Была б асоба, а брэнд знойдзецца...

№ 11 (1085) 16.03.2013 - 23.03.2013 г

І зноў — пра форму ды змест культуры сучаснай вёскі

Тэндэнцыі плюс аналітыка: ад маркетынгавай ідэі да рэальнага ўвасаблення

Часта згадваю маміну вёску, дзе я бавіў у дзяцінстве час ці не кожнае лета. З-за чарнобыльскага ператрусу Купрэеўка даўно знікла з карты Веткаўшчыны. Нават падмуркаў не засталося, а вось у памяці — жыве. І не толькі з прычыны прыгожых садоў, навакольнага лесу і прахалоднай сажалкі. На “качарзе” (адзіным завулку адзінай вуліцы) жыў мой траюрадны дзядзька Мішык Канцавы (хата была апошняй, адсюль — і мянушка). Дык вось, лічыўся той Мішык заўзятым балакам-штукаром. Пад час апошняй вайны быў снайперам у блакадным Ленінградзе — скалечыла яму нагу, кульгаў, але ўсюды паспяваў і ўсё жыццё заставаўся спрытнюгам-гумарыстам...

Дык чаму я пра дзядзьку? Ды проста Мішык быў самым сапраўдным вясковым брэндам. Вакол яго віравала жыццё, вясёлае і яркае, як чэрвеньскае сонейка над купрэеўскай сажалкай. Менавіта Канцавы збіраў і накіроўваў грамаду. І не толькі здзеклівымі жартамі-показкамі. Менавіта ён правёў у 1980-м альтэрнатыўную вясковую алімпіяду сярод... інвалідаў Вялікай Айчыннай. Менавіта яго называлі хадзячым (кульгаючым) тэатрам аднаго акцёра, які бязлітасна парадзіраваў вясковых сугнеяў-абібокаў і збіраў пры гэтым натоўпы гледачоў на імправізаванай вулічнай сцэне. З іншых вёсак прыязджалі паглядзець на Канцавога. І я ціха ганарыўся знакамітым дзядзькам.

А Мішык, дарэчы, не выносіў зафармалізаванага клубнага адпачынку. Што, сапраўды, мог прапанаваць тады сельскі клуб апрача шашак, кіно і танцаў пад радыёлу? Канцавы ж прапаноўваў свой талент неўтаймоўнага жыццялюба. Інакш кажучы, Мішык быў крэатыўшчыкам, асобай, сімавалам вёскі. І на Радаўніцу над дзядзькавай магілай па-ранейшаму гучаць ягоныя показкі ды неверагодныя гісторыі з яго “артыстычнага” жыцця… Як напамінак пра тое, што любая асоба не церпіць фармалізму, што любы фармалізм — заўжды праява “безасабовага” падыходу да творчасці. Вось пра гэта я і хачу сёння пагаварыць.

Прыватнік пакуль перамагае

Так, прыватнік у сферы сельскай культуры пакуль перамагае. І перамагае з прычыны, што фармалізм у ягонай справе — артыкул, далёкі ад грашовай даходнасці. Добра прадаць можна толькі добрую ідэю. А клубнікі, музейшчыкі і бібліятэкары працуюць іншым разам для “птушачкі” ў справаздачы. І іхні нізкі заробак — толькі падстава для буяння руціны. Маўляў, якія тут могуць быць ідэі: вы робіце выгляд, што плаціце, а мы робім выгляд, што працуем. І не хацеў бы такой банальнай катэгарычнасці, ды жыццё вымагае. “К” пісала ўжо пра тыя выпадкі, калі пры недапрацоўцы работнікаў культуры крэатыўную нішу імгненна займае прыватнік: прывозіць у вёску, скажам, фаер-шоу і збірае вяршкі пазабюджэту, які патэнцыйна належыць аддзелу культуры. Але належыць пры абавязковай творчай актыўнасці гэтага аддзела. А вось такой актыўнасці часам і няма. У тым ліку і ў разуменні таго, што не канкурыраваць з прыватнікам трэба, а ўсяляк супрацоўнічаць. Але пра гэта сёння яшчэ паразважаюць нашы эксперты...

/i/content/pi/cult/418/8565/1-1.jpeg

Тэма для першага раздзела артыкула, як падаецца, ляжыць на паверхні. Паколькі гаворка зайшла пра асоб, дык стопрацэнтны брэнд для вёскі дапаможа стварыць музей канкрэтнага пісьменніка, музей, што дзейнічае ў канкрэтным беларускім паселішчы. А такіх устаноў у нас, пагадзіцеся, шмат: Кузьмы Чорнага — на Капыльшчыне, Максіма Гарэцкага — на Мсціслаўшчыне, Васіля Быкава і Петруся Броўкі — на Ушаччыне...

Я пацікавіўся ў намесніка начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Святланы Гаўрылавай, ці сталі гэтыя музейныя філіялы брэндаўтваральнымі для нашых вёсак. Інакш кажучы, ці выстройваюцца турысты ў чэргі, каб з вялікай карысцю для сябе і сваёй сям’і наведаць Багацькаўку, Цімкавічы, Пуцілкавічы або Бычкі... Адказ быў не надта суцяшальны: брэндаўтваральнымі для вёсак музеі збіраюцца стаць толькі ў перспектыве. Нават купалаўскія Акопы і Ляўкі, коласаўская Мікалаеўшчына яшчэ не здольныя прывабіць да сябе экскурсіі на цэлы дзень. Што ж замінае?

— Натуральна, літаратурныя філіялы турысты наведваюць, — тлумачыць Святлана Гаўрылава, — але не так актыўна, як хацелася б. Моцную канкурэнцыю музейшчыкам ствараюць гаспадары аграсядзіб. Там і належная інфраструктура створана, і адпачынак інтэрактыўны, можна, да прыкладу, не проста сувеніры набыць, але і з эвалюцыяй нашых спрадвечных промыслаў пазнаёміцца.

Няўжо ўсё безнадзейна?

Музейныя філіялы, па словах Святланы Гаўрылавай, павінны неадкладна актывізаваць сваю дзейнасць. Час стандартных экскурсій мінуў беззваротна. Музейшчыкі, да прыкладу, Вязынкі гэта даўно зразумелі. Мясцовыя творчыя акцыі (скажам, вячоркі) набываюць усё большую папулярнасць. Камернасць, адмысловасць тых вячорак не замінаюць форме шчырага расповеду пра глыбокі змест лірыкі, драматургіі, публіцыстыкі Янкі Купалы, дзе радасць і смутак рушылі поруч...

А ўявіце, якімі маглі б быць летні музейны дзень і надвячорак на пакручастым беразе ў Ляўках! Ды пасля вандроўкі па аршанскім краі на персанальным Купалавым аўто! Так, няма ў Ляўках ні гатэля, ні рэстарана, ні кавярні, дзе прапаноўваліся б стравы з улюбёнага паўсядзённага меню творцы. Няма нефармальнага асяродка, які вабіў бы сюды беларускія (і не толькі) сем’і. Вось і атрымліваецца: асоба Купалы — выбітная, а цікавасць да яе — у стане, нясмела акрэсленым ведамі, фармальна атрыманымі ў межах навучальнай праграмы сярэдняй школы. “Купала” і “піяр” — словы быццам несумяшчальныя, але... Гаворку тут варта весці, хутчэй, не пра рэкламу народнаму пісьменніку. Найперш — пра гнуткую нацыянальную палітыку ў дачыненні не да забранзавелых і далёкіх ад нас класікаў, а да выбітных суайчыннікаў, жывых неабыякавых людзей, што збіралі вакол сябе грамаду, марылі, радаваліся, пакутавалі, любілі і кахалі...

/i/content/pi/cult/418/8565/1-2.jpeg

Калі “генератараў” ідэй не хапае

Ці ўзрасла папулярнасць Купалы з Коласам у мінулым, юбілейным для іх, годзе? Не буду адказваць на гэтае пытанне. Прынамсі, бровар у Яхімоўшчыне, дзе калісьці працаваў Іван Луцэвіч, так і не знайшоў уласніка і не стаў лагічным працягам экспазіцыі мясцовага музейнага філіяла. Зазначу і тое, што нацыянальны інтарэс да асобы загадам і параграфам не падпарадкоўваецца — тут дзейнічаюць абсалютна іншыя сацыяльныя законы, даўно ўпісаныя ў аналы менеджменту ды маркетынгу. Да прыкладу, якасны шматсерыйны мастацкі фільм пра аўтара “Тутэйшых” з дзяржаўным фінансаваннем і прыцягненнем лепшых айчынных акцёрскіх сіл імгненне выкліча (не мной гэта прыдумана!) выбух агульнанацыянальнага інтарэсу і да літаратурных першакрыніц, і да самой асобы пісьменніка. Ды толькі вось дзе тыя фільмы-эпапеі?

І яшчэ адна “філіяльная” праблема, агучаная намеснікам начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці. Калі структура музея знаходзіцца за сотні кіламетраў ад галаўной установы, цяжка знайсці для той структуры і спецыяліста, складана і пракантраляваць ступень яго крэатыўнай дзейнасці. Выйсце — перадача такіх устаноў у мясцовую камунальную ўласнасць. Хоць і гэта не гарантуе імгненнага вясковага ажыўлення. Была б асоба ў вёсцы, а брэнд заўжды знойдзецца. Няма першага складніка — не будзе і другога...

А выснова з вышэйсказанага — адзіная. Гаспадары аграсядзіб запатрабаванасць сваіх нефармальных сэрвісных магчымасцей давялі на справе. І пытанне, хто да каго найперш павінен ісці — клубнік з музейшчыкам да прыватніка, ці прыватнік да работнікаў культуры, — вырашана не на карысць першых.

/i/content/pi/cult/418/8565/1-3.jpeg

А вось Багушэвіча тураператары любяць

Самыя неблагія стасункі з прыватнымі і не толькі тураператарамі ў Музея-сядзібы Францішка Багушэвіча ў Кушлянах. Установа — філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Філіял, як сцвярджае Святлана Гаўрылава, адзін з самых “баяздольных” на Беларусі. Дваццаць пяць гадоў кіруе ім Алесь Жамойцін. Як сам прызнаецца, у музеі ён — і кухар, і пекар, бо апрача дырэктара ў музейным штаце — толькі тры “тэхнічныя” адзінкі. Дзякуючы асобам Багушэвіча і Жамойціна Кушляны былі і застаюцца брэндам. І не толькі таму, што вёска знаходзіцца літаральна ў атачэнні самых розных архітэктурна-гістарычных цікавостак Гродзеншчыны, а таму любы кемлівы тураператар уключыць Кушляны ў свой экскурсійны маршрут. Не ўсё так проста. І нездарма начальнік аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Таццяна Ражава называе кіраўніка філіяла яркай зоркай на небасхіле Смаргоншчыны.

Алесь Пятровіч, у сваю чаргу, ўпэўнены, што ў музейна-экскурсійнай справе вада пад ляжачы камень не цячэ. Таму у свой час, “узброіўшыся” тэлефонным даведнікам, дырэктар філіяла, не зважаючы на асабісты час, звязаўся ці не з кожным беларускім турагенцтвам. У выніку за лета Кушляны карыстаюцца паслугамі ў сярэднім пяці турагенцтваў, якія прывозяць сюды ад дзвюх да дзвюх з паловай тысяч экскурсантаў. Колькасць, падаецца, не надта вялікая. Але галоўнае, што яна ўжо — гарантавана сталая. Змяняюцца аператары, змяняюцца экскурсіі. І за ўсім гэтым — эфект ланцуговай рэакцыі, “справакаванай” добра наладжанай рэкламай у СМІ. Ці не яна робіць вёску брэндавай? Турагенцтва “Краіна замкаў” з ахвотай вязе сюды анімацыйную праграму. Кушляны на той час пачынаюць пастрэльваць, змагацца з царскім самадзяржаўем і натапырвацца супрацівам касінераў. А постаць змагара за мужыцкі інтарэс Багушэвіча набывае канкрэтныя абрысы. На гэты брэнд варта паглядзець. Тэатралізацыя суправаджаецца нестандартнай экскурсіяй, што вядзе дырэктар Кушлянскага музейнага філіяла. І тут самае галоўнае, як ён кажа, каб ягоная прага самавыяўлення не шкодзіла выяўленню асобы аўтара “Дудкі беларускай”. Вось такая, далёка не фармальная, брэндавасць узаемадзеяння асоб.

Што такое “нестандартная экскурсія”?

Я пацікавіўся ў Алеся Жамойціна, што такое “нестандартная экскурсія”. Адказ варты дэталёвага вывучэння і абагульнення. Алесь Пятровіч суправаджае выкладанне інфармацыйнага матэрыялу ігрой на традыцыйнай беларускай дудцы. Музычная “ілюстрацыйнасць” экскурсіі робіць яе больш эмацыйнай, шчымліва-шчырай. Іншым разам Жамойцін чытае пад час музейнай “вандроўкі” ўласныя вершы. Але, зноў жа, — пры ўмове, што асоба экскурсавода не пашкодзіць агульнаму настраёваму гучанню душы галоўнага кушлянскага героя — Багушэвіча.

У экскурсію “ўплятаюцца” эзатэрычныя рэчы і з’явы. Да прыкладу, крынічка Багушэвіча. У марах — яе дрэнажная ачыстка, уладкаванне асвечанай купальні. У вобласці зацікавіліся праектам, абяцалі дапамагчы матэрыяльна.

Прабелам Алесь Жамойцін лічыць пры ўласных расповедах недастаткова цеснае пакуль паяднанне спадчыны хрысціянскай і язычніцкай. А ля Кушлянаў, між тым, існуе экскурсійна “недавыкарыстаная” Лысая Гара з капішчам. Не напоўніцу, па меркаванні дырэктара, адпрацоўвае свае магчымасці і мясцовая абора з унікальнай акустыкай, дзе, апрача ўтрымання музейнага фонду, можна ладзіць цудоўныя канцэрты...

Пры ўсім пры гэтым Алесь Жамойцін цвёрда перакананы, што вясковыя літаратурныя музейныя філіялы сёння яўна недапрацоўваюць ва ўласнай брэндаўтваральнасці. А менавіта гэтае прызначэнне і вылучае іх у лік ці не галоўных сельскіх устаноў культуры — у лік не проста аб’ектаў, дзе захоўваецца спадчына, а ў лік цэнтраў па аб’яднанні жыхароў Беларусі вакол нашай нацыянальнай культуры. І цэнтры гэтыя не павінны быць, так бы мовіць, здранцвелымі і навязліва-ментарскімі ў жаданні ўсеагульнага дэкларатыўнага далучэння ўсіх да нацыянальных каранёў. Урэшце, любіць Радзіму — не цяжкая павіннасць, а справа радасная. Значыць, музей — месца не толькі для пратакольнага ўшанавання памяці, аднак і для святочнага нязмушанага ды разнастайнага сямейнага адпачынку. Менавіта такім шляхам і імкнуцца ісці ў Кушлянах.

У выніку колькасць наведвальнікаў музейнага філіяла ў вёсцы не зніжаецца, планы па аказанні платных паслуг выконваюцца, у 1989 годзе была праведзена рэастаўрацыя музейнай сядзібы, у 2006-м — яе капітальны рамонт. Добраўпарадкаванне тэрыторыі — узорнае. Перспектывы ўстановы, як бачна, — шматабяцальныя. Што яшчэ трэба для далейшай брэндавай раскруткі і мясцовага музея, і Кушлян?

Чорны піяр для Лапаравіч

Літаральна днямі рэдакцыя TUT.BY распавяла ў фотарэпартажы пра стан лецішча Уладзіміра Мулявіна, што знаходзіцца ў вёсцы Лапаравічы. Не буду аналізаваць маральнасць сітуацыі, калі карэспандэнт-ананім парушае межы прыватнага ўладання без дазволу сённяшніх гаспадароў маёмасці. Але факт застаецца фактам: лецішча знаходзіцца ў закінутым стане. Неаспрэчна і наступнае: дом гэты для Беларусі — знакавы “К” пісала летась пра лёс яшчэ аднаго лецішча — Васіля Быкава. Як вядома, Міністэрства культуры па даручэнні Кіраўніка дзяржавы распачало працу па стварэнні ў Ждановічах філіяла Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Удава слыннага празаіка бязвыплатна перадала ўласнасць дзяржаве. Кажуць, у 2014-м, да 90-годдзя народнага пісьменніка, установа пачне дзейнічаць. Цалкам верагодна, што і ў Лапаравічах праз гады можа ўзнікнуць філіял, скажам, Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь ці прыватны Дом-музей Уладзіміра Мулявіна.

Тэма з лёсам Лапаравіч, што знаходзяцца на беразе Мінскага мора, цяпер актыўна абмяркоўваецца сярод карыстальнікаў Інтэрнэта. Думаю, да месца прывесці некалькі думак:

“Гэты дом — частка нашай гісторыі. Творчасць “Песняроў” дарагая не толькі мне — з іх музыкай звязана жыццё не аднаго пакалення беларусаў”;

“Мулявін — геній. Ягоныя апрацоўкі народных песень — пласт беларускай песеннай культуры, цікавасць да якога ў еўрапейскіх даследчыкаў расце з кожным годам”;

“Такімі людзьмі варта ганарыцца і трэба берагчы памяць пра іх!”;

“Лецішча варта закансерваваць і перадаць Міністэрству культуры краіны”.

З трыма першымі выказваннямі цалкам нагаджаюся. Не буду каментаваць чацвёртае. Не буду прыводзіць і меркаванні сваякоў Уладзіміра Георгіевіча. Паўтаруся, што лецішча — прыватная ўласнасць, і любы замах на яе, як і “фотасведчанні” на TUT.BY, з’яўляецца, мякка кажучы, некарэктным, а мо і амаральным. Але гэта не выключае мемарыяльнага значэння мулявінскага дома ў Лапаравічах для нашай нацыянальнай культуры. Ля Мінскага мора можна ладзіць фестывалі імя Уладзіміра Мулявіна, сустрэчы з моладдзю, неабыякавай да песняроўскіх рокавых інтэрпрэтацый нашай фальклорнай спадчыны. Урэшце, як паказвае жыццё, адна асоба заўжды прыцягвае другую.

Замест заключэння

Адназначна тое, што гэта — не апошні артыкул пра ўтварэнне і далейшую раскрутку брэнда беларускіх вёсак: вакол асобы, прыроднага ці гістарычнага помніка, сакральнай спадчыны ці эзатэрычнай з’явы. Працэс — няпросты і шматпрофільны. Бо паўстала пытанне на перакрыжаванні інтарэсаў самых розных дзяржаўных ведамстваў, міністэрстваў, структур. Адзін з хваравітых нюансаў праблемы, на мой погляд, — слаба наладжаная повязь дзяржаўных утварэнняў з прыватнымі. “К” пісала і пісаць будзе пра тое, што захаванне вёскі (чытай: утварэнне яе брэнда вакол аб’екта або праявы культуры) — адзін са складнікаў унутранай дзяржаўнай палітыкі Беларусі. І ўкладанне грошай у стварэнне рэгіянальнай інфраструктуры (незалежна ад формы ўласнасці) — справа не толькі пачэсная, але і, у недалёкай перспектыве, — эканамічна выгадная. Прынамсі, хацелася б у гэта верыць.

Экспертны савет "К"

А зараз — пра ўзаемадзеянне дзяржаўна-прыватных структур у справе брэндынгу і рэбрэндынгу беларускіх вёсак. Слова — спецыялістам, прафесіяналам, практыкам.

Уладзімір ЦЯРЭНЦЬЕЎ, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама:

— Калі хто і ўкладаў грошы ў развіццё Ляўкоў, дык гэта Віцебскі аблвыканкам. Вы ведаеце, што мясцовы музейны філіял пару гадоў таму наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка... Натуральна, для таго, каб прымаць там належным чынам наведвальнікаў, патрэбна стварыць сур’ёзную інфраструктуру. Побач з Копыссю дзейнічае цяпер цудоўны Цэнтр ганчарства. Мясціны вакол Ляўкоў, сапраўды, надзвычай маляўнічыя. Але для паўнавартаснага і разнастайнага адпачынку патрэбны сур’ёзныя капіталаўкладанні.

/i/content/pi/cult/418/8565/2-1.jpeg

У сувязі з гэтым мы, безумоўна, не можам не разглядаць пытанне ўсебаковага ўзаемадзеяння з прыватным бізнесам. У вобласці дзейнічае праграма “500”. Менавіта столькі аграсядзіб з’явіцца неўзабаве на Віцебшчыне. У Аршанскім раёне — у тым ліку. І я не ставіў бы так пытанне, маўляў, хто першы павінен пайсці на кантакт: гаспадар аграсядзібы ці начальнік аддзела культуры. Урэшце, яны робяць адну справу па развіцці рэгіянальнай сацыякультурнай інфраструктуры. Правільна і тое, што вынік такога ўзаемадзеяння залежыць ад прафесіяналізму абодвух бакоў. І рэй тут заўжды вядуць асобы…

Не канкурэнцыя, а кааперацыя

Валерыя КЛІЦУНОВА, старшыня Праўлення Беларускага грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы”:

— Як работнікам культуры наладзіць стасункі з прыватнікамі, у дадзеным выпадку — з гаспадарамі аграсядзіб? Справа ў тым, што яны канкурыруюць на абсалютна розных дзялянках. Інакш кажучы, дапаўняюць адно аднаго. На такім прынцыпе і варта будаваць узаемадзеянне. Наша аб’яднанне развівае цяпер менавіта гэтую тэму. У шмат якіх раёнах існуюць так званыя зялёныя маршруты, што аб’ядноўваюць самае цікавае: гісторыю, культуру, архітэктуру і прыроду дадзеных мясцін.

/i/content/pi/cult/418/8565/2-2.jpeg

У прыватніка, урэшце, гэткая ж праблема, што і ў культработніка: чым заняць людзей? Любы гаспадар сядзібы хоча, каб госці затрымаліся ў яго на некалькі дзён. І для гэтага ён, натуральна, павінен мець праграму ўласных дзеянняў: накіраваць сваіх пастаяльцаў у музей, на канцэрт, пазнаёміць з прыроднымі помнікамі, прапанаваць увесь магчымы набор забаўляльных, пазнаваўчых, адукацыйных праграм.

Зразумела, што без дапамогі аддзела культуры, яго метадычных служб прыватніку цяпер проста не абысціся. Працэс — узаемазваротны. У многіх аддзелах культуры вам прапануюць сёння буклеты з пералікам сэрвісных паслуг мясцовых аграсядзіб. Ці ж гэта не ўзаемадзеянне? Іншая справа, што гэтым поруч з намі павінны займацца і мясцовыя ўлады. З іхняга боку актыўнасці іншым разам бракуе...

Мы сёння развіваем усялякага роду турыстычныя кластары. Пры такой стратэгіі і прыватнікі, і работнікі культуры ствараюць сумесны турпрадукт на падставе мясцовых магчымасцей. Так, працэс толькі распачынаецца. Таму мэтазгодным падаецца правядзенне рэгіянальных семінараў, пад час якіх прадстаўнікі райвыканкамаўскіх аддзелаў турызму і культуры, прыватных структур павінны абмяняцца інфармацыяй, каб музеі, скажам, мелі звесткі аб паслугах сядзіб, а сядзібы валодалі данымі пра культурныя паслугі аддзела культуры. Павінны абмеркаваць усе магчымыя шляхі будучай кааперацыі, будучага прасоўвання ўзаемнага турпрадукту, каб турыст пакінуў свае грошы менавіта ў дадзеным, а не ў іншым раёне. А для гэтага патрэбна сумесная ініцыятыўная група па далейшым развіцці раёна.

Прыклад такога ўзаемакарыснага стасункавання можна пабачыць на Валожыншчыне. Ля Вязынкі, да прыкладу, дзейнічае некалькі аграсядзіб — усе яны сарыентаваны на купалаўскую, паэтычную тэматыку...

Не забывайце і пра тое, што лепшыя мастацкія калектывы аддзелаў культуры пастаянна задзейнічаны ў канцэртных мерапрыемствах непасрэдна на саміх аграсядзібах. Мы ўсебакова і гэты кірунак развіваем. І тут не павінны ўзнікаць пытанні, звязаныя з непрапрацаванай як быццам сістэмай аплаты такіх канцэртных паслуг. Усё рэалізуецца на падставе дагавора-падрада…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"