Музей-трансформер: павевы моды ці стратэгія?

№ 11 (1085) 16.03.2013 - 23.03.2013 г

Артэфакт як рухавік… прагрэсу

Відавочна, што “трансформер” у спалучэнні са словам “музей” гучыць нязвыкла. Здаецца, музею больш пасуе быць “храмам” або “скарбніцай”, увасабляць грунтоўнасць, рэспектабельнасць, нязменнасць. Але канкурэнцыя на культурным рынку ды спажыва для гледача такія багатыя, што крэатыву не будзе цурацца ні Луўр, ні Эрмітаж. Ну а нашы музеі?

Пару месяцаў таму “К” аналізавала вынікі Другога Мінскага архітэктурнага форуму, які прайшоў у сценах Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура (між іншым, у вэб-версіі газеты тэкст пра падзею ўвайшоў у топ самых чытальных артыкулаў 2012 года. — Рэд.). Яго удзельнікі, маладыя архітэктары і студэнты БНТУ, супольна працавалі на тэмай “Музей-трансформер”. Нагадаем, што гаворка ішла не пра механічную трансфармацыю памяшкання, накшталт той, калі, скажам, у Палацы спорту лядовая пляцоўка ператвараецца ў сцэнічную, але пра трансфармацыю музейнай дзейнасці ў бок набыцця новых, не ўласцівых музею, функцый. Выяўлялася ж сутнасць такой трансфармацыі праз праекты стварэння Беларускага цэнтра скульптуры на базе згаданага Мемарыяльнага музея-майстэрні. Вядома, што вынікі форуму мелі пэўны розгалас у прафесійным асяродку.

Наш карэспандэнт пагутарыў з музейшчыкамі сталіцы і рэгіёнаў, каб высветліць, ці зацікавілі іх ідэі “трансфармацыі”.

/i/content/pi/cult/418/8556/2-1.jpeg

Аксана Багданава, дырэктар Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура:

— Ідэя, мяркую, зацікавіла. У выніковай частцы форуму бралі ўдзел прадстаўнікі сталічных музеяў. Ад іх мы чулі высокую ацэнку нашай працы, нашых намаганняў выйсці па-за межы звыклай музейнай практыкі. Уласна кажучы, функцыя музея -- гэта захаванне і экспанаванне. А калі паглядзець на музей як на прастору сумоўя, у якой прадстаўлены творцы розных спецыяльнасцей: мастакі, мастацтвазнаўцы, артысты, музыканты? Такой музейнай дзеі патрэбны рэжысёр, дызайнер. Больш за тое: глядач у ёй — не пасіўны сузіральнік, але актыўны, паўнавартасны ўдзельнік. Прывабнасць ідэі адзначылі, але пра перайманне калегамі менавіта нашага досведу я пакуль не чула.

Згадаю, праўда, што архітэктар Георгій Заборскі, унук славутага мэтра, узяў у арэнду некалькі пляцовак завода “Ударнік”, што непадалёк ад Акадэміі навук, і рэалізуе там некаторыя ідэі, агучаныя на нашых імпрэзах. Прычым дапамагаюць яму нашы актывісты, якія бяруць удзел, лічы, ва ўсіх праектах Музея-майстэрні.

Між тым, тое, што карысна для мастацтва, для пашырэння культуры, не заўжды карысна для музея. Добра, што ў нашага Музея-майстэрні шмат сяброў, але калі-нікалі мы вымушаны абмяжоўваць колькасць удзельнікаў нашых імпрэз дзеля захавання мікраклімату ў будынку. Нам проста неабходны новыя плошчы -- адкрытыя і закрытыя пляцоўкі. Нядаўна мы звярнуліся ў Мінгарвыканкам з прапановай перадаць Музею-майстэрні З.Азгура так званую Белую дачу на вуліцы Казінца, 54, якая зараз гібее без руплівага гаспадара, для стварэння ў ёй “арт-рэзідэнцыі” — інакш кажучы, музейна-адукацыйнага цэнтра. Наяўнасць дадатковых плошчаў дазволіць дэцэнтралізаваць дзейнасць музея. Экспанатам таксама трэба адпачываць… На Белай дачы мы здолелі б шырэй разгарнуцца з праектамі “Мінск скульптурны”, “Modern + classic. Сучаснае мастацтва ў традыцыйным музеі”, здзейсніць шэраг адукацыйных праграм для дзяцей і дарослых. Адказу пакуль не маем. Спадзяёмся на станоўчае рашэнне…

Надзея Усава, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь па навуковай рабоце:

— Тое, што робіць у Музеі-майстэрні Заіра Азгура Аксана Багданава, — справа цікавая і перспектыўная. Мы ў Нацыянальным мастацкім таксама шукаем новыя формы работы з гледачамі, імкнёмся да таго, каб сябры музея пачувалі сябе ў нашых сценах утульна, прыходзілі да нас не толькі на вернісажы, а, як кажуць, “на агеньчык”. Для гэтага ў Нацыянальным мастацкім музеі на месцы колішняй лекцыйнай залы адкрылася кавярня, якая фактычна стала клубам творчых людзей і, найперш, творчай моладзі, прычым клубам адначасова дэмакратычным і элітарным. Такога ў Мінску раней не было. Сёння, калі ствараецца новы музей або якая іншая культурная ўстанова, ужо на стадыі праекта ў яе структуру закладаецца кропка, дзе можна падсілкавацца. Аднак звычайна ў такіх выпадках маецца на ўвазе толькі адна функцыя -- даць гасцям падсілкавацца. Мы ж разглядаем нашу кавярню як працяг музейнай экскурсіі. Тут глядач за кубачкам гарбаты можа пабачыць яшчэ адну выстаўку. Тут мы плануем ладзіць творчыя сустрэчы з мастакамі, мастацтвазнаўцамі, крытыкамі. І адбывацца такія сустрэчы будуць на фоне мастацкіх твораў на сценах альбо відэашэрагу на экране тэлевізара. На сценах, беручы да ўвагі памеры памяшкання, многа не змесціш, а ў відэафільм можна “ўціснуць” хоць усё сваё творчае жыццё разам з прыватным. Кавярня будзе скарыстоўвацца і як лекцыйная зала. Фільмы-лекцыі па актуальных пытаннях сучаснага, зноў жа, будуць транслявацца на тэлеэкране. Зараз думаем пра тое, як зрабіць, каб тая кавярня працавала і пасля таго, як сам музей, экспазіцыйныя залы зачыняюцца. А ў цёплую пару года, з мая па верасень, кавярня будзе працаваць у двары музея.

Іна Казакова, дырэктар Чавускага краязнаўчага музея:

— Зараз у нашым музеі ідзе капітальны рамонт. Мяркую, пасля таго, як ён скончыцца, будзе шмат ахвотных пабачыць адноўленую экспазіцыю ў адрамантаваным будынку. Праца ж над новай экспазіцыяй паспрыяе пошуку і рэалізацыі новых ідэй па пашырэнні нашай аўдыторыі. Дарэчы, у гэтым напрамку мы працуем даўно. З 2007 года ў музеі, у зале этнаграфіі, мы ладзім вяселлі у, так бы мовіць, інтэрактыўным фармаце. Для замоўцы такая імпрэза каштуе не надта вялікіх грошай, а першыя такія вяселлі мы ўвогуле праводзілі бясплатна: каб адпрацаваць сцэнарый, каб быў розгалас, каб людзі ведалі.

Гэтай праграмай я прадстаўляла наш музей на леташнім Першым Музейным форуме ў Гродне. Адзначу, што кожны фрагмент імпрэзы пабудаваны на фальклоры, у тым ліку і на нашым, чавускім. Такім чынам, свята сумяшчаецца з экскурсіяй па аддзеле этнаграфіі, дзе маладых і гасцей знаёмяць з побытавымі прыладамі, якія на вясельным абрадзе маюць сімвалічнае значэнне. Гэта сутнасны момант: імпрэза ладзіцца на музейным экспазіцыйным шэрагу. Натхняе тое, што маладым людзям гэта даспадобы. Памятаю, было вяселле: жаніх — мясцовы, нявеста — з Мінска. Пасля чула ад сталічных гасцей: “Прыкольна!”.

Дарэчы, ідэю правядзення вяселляў у музейных сценах падаў адзін мясцовы прадпрымальнік. Маўляў, такі значны дзень, а рэжысура паўсюль і заўжды аднолькавая: ЗАГС, а -- далей кавярня ці рэстаран…

Наконт іншых фальклорна-этнаграфічных імпрэз -- не ведаю. Не ўсялякі фальклор можна ўключыць у сучасны кантэкст, не ўсё з мінулага пасуе сённяшняму побыту. Аднак працаваць дзеля адаптацыі спадчыны ў сучаснасць -- трэба. У гэтым сэнсе варта прыгледзецца да маладзёжнай субкультуры -- зразумець, што прываблівае. Здолелі ж калісьці “Песняры” спалучыць фальклор з сучаснымі рытмамі…

Плануем і такую форму прыцягнення гледача, як “размова ля карціны”. Абвестка ў фае інфармуе, пра якую карціну экспазіцыі будзе гаворка, дзе кожны зможа выказацца. Тут жа можна будзе паслухаць меркаванні мастацтвазнаўцы.

Музей прынята ўспрымаць як храм, але тут можна і час з густам бавіць. У гэтым сэнсе нават вельмі спецыфічны музей можа быць цікавым. У бліжэйшы час мы збіраемся прадставіць у сябе дыпломныя работы беларускіх аніматараў, хоць да выяўленчага мастацтва кіно мае дачыненне ўскоснае. Аднак гэта можа быць цікава нашым наведвальнікам…

Тамара Джумантаева, дырэктар Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка:

-- Мы -- запаведнік, а значыць -- комплекс. У краіне толькі тры гісторыка-культурныя запаведнікі: у Полацку, Нясвіжы і Заслаўі. Паколькі ў нашай структуры -- адзінаццаць музеяў рознай тэматыкі, дык на іх базе мы можам рэалізаваць самыя разнастайныя творчыя праекты. Фактычна мы можам зрабіць усё, што заўгодна, -- была б патрэба. Нейкіх абмежаванняў нам ніхто не ставіць. А, у прыватнасці, тэатралізацыя экскурсій нават вітаецца. Але, на маю думку, усё мусіць быць скіравана на папулярызацыю менавіта нашых музейных экспазіцый, сваіх артэфактаў, мы не павінны аддаваць уласныя пляцоўкі пад раскрутку чужых брэндаў. Гэта момант прынцыповы.

У нас ёсць і свая канцэртная зала -- Полацкі Сафійскі сабор. Ужо трыццаць гадоў у саборы ладзяцца канцэрты. Арганізацыя музычных фестываляў для нас -- такая ж важная справа, як і клопат пра музейныя экспазіцыі. Цяпер у нас створаны сектар турызму. Для музейшчыкаў гэта справа, скажам шчыра, нязвыклая, але будзем успрымаць яе як спецыфічную праяву “трансфармацыі”.

Навацыі ў музейнай справе неабходныя. У гэтым сэнсе ідэя “музея-трансформера” можа быць плённай, але ўсё ж такі музей павінен заставацца музеем, не адыходзіць надта далёка ад звыклых функцый. Са свайго досведу магу сказаць, што ў музейнай справе важны не ажыятаж вакол пэўных праектаў, а грунтоўнасць і стабільнасць. Да стабільнасці мы і імкнёмся…

Ніна Свяжынская, дырэктар Расонскага ваенна-гістарычнага музея:

-- Спецыфіка нашага музея выяўлена ўжо ў яго назве. Ягоная тэматыка вызначае нашу дзейнасць. Праўда, калі-нікалі даводзіцца чуць, што ваенная тэма сябе ўжо вычарпала, з чым асабіста я пагадзіцца не магу. Тэма -- па-ранейшаму актуальная, проста, трэба шукаць новыя формы яе прэзентацыі, асабліва калі гаворка ідзе пра моладзь. Аднак у нашым музеі ёсць і раздзел этнаграфіі і побыту, так што мы не толькі пра вайну распавядаем. Ладзім мерапрыемствы па-за межамі ўстановы, у прыватнасці, ездзім з перасоўнымі выстаўкамі па раёне, арганізоўваем маршруты па мясцінах партызанскай славы. Тэатралізацыю на гэтых мерапрыемствах нам забяспечваюць супрацоўнікі Раённага дома культуры. Напрыклад, у рэканструяваным партызанскім лагеры. І гэта лагічна: кожны павінен рабіць сваю справу. Музейшчыкі -- чытаць лекцыі, артысты -- ладзіць відовішча…

Наш музей працуе ў звычайным рытме. Адзначаем юбілей абароны Масквы, потым -- юбілей Сталінградскай бітвы, потым — вызвалення Беларусі, а ў перспектыве -- чарговы юбілей Вялікай Перамогі. Нам гэта звыкла, нашай аўдыторыі -- таксама. Патрэбы ў радыкальных зменах я не адчуваю…

Як бачым, хоць словазлучэнне “музей-трансформер” яшчэ рэжа слых сваёй нязвыкласцю, але ідэя трансфармацыі музейнай прасторы ў мультымедыйную ў Беларусі, насамрэч, рэалізуецца ўжо не адзін год. Бо жыццё прымушае. У розных музеях гэта робіцца па-рознаму, у залежнасці ад ментальнасці аўдыторыі, мясцовых традыцый ды варункаў, зрэшты — ад фінансавых магчымасцей. Для адных “трансфармацыя” -- гэта тэатралізацыя экскурсій, для другіх -- скарыстанне музейных залаў пад святочныя імпрэзы па замове, для трэціх -- стварэнне прасторы нефармальнага сумоўя. А хтосьці здольны ўсё гэта аб’яднаць ды яшчэ нешта прыдумаць…

Ужо ёсць досвед, ёсць ідэі — усім гэтым варта падзяліцца з калегамі-музейшчыкамі праз нашы старонкі. А якія праекты жыццяздольныя, якія -- не, пакажа час…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"