Падзяліць — не падзяліцца?

№ 11 (1085) 16.03.2013 - 23.03.2013 г

Скрушны лёс аднаго сядзібнага дома

Неўзабаве ў нас з’явіцца асаблівая нагода згадаць добрым словам Тадэвуша Рэйтана: 21 красавіка — 240-я ўгодкі тых адлюстраваных на славутай карціне Яна Матэйкі драматычных падзей, якія ўпісалі імя шляхціча з Навагрудчыны ў аналы не толькі беларускай, але і еўрапейскай гісторыі. Аднак ці многія суайчыннікі скарыстаюцца той нагодай, каб аддаць яму даніну пашаны? На жаль, ёсць пэўныя падставы ў гэтым сумнявацца. Бо і леташняе 270-годдзе самога Рэйтана прайшло ў нас амаль незаўважаным — у адрозненне ад суседняй Польшчы, якая ўжо здавён лічыць яго “сваім” нацыянальным героем. Ды і ў старым котлішчы роду — Грушаўцы, што на Ляхавіччыне, — пакуль не да святаў: сядзіба спакваля разбураецца...

Магчыма, яе стан — гэта акурат наступства таго, што мы па-ранейшаму не ўсведамляем, кім быў Тадэвуш Рэйтан і што ён зрабіў для гісторыі нашай краіны.

Напісана пра яго нямала, у тым ліку, і ў асветніцка-папулярным жанры, але… За рэдкім выключэннем, у спісе аўтараў — спрэс польскія прозвішчы. Таму і не дзіва, што нават людзі, якія цікавяцца культурай і гісторыяй Беларусі, часам паціскаюць плячыма: маўляў, “ці наш ён”, ці мае дачыненне да айчыннай гісторыі? Правёўшы не адзін месяц у беларускіх ды замежных архівах і вывучыўшы мноства крыніц, я імкнуўся знайсці адказ, у тым ліку і на гэтае пытанне, не задаволіўшыся звыклым для замежнай гістарыяграфіі сцвярджэннем пра “спаланізаванасць” роду Рэйтанаў.

/i/content/pi/cult/418/8558/2-1.jpeg

Неўзабаве я прыйшоў да высновы, што пра існаванне паўнавартаснай навукова-абгрунтаванай біяграфіі Тадэвуша Рэйтана казаць пакуль досыць праблематычна. Ёсць хіба асобныя факты, якія яшчэ патрабуюць сістэматызацыі ды ўдакладнення і якія ўжо даўно паспелі шчыльна абрасці міфамі. У пэўнай меры, гэта вытлумачальна. Доўгі час згадваць гэтае прозвішча было небяспечна, а калі стала можна, многае ўжо забылася, таму трэба было нейкім чынам ліквідаваць “белыя плямы”. І калі супаставіць розныя крыніцы, атрымаюцца суцэльныя парадоксы: аказваецца, Тадэвуш Рэйтан адначасова вучыўся ў Наваградку і Варшаве, адначасова вёў гаспадарку ў роднай Грушаўцы і мужна біўся недзе на Украіне… Падобна на тое, што дэталі ягонага жыцця ўвогуле мала хвалявалі біёграфаў. Перадусім апошнія ставілі перад сабой задачу стварыць пасмяротны жыццяпіс героя — узор, ідэальную мадэль для выхавання патрыятычнай моладзі.

Таму нават смерць пана Тадэвуша пакуль з’яўляецца суцэльнай таямніцай. Розныя сучасныя публікацыі наперабой сцвярджаюць пра вар’яцтва і самагубства (у роспачы ад падзей на роднай зямлі), а вось як яно было насамрэч? Пэўнага адказу на гэтае пытанне вядомыя мне гістарычныя дакументы не даюць.

Зрэшты, сякія-такія высновы яны ўсё ж дазваляюць зрабіць...

Асіміляваны нашчадак крыжакоў

Як вядома, род Рэйтанаў мае альбо прускае, альбо шведскае паходжанне. Першая адшуканая мной у крыніцах згадка пра яго датуецца 1410 годам і датычыцца крыжацкай Прусіі — Тэўтонскага ордэна. Магчыма, далёкі продак пана Тадэвуша нават паўдзельнічаў у Грунвальдскай бітве — зразумела ж, не на нашым баку. Пагатоў, прозвішча “Рэйтан” перакладаецца з нямецкай мовы як “ехаць верхам”, і яно само па сабе сведчыць, што прадстаўнікі фаміліі не піва варылі — яны былі спадчыннымі ваярамі. Сляды Рэйтанаў прасочваюцца на нямецкіх землях і пазней, прычым захаваліся звесткі пра розныя галіны роду.

Некаторыя крыніцы — у тым ліку і асобныя публікацыі беларускіх аўтараў — сцвярджаюць, нібыта ў наш край род Рэйтанаў прыйшоў ужо з Польшчы, пажыўшы некаторы час у Кракаве. Сказаць, адкуль узялося такое меркаванне, папраўдзе цяжка: ніякіх дакументальных яго пацвярджэнняў я не знайшоў. Можа, справа тут у банальнай памылцы? Рэч у тым, што ў адным з гербоўнікаў акурат перад Рэйтанамі згадваецца род Рэяў, які і сапраўды цесна знітаваны са старой польскай сталіцай. Але ж да нашых герояў ён не мае ніякага дачынення — хіба што апрача сугучнага прозвішча.

Дакладная дата, калі першы з Рэйтанаў ступіў на зямлю Вялікага Княства Літоўскага, нам невядомая, але захаваліся звесткі пра тое, што ўжо ў 1-й палове ХVІІ ст. Ян Рэйтан быў адным з хаўруснікаў Радзівілаў. І калі ён раптоўна (альбо гвалтоўна) памёр у Варшаве, то быў пахаваны гэтымі магнатамі ў Стваловічах (цяперашняя вёска Сталовічы ў Баранавіцкім раёне). Ягоны сын, Марцыян, атрымаў на Полаччыне, каля Невеля, некалькі вёсак — хутчэй за ўсё, як дасведчаны ваяр. Адбылося гэта ў 1659 годзе, у часы ваеннага ліхалецця.

А ў 1683-м Марцыян Рэйтан удзельнічаў у бітве пад Венай, якая спыніла турэцкае нашэсце на Еўропу. Прычым на той момант ён быў на нашых землях ужо “сваім чалавекам”, бо прымаў удзел не толькі ў войнах, але і ў выбарах караля…

Натуральна, можа ўзнікнуць пытанне: адкуль на нашых землях узяўся прускі “рыцар”? Падаецца, тут няма нічога дзіўнага. У сярэдзіне ХVІІ стагоддзя Радзівілы мелі вялікія пранямецкія сімпатыі. А вось пра палякаў кальвініст князь Януш быў, мякка кажучы, невысокай думкі.

Цягам ажно пяці пакаленняў Рэйтаны зарэкамендавалі сябе як самыя блізкія паплечнікі Радзівілаў. Напрыклад, дзед Талэвуша Міхал быў пахаваны ў Нясвіжы, бацька Дамінік доўгі час з’яўляўся сакратаром князя Міхала Казіміра “Рыбанькі”, разам з ім вандраваў па Еўропе. Таму нездарма хроснымі бацькамі другога сына Дамініка Рэйтана — Міхала — сталі сам князь ды ягоная жонка, знакамітая Уршуля Радзівіл. Калі хлопец падрос, ён стаў добрым сябрам знакамітага Пане Каханку ды атрымаў мянушку “вечны юнак”. А ў гонар яго хроснай маці, дарэчы, Дамінік Рэйтан назваў адну з сясцёр Міхала і Тадэвуша. Таму не дзіва, што Радзівілы не раз гасцявалі ў Грушаўцы, якая стала родавым котлішчам Рэйтанаў.

Такім чынам, род хутка і трывала асеў на нашай зямлі ды неўзабаве цалкам асіміляваўся. Натуральна, усе яго прадстаўнікі бралі шлюб з мясцовымі дзяўчатамі, за стагоддзе-другое парадніўшыся з дзясяткамі беларускіх родаў: Гарабурдамі, Валадковічамі (з якога паходзіла маці Тадэвуша), Багдановічамі, Александровічамі, Вайніловічамі, Кубліцкімі, Есьманамі, Рдултоўскімі, Юрэвічамі... Польскіх паненак сярод іх не знойдзеш, ды і адкуль ім тут было ўзяцца?

Дый што казаць, калі яшчэ адзін слынны прадстаўнік роду — выдатны пісьменнік Станіслаў Рэйтан, забыты ў Польшчы ды пакуль не адкрыты тут, — у сваіх творах часам пісаў ад імя старога Ліцвіна, асуджаючы “пальшчызну”, што прыйшла на нашу зямлю. Хаця жыў ён ужо ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, калі ад ВКЛ засталіся адно ўспаміны.

І таму не зусім зразумела, на чым грунтуецца распаўсюджанае сярод польскіх даследчыкаў (Ранкоўскі, Вэнгліцка, Маліноўскі ды іншыя) сцвярджэнне, быццам род Рэйтанаў быў спаланізаваны яшчэ ў XVII стагоддзі. Зрэшты, такое меркаванне агучвалі далёка не ўсе гісторыкі. Прыкладам, знакаміты Сяргей Салаў’ёў напісаў пра Тадэвуша Рэйтана: “…Велізарнага росту літвін”. Ды і іншыя больш-менш неперадузятыя аўтары — скажам, Шуйскі або Строкава, — згадвалі пра яго ліцвінства. Але ў агульным масіве надрукаванага гэтыя даўнія публіцыі — бы кропля ў моры.

/i/content/pi/cult/418/8558/2-2.jpeg

Сарваны спектакль

Праз пэўны час тыя або іншыя падзеі ўспрымаюцца зусім інакш, чым у рэальным вымярэнні. Стаўленне сённяшніх палякаў да першага падзелу Рэчы Паспалітай, бадай, адназначнае, ды і Рэйтан для іх — нацыянальны герой, а вось тады... Тады палітычная эліта Рэчы Паспалітай, сабраная на адмысловы Сойм, каб надаць падзелу законны выгляд, пакорліва пагадзілася са сваёй не вельмі пачэснай роляй бязвольных блазнаў. У людзей былі маёнткі, грошы, уласныя інтарэсы і, вядома, боязь усё гэта страціць. Некаторых “залагодзілі” асабіста — праз подкуп. Таму ініцыятары падзелу былі ўпэўнены, што запланаваны імі спектакль адбудзецца без адхіленняў ад падрыхтаванага сцэнарыя. Але тут раптам падалі галасы маладыя шляхцічы з нешматлікай на гэтым Сойме вялікакняжацкай дэлегацыі...

Тадэвуш Рэйтан і ягоныя паплечнікі — Самуіл Корсак з Ваўкавышчыны ды Станіслаў Багушэвіч з Міншчыны — выступілі супраць усёй эліты сваёй жа краіны ў імя выратавання апошняй. Спробы іх шантажыраваць, падкупіць, запалохаць (уключна нават з пагрозай смяротнага пакарання!) ніяк не змянілі іх бескампраміснай пазіцыі. Прычым, як сведчаць матэрыялы таго Сойму, дзейнічалі яны выключна ў прававым полі, выяўляючы махлярства змоўшчыкаў на чале з кухмістрам Паніньскім. Таму Рэйтан, як мне падаецца, вылучаецца нават сярод іншых не менш адданых радзіме асоб — таго ж Касцюшкі або Каліноўскага. Ён змагаўся словам і перакананнем, без кровапраліцця. І хоць ягоны ўчынак не шмат змяніў у гаротным лёсе Бацькаўшчыны, яго нават ворагі пачалі паважаць.

Як вядома, задачай Сойму было толькі стварыць арэол легітымнасці вакол падзеі, якая ўжо адбылася дэ-факта, — падзелу Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. Таму можа ўзнікнуць пытанне: ці мела сэнс ірваць на сабе кашулю і трымаць галадоўку? Хіба так. Без сумневу, гэтым чынам адважныя ліцвіны спрабавалі давесці ўсяму свету, што сойм — гэта фарс, заснаваны на суцэльнай здрадзе сенатараў і дэпутатаў, запалоханых альбо купленых варожымі дзяржавамі. І Рэйтану з паплечнікамі сапраўды ўдалося зніштожыць тую пастаральную карціну, якую імкнуліся стварыць ініцыятары падзелу: нібыта жыхары Рэчы Паспалітай самі, па сваёй ахвоце, нясуць на талерцы ключы ад брам уласных гарадоў. Пра смелых ліцвінаў ахвотна пісала англійская ды французская прэса, робячы адпаведныя ацэнкі гэтых падзей. І, урэшце, мы ўспрымаем апошнія праз вобразы палатна Матэйкі — недакладнага ў дэталях, але, напэўна, эмацыйна праўдзівага.

Вяртанне ў Грушаўку

Не так даўно польскія СМІ апублікавалі навіну з такім загалоўкам: “Dawne majatki polskich magnatow na Bialorusi mozna kupic za... 100 zl”. Натуральна, у спіс “польскіх магнатаў” трапіў далёка не магнацкі і зусім ужо не польскі род Рэйтанаў ды іх сядзіба ў Грушаўцы. Мала каму вядомы на сваёй Радзіме Тадэвуш Рэйтан пасля смерці стаў “палякам, які гатовы быў аддаць сваё жыццё за Польшчу”.

Лішне нават казаць, што чытаць такое — папраўдзе вельмі прыкра. Але куды больш засмучае той жаласны стан, у якім знаходзіцца сама сядзіба ў Грушаўцы. Пабываўшы там ужо сёлета, убачыў у знакамітай “мураванцы” — найстарэйшым будынку, што памятае самога пана Тадэвуша, — ладны слой снегу, які прасачыўся цераз праламаны дах…

Наколькі вядома, у хуткім часе гэтая сядзіба мае пайсці з малатка — зараз якраз рыхтуюцца прававызначальныя дакументы на яе. Безумоўна, продаж “у добрыя рукі” паспрыяе захаванню самой архітэктурнай спадчыны, але... натуральна, той варыянт, калі ўласнікам здолее стаць кожны ахвотны, выклікае пэўную насцярожанасць. Інвестары, асабліва з іншых краін (а менавіта яны становяцца асноўнымі пакупнікамі шляхецкіх маёнткаў), дбаюць перадусім пра ўласны прыбытак, і наўрад ці ўдасца абцяжарыць іх місіяй захавання нашай нацыянальнай гісторыі.

Перакананы, што сядзіба Рэйтанаў у перспектыве павінна зрабіцца не гатэлем з карчмой, але гісторыка-культурным запаведнікам, стаўшы ў адзін шэраг з сядзібамі Міцкевіча і Касцюшкі, палацамі Сапегаў і рэйтанаўскіх “патронаў” Радзівілаў. Там мусіць быць створаны музей, краязнаўчы даследчы цэнтр, “кропка адліку” турыстычных маршрутаў па наваколлі... І аднаўляць гэты помнік спадчыны мусім мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, тыя, хто лічыць сябе патрыётам сваёй краіны!

Менавіта таму будзе выдатна, калі ў гадавіну гераічнага ўчынку Рэйтана ды яго паплечнікаў мы запачаткуем ратаванне сядзібы ў Грушаўцы — хаця б нават зрабіўшы часовы дах для той жа “мураванкі”. Асабіста я гатовы спрычыніцца да гэтых работ, ахвяраваўшы сваім часам ды сродкамі, і спадзяюся, што мая ініцятыява знойдзе падтрымку.

Уласна, мой сантымент да тых куткоў колішняй Навагрудчыны цалкам вытлумачальны: там — мае карані. А зацікавіўшыся сваім радаводам я адначасова зразумеў, што няма майго радаводу — ёсць радавод маёй краіны, які неабходна вывучаць і перадаваць нашчадкам.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар