Думка “Дачкі Палесся”

№ 11 (1085) 16.03.2013 - 23.03.2013 г

Зняты літаральна кожны подых персанажа…

Кінадакументаліст Ігар Бышнёў вядомы сваімі дасканалымі відэаэкскурсамі ў свет беларускай прыроды. Яго яркія, запамінальныя вобразы запаведных мясцін нашай Радзімы, іх крылатых і чацвераногіх насельнікаў неаднойчы атрымлівалі высокую адзнаку журы і публікі кінафестываляў адпаведнага кірунку і заўсёды ўпрыгожаць праграму любога тэлеканала. Але гэтым разам таленавіты аўтар, што стала супрацоўнічае з “Беларускім відэацэнтрам”, звярнуўся да апісання жыцця людзей.

Разам з сааўтарам сцэнарыя і прадзюсарам стужкі Юрыем Ігрушам Ігар Бышнёў ізноў апынуўся на любімым Палессі. Гэтым разам — Усходнім, у наваколлі старажытнага Турава. Менавіта там у адной з вёсак жыве гераіня стужкі Кацярына Панчэня — сапраўдная “дачка” вялікай беларускай ракі. З Прыпяццю звязана нават усё жыццё — існаванне кабеты і ейных аднавяскоўцаў, іх жыццёвы расклад і дабрабыт. Стужка “Дачка Прыпяці” вельмі тактоўна, але падрабязна асвятляе быццё палешукоў, цесную сувязь іх духоўнага і матэрыяльнага свету. Здымачная група “Белвідэацэнтра” зрабіла вялікую працу, цягам амаль года адсочваючы ды фіксуючы жыццё сваёй гераіні і яе вёскі. За 52 хвіліны карціна прадстаўляе самыя важныя ды адметныя падзеі сялянскага жыцця, унікальныя абрады, характэрныя для палескіх мясцін, у тым ліку “Юр’еўскі карагод” — першы абрад, што быў занесены ў Спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

/i/content/pi/cult/418/8564/2-3.jpeg

Палешукі з Тураўшчыны арганізавалі фальклорна-этнічны калектыў “Міжрэчча”: менавіта дзякуючы Кацярыне Пальчэня і яе аднавяскоўцам захаваліся каля 100 песень і 10 абрадаў, пераважна — дахрысціянскага перыяду, характэрных для рэгіёна Усходняга Палесся.

“Дачка Прыпяці” — не навукова-папулярнае кіно, а, найперш, аповед пра канкрэтную асобу, паўнавартасная дакументальная аповесць, падзеленая на раздзелы з “гаворачымі” назвамі: “Зіма”, “Хлеб”, “Каляды”, “Мацярынства”, “Сын”, “Плач”, “Душа” ды іншыя. Кожная з гэтых частак прадстаўляе пэўны эпізод з жыцця гераіні і палескіх беларусаў. Вобраз Кацярыны Пальчэня ў стужцы з’яўляецца вельмі сімвалічным і па-мастацку насычаным. У пэўным сэнсе, у Ігара Бышнёва і Юрыя Ігрушы атрымаўся паўнавартасны фільм-партрэт не толькі асобнай кабеты, але і ўсіх палешукоў, іх “народнай душы”.

Неігравая “Дачка Прыпяці” — кіно ў поўным сэнсе мастацкае, са сваёй, дакладна прадуманай, драматургіяй і вельмі трапнай распрацоўкай характару галоўнай гераіні. Усе рысы апошняй, павароты няпростага жаночага жыцця перададзены праз змены стану навакольнага асяроддзя, віру магутнай Ракі са сваім наравістым характарам, які прымушае людзей падладжвацца да яго. Аўтары карціны здолелі абысціся без відавочнага ўмяшальніцтва ва ўнутраны свет гераіні, пры гэтым наблізіўшыся да аб’екта сваіх назіранняў на мінімальную дыстанцыю. “Дачка Прыпяці” толькі выйграе без закадравага дыктарскага тэксту — насычанай гукавой палітры хапае, каб перадаць літаральна подых кожнага з персанажаў.

Трэба таксама аддаць належнае аператарскаму майстэрству стваральнікаў стужкі: шмат якія кадры, знятыя імі для “Дачкі Прыпяці”, з’яўляюцца адзінымі ў сваім родзе. Напрыклад, унікальныя кадры рачной палонкі ў выглядзе крыжа, зробленыя аператарам-дайверам Андрэем Ліхачэевым. Ці вясновае шэсце вяскоўцаў, знятае з верталёта адмысловым шырокавугольным аб’ектывам, — незвычайнае відовішча, што дазваляе ўбачыць родны край з дасюль невядомага ракурсу. Дарэчы, матэрыялу, які зрабіла здымачная група “Белвідэацэнтра” на Тураўшчыне, хапіла яшчэ на адну, асобную стужку, што атрымала назву “Кола часу” і неўзабаве будзе прэзентавана айчыннаму гледачу. Не будзе дзівам, калі абедзве стануць такімі ж рарытэтнымі сведчаннямі аб спрадвечнай народнай культуры, як дакументальныя кадры, знятыя на этнічна беларускай Браншчыне напрыканцы 1920-х. Па іх сёння можна зразумець, як жылі палешукі без малога сто гадоў таму. Тыя здымкі выкарыстоўваюць у сваёй рабоце Бышнёў і Ігруша. Ну а ў тым, што “Дачка Прыпяці” годна прадставіць нашу краіну і яе найцікавейшую культуру на адпаведных міжнародных кінафорумах, — сумневу няма.

На здымку: кадр з фільма "Дачка Прыпяці".