"Крокі" № 2 з пяці краін

№ 11 (1085) 16.03.2013 - 23.03.2013 г

Маладая Мельпамена

Шэсць спектакляў з пяці краін свету будуць прадстаўлены на сцэне Новага драматычнага тэатра 25 — 28 сакавіка ў рамках Мінскага міжнароднага дзіцячага тэатральнага форуму "Крокі".

Нягледзячы на тое, што фестываль праходзіць толькі другі раз, ён ужо мае сваіх аматараў і сярод дзіцячай аўдыторыі, і сярод дарослай. Гэта невыпадкова, бо мерапрыемства, якое першапачаткова задумвалася як чарговая акцыя па падтрыманні таленавітай моладзі, зараз здзіўляе высокім узроўнем падрыхтоўкі маладых артыстаў, разнапланавасцю праектаў і шырокай геаграфіяй самога форуму. Так, мінулым разам сваё майстэрства прадэманстравалі дзіцячыя калектывы з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы і Ізраіля, а сёлета гледачы змогуць атрымаць асалоду яшчэ і ад пастановак з Польшчы ды Малдовы.

/i/content/pi/cult/418/8553/1-2.jpeg

Распачнецца форум спектаклем у жанры "Вясёлае хуліганства" ад Мінскай дзіцячай тэатральнай школы № 1 пры Новым драматычным. Героі пастаноўкі пад назвай "Усе хлопцы дурні!" распавядуць пра тое, як страшная пачвара выкрала тату аднаго з хлопчыкаў, і каб яго выратаваць, пісьменніку Пумпачкіну трэба вярнуцца ў дзяцінства ды напісаць казку. Па словах загадчыка літаратурнай часткі Новага драматычнага тэатра Андрэя Карэліна, гэта не толькі лёгкае забаўляльнае прадстаўленне для дзетак, але і казка з мараллю для іхніх бацькоў, якія вельмі часта забываюць, што і самі калісьці былі маленькімі…

Увогуле, усе праекты форуму зусім не падаюцца "дзіцячымі" — гэта сур’ёзныя работы, прадстаўленыя ў самых неверагодных жанравых формах. Напрыклад, расійскі тэатр-студыя "Дыялог" пакажа спектакль-прытчу для дзяцей і бацькоў "Усе мышы любяць сыр", беларускі тэатр са Светлагорска "Вожыкі ў тумане" — інтэрактыўна-дыдактычную казку "Прывітанне!", а вулічны тэатр "DH" з Польшчы будзе здзіўляць вядомай гісторыяй Льюіса Кэрала на сучасны польскі лад "Алекс у краіне цудаў". Сярод прадстаўленых спектакляў гледачы змогуць убачыць нават драму пад назвай "Піф-паф — ты забіты!" літоўскага дзіцяча-юнацкага тэатра "Саўла", дзе паказана гісторыя хлопчыка Джошаса, які ніяк не можа знайсці агульную мову ні з аднакласнікамі, ні з бацькамі, ні з настаўнікамі.

Плануецца таксама і адзін пазаконкурсны спектакль — "Нязнайка і яго сябры" Маладзёжнага драматычнага тэатра "З вуліцы Руж" з Малдовы. Акцёры наведаюць дзіцячы форум "Крокі" якраз пасля завяршэння тэатральнага фестывалю "М.@rt.кантакт" у Магілёве, дзе яны выступяць з псіхалагічнай драмай "ЭКВУС".

Цікава, што ацэньваць пастаноўкі будуць адразу тры "камісіі": асноўнае журы, журы прэсы і дзіцячае журы.

— Форум "Крокі" — гэта не проста пляцоўка для раскрыцця патэнцыялу маладых тэатралаў, — адзначыла дырэктар тэатральнай школы № 1 Людміла Семіжон, — а яшчэ і сродак умацавання міжнародных культурных сувязей, выдатная магчымасць развіць добры мастацкі густ у дзяцей і моладзі. Нягледзячы на тое, што наш фестываль яшчэ зусім малады, мы ўжо можам пахваліцца высокім узроўнем акцёрскага майстэрства, сцэнаграфіяй і беларускіх калектываў, і тых, хто да нас прыязджае…

Н.П.