Праекцыі Анатоля Ляляўскага

№ 11 (1085) 16.03.2013 - 23.03.2013 г

90-годдзе з дня нараджэння народнага артыста Беларусі, рэжысёра Анатоля Ляляўскага было адзначана ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек паказам спектакляў “Чырвоны Каптурык” і “Чароўная лямпа Аладдзіна”.

Ніякіх урачыстых прамоў, іншых “юбілейнасцей”. У фае — старыя афішы, стэнды з пералікам пастановак (на некаторыя гады прыпадала ажно па шэсць прэм’ер спектакляў Ляляўскага!) і, за што асобая падзяка, фрагментамі з дзённікаў рэжысёра, якія адразу дазваляюць адчуць філасофскую натуру Майстра. У нядаўна адкрытай новай экспазіцыі Музея лялек, што ў пакойчыку на другім паверсе тэатра, — таксама стэнд. І лялькі з пастановак Ляляўскага — найперш, для дарослых. Але галоўнай падзеяй сталі — згаданыя спектаклі.

Назваць іх звыклым азначэннем “рэтраспектыва” немагчыма, бо абедзве пастаноўкі — адны з самых “дзеючых”: амаль па трыццаць гадоў застаюцца надзвычай запатрабаванымі ў рэпертуары, штомесяц праходзячы па некалькі разоў пры аншлагах. Ды не проста “паўтараюцца” на афішы, а жывуць — самым што ні ёсць паўнакроўным жыццём, якое забяспечваюць ім артысты, азорваючы кожную рэпліку ці “гаваркі” жэст сваім неабыякавым стаўленнем.

/i/content/pi/cult/418/8559/1-1.jpeg

Анатоль Ляляўскі.

Таму замест рэтраспекцыі так і хочацца назваць усё гэта — перспектывай. Бо паглядзеўшы даўно бачаныя пастаноўкі наноў, ацэньваеш іх з пазіцый не толькі 1980-х, часоў, калі яны былі створаны, але і з цяперашніх. З вяршыні нашумелага спектакля “Майстар і Маргарыта”, пастаўленага Аляксеем Ляляўскім, які следам за бацькам стаў галоўным рэжысёрам тэатра, многія дасягненні таго ж “Чырвонага Каптурыка” ўспрымаліся скрозь прызму традыцыяналізму. Сёння ж лепш бачныя мастацкія “прароцтвы”: удзел артыстаў нароўні з лялькамі, “прадбачанне” цяперашняй папулярнасці роставых лялек, яркія тэмбравыя і, што таксама надзвычай сучасна, пластычныя характарыстыкі персанажаў, умелая праца з драматургічным арыгіналам — п’есай Я.Шварца, шмат у чым адрэдагаванай-перайначанай, “бяскроўнасць” фіналу (Воўка і Лісу адпраўляюць у заапарк), імкненне да стварэння сямейнага спектакля, цікавага не толькі трохгадовай дзятве, але і больш старэйшым гледачам, уключаючы бацькоў і бабуль-дзядуль. Павучыцца можна і скіраванасці відовішча на гледачоў-”пачаткоўцаў”: кожная з дзвюх дзей, падзеленых антрактам, — па 20-25 хвілін (чым не прыклад для некаторых тэатраў, дзе няшчасных дзяцей “катуюць” па паўтары гадзіны без перапынку, бо баяцца, што тыя збягуць!). А наколькі музычныя яго спектаклі! “Чырвоны Каптурык”, над якім “варажыў” кампазітар Вячаслаў Кузняцоў (яму, дарэчы, належыць і большая частка песенных вершаў), увогуле блізкі да дзіцячага мюзікла: сваю адметную, запамінальную музычную тэму мае кожны герой, а прапанаваны рэжысёрам прыём — размеркаваць куплеты адной песенькі па розных мізансцэнах — падтрымлівае драматургічную стройнасць сістэмай лейтматываў.

/i/content/pi/cult/418/8559/1-2.jpeg

Сцэна са спектакля "Чароўная лямпа Аладдзіна".

Паказаныя да юбілею дзіцячыя спектаклі Анатоля Ляляўскага адразу “праецыруюцца” на яго пастаноўкі для дарослых (ён, між іншым, першым у Беларусі распрацоўваў гэты кірунак, узнімаючы як сатырычна-сацыяльныя, так і міфалагічна-філасофскія тэмы), на цяперашнія замежныя поспехі беларускіх лялечнікаў (ён і тут быў першым), на пастаноўкі Аляксея Ляляўскага, яго вучняў і паслядоўнікаў. А гэта ўжо — стварэнне сапраўднай школы нацыянальнага маштабу і еўрапейскага прызнання…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"