Першая ці… сотая?

№ 11 (1085) 16.03.2013 - 23.03.2013 г

Гомельскі мастак Уладзімір Ціханаў прадстаўляе ў Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава сваю першую персанальную выстаўку. Зрэшты, ці першую? Калі ўлічыць, што ў абласным драматычным тэатры ён працуе з 1982 года і за гэты час аформіў не менш як сто самых розных спектакляў, то… Не сакрэт, што кожнае такое мастацкае афармленне — гэта своеасаблівая персанальная выстаўка на зададзеныя, але абгрунтаваныя ды ўвасобленыя інтуітыўным талентам тэмы.

Своеасаблівая тэтральнасць жывапісу добра адчуваецца і ў цяперашняй экспазіцыі. Адна з залаў амаль цалкам аддадзена эскізам да спектакляў “Ціль Уленшпігель”, “Лёс чалавека”, “Пацалуйце мяне, Генры”, “Усміхаўся месяц белай вішні”… А гэта не толькі таленавітае ўвасабленне таго, што падказана той або іншай драмай, камедыяй, трагедыяй, вадэвілем, але і мастакоўскае адчуванне далёкага і блізкага часу. Адразу ж заўважаеш, што нават эскізная маляўнічасць асацыятыўных увасабленняў — жанрава-карцінная і амаль не кантрастуе з пейзажамі ды нацюрмортамі творцы. Такая акалічнасць прыемна ўражвае, але не здзіўляе, бо асновай усіх жывапісных работ гомельскага мастака з’яўляецца падуладны яму, упэўнены малюнак. Ды і ці можа быць інакш, калі Уладзімір Аляксандравіч — сапраўдны майстар партрэтнага жанру? Знешнасць чалавека, як прызнаецца сам аўтар, рашаючага значэння для яго не мае, — ён імкнецца пісаць духоўную, асобасную сутнасць. Можа, таму і далучыўся да іканапісу. Ціханаў мае дачыненне да афармлення іканастаса храма Святога Харлампія пад Віцебскам. Ёсць абразы яго аўтарства ў цэрквах Расіі, у Пячэрскім манастыры…

/i/content/pi/cult/418/8560/1-3.jpeg

У.Ціханаў. "Пушкін і Анна Керн".

Гледзячы на работы, разумееш, што Уладзімір Ціханаў удумліва любіць тых, каго піша. Гэта бачна і па шматлікіх партрэтах яго дачкі, пачынаючы з ейнага маленства (“Каця”, “Дзяцінства”), а таксама ў карціне “Хрыстос уваскрэсе!”, у якой яна, кранальна-пазнавальная, аберагае агеньчык свечкі як святло веры, што ніколі не павінна згаснуць… Партрэты ўрача, ветэрана вайны, артыстаў, жанчын — усе яны радуюць не толькі ўвасабленнем вонкавага падабенства, але і духоўнай сутнасці. Заслужанага артыста краіны Фёдара Іванова мастак увасобіў у ролі бравага салдата Швейка, але, насуперак нават надзвычай таленавітаму пераўвасабленню, здолеў захаваць нейкую ўнутраную пазнавальнасць знакамітага акцёра… А цэнтральнае месца ў партрэтнай экспазіцыі па праве займае жанравая карціна “Пушкін і Анна Керн”. Дарэчы, Уладзімір Аляксандравіч быў добра знаёмы з легендарным захавальнікам пушкінскіх мясцін у Міхайлаўскім — Сямёнам Сцяпанавічам Гейчанкам, і, па ўласным прызнанні, проста не мог не напісаць гэты твор.

Увогуле, першая, калі лічыць афіцыйна, персанальная выстаўка сябра Беларускага саюза мастакоў Уладзіміра Ціханава, які ў свой час скончыў жывапісны факультэт тэатральнага аддзялення Ленінградскага інстытута жывапісу, архітэктуры і скульптуры імя Рэпіна (цяпер — Акадэмія мастацтваў Расіі), яскрава засведчыла яго шматабяцальны талент…

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ

Светлагорск