледзячы на нядаўнія сакавіцкія снегапады, — пераможныя. І хочацца распавядаць пра сонечны настрой, пазітыўныя думкі і “шчасцеўтваральныя” ўчынкі. Менавіта вясной з новай сілай ажывае прыгажосць — вабіць, накіроўвае, натхняе на сапраўды нестандартную творчую дзейнасць... Таму гэтым разам я звярнуўся ў аддзелы па пераканаўчыя прыклады менавіта “настраёвых” праектаў, звязаных з праявамі вясновага крэатыўнага прарыву.

Бярозаўшчына: радавод дзеда Васіля

Вясна — гэта няўрымслівая гарэза-дзяўчына. Дык вось, у дзеда Васіля Барушкі з вёскі Здзітава такіх было аж пяць дачок. А ўсяго ў дзедавым радаводзе — 9 унукаў, 17 праўнукаў. І ў абліччы кожнага — прыгажосць душы Васіля Барушкі, простага вясковага хлебароба. Прасачыць гэты радавод можна ў экспазіцыі сельскай бібліятэкі аграгарадка “Здзітава”. Галоўны бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Бярозаўскай ЦБС Зоя Гукіна паведамляе, што здзітаўская ўстанова скіравана на сямейнае чытанне. Гэтай “спецыялізацыяй” і абумоўлена ўся дзейнасць мясцовых бібліятэкараў.

Неўзабаве яны прэзентуюць куток, прысвечаны шматдзетным маці. Такіх, паводле даных сельвыканкама, тут больш за дзясятак. У бібліятэцы прадстаўлены не толькі іх выявы, але і фатаграфіі шматлікіх дзяцей з інфармацыяй пра іхнія лёсы...

Папаўненне кніжнага фонду ў Здзітаве — мэтавае. Аддзел камплектацыі ЦБС кантралюе працэс, ствараючы збор менавіта для сямейнага чытання. Летась, да прыкладу, вясковы фонд папоўніўся на 365 экзэмпляраў. Сярод іх — выданні па псіхалогіі, выхаванні, эстэтыцы, шмат маляўніча ілюстраванай дзіцячай літаратуры.

/i/content/pi/cult/418/8566/1-1.jpeg

Верхнядзвіншчына: калі ў касцюма ёсць сэрца

“Прыгажосць — гэта адпаведнасць знешняга вобразу ўнутранаму свету”. Пад такім дэвізам у Верхнядзвінскай ДШМ 12 гадоў працуе народны клуб аматараў моды “Вобраз”. Кіруе ім Таццяна Сыраватнікава. У калектыве — тры дзясяткі дзяцей ад 3 да 18 гадоў. Аб’яднанне — абсалютна нефармальнае, цалкам скіраванае на развіццё творчага “Я”. Кожны з заняткаў — гэта адкрыццё стылю, адметнасці, пераўвасаблення... Інакш кажучы, “Вобраз” вучыць бачыць і ствараць прыгажосць, у тым ліку і на падставе народных традыцый. Усё робіцца ад душы і для душы.

Таму і не дзіва, што калектыў перамог на міжнародных конкурсах “Max-moda” ў Таліне і “Сэрцабіцце касцюмаў” у Рызе. А ў наваполацкім фэсце дзіцячай моды “Кідс-куцюр” народны клуб заняў першыя месцы ў конкурсе калекцый і за дасягненні ў жанры “Тэатр моды”. Лепшай манекеншчыцай прызнана трохгадовая Кіра Кузняцова...

Цяпер “Вобраз” ізноў збіраецца на “Max-moda” ў Талін — з новымі калекцыямі і з новым сонечным настроем.

/i/content/pi/cult/418/8566/1-2.jpeg

Гораччына: дуэльныя пісталеты з... лазы

Неяк блукаў па Інтэрнэце і натрапіў на фотаздымак матацыкла, сплеценага з лазы. Адразу ўспомніў пра майстрыху Тамару Багдановіч, пра якую пісаў неаднаразова і ў газеце “Культура”, і ў часопісе “Мастацтва”. Тамара Аляксандраўна — віртуозная лозапляцельшчыца, кіраўнік народнага аб’яднання “Лазінка” Горацкага дома рамёстваў — мае ўсе магчымыя для народнага майстра ўзнагароды. Дык вось Тамара Багдановіч не тое што матацыклы — самавары з лазы робіць...

З самой Тамарай Багдановіч пагутарыць не ўдалося, а вось дырэктар РДР Зоя Чэндакова паведаміла, што матацыкл з лазы сплесці — не праблема. Але ж ці выкліча сузіранне такога аб’екта адчуванне прыроднай, а не тэхнічна-дызайнерскай прыгажосці? Сярод аўтарскіх работ Тамары Багдановіч — шкатулкі у выглядзе сямейкі чарапах, вытанчаная вокладка-аклад для Бібліі, арыгінальны посуд... Але час ад часу горацкая майстрыха таксама не можа ўтрымацца ад арыгінальнічання. Спляла, прыкладам, два старадаўнія пісталеты, “упакавала” іх у фірмовую скрыначку. Не для дуэлей — для прыгажосці.

На здымках: Тамара Багдановіч з Горак; "Вобраз" Верхнядзвіншчыны.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"