Дзень нараджэння волата-аргана

№ 11 (1085) 16.03.2013 - 23.03.2013 г

Фуга ў гонар...

Цягам пяці вечароў, з 9 красавіка па 6 мая, у рамках фестывалю “Мінская вясна” на сцэне Белдзяржфілармоніі будзе гучаць магутны голас найбуйнейшага ў Беларусі аргана, што сёлета “святкуе” свой 50-ы дзень нараджэння.

На працягу ўжо трыццаці гадоў, традыцыйна ў сярэдзіне красавіка — на пачатку мая, у трох залах Белдзяржфілармоніі (Вялікай, Малой зале імя Р.Шырмы і Зале камернай музыкі) вядомыя салісты пад кіраўніцтвам знаных дырыжораў выконваюць шэдэўры класічнай музыкі. Фестываль, які калісьці, у 1984-м, задумваўся як звычайны канцэрт, прысвечаны вызваленню краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, літаральна за некалькі гадоў набыў статус міжнароднага і сёння лічыцца адным з самых значных фестываляў класічнай музыкі на Беларусі. Цікава, што кожны раз цыкл канцэртаў прымяркоўваецца да важных гістарычных падзей, юбілеяў вялікіх кампазітараў мінулага і сучаснасці, “дзён нараджэння” музычных інструментаў.

— Гэтым разам, — расказвае мастацкі кіраўнік Белдзяржфілармоніі Юрый Гільдзюк, — “Мінская вясна” святкуе пяцідзесяцігоддзе самага вялікага ў краіне аргана, што “жыве” тут, у філармоніі, у Вялікай зале. Акрамя таго, сёлетні фестываль супадае і з юбілеем грандыёзнага аргана ў саборы Нотр-Дам дэ Пары, якому спаўняецца 850 гадоў. Былі планы наладзіць он-лайн-трансляцыю з саборам Парыжскай Божай Маці ў гонар Сусветнага дня аргана і пачуць голас самага сапраўднага “дзядулі” сярод арганаў. Але ці ажыццявіцца наша задума, будзе вядома крыху пазней…

Распачнецца фестываль гала-канцэртам з удзелам вядомых беларускіх і расійскіх арганістаў — Ігара Алоўнікава (Мінск), Ксеніі Пагарэлай (Полацк), Канстанціна Шарава (Мінск), Марыны Воінавай (Масква), — якія выканаюць творы Георга Гендэля, Персі Флэтчара, Алега Янчанкі ды іншых.

У другі канцэртны дзень — 13 красавіка — слухачоў чакае канцэрт для аргана з канцэртуючымі і акампануючымі інструментамі. Марцін Ціман (Германія), Дзмітрый Сінькоўскі (Расія), ансамбль “Камерныя салісты Мінска” пад кіраўніцтвам дырыжора Дзмітрыя Зубава (Расія) прадставяць шэдэўры арганнай музыкі Іагана Себасцьяна Баха і Антоніа Вівальдзі. А 17 красавіка ў рамках канцэрта “Выдатныя арганісты свету” выступіць нямецкі музыкант Іаганэс Геферт. Прадэманструюць сваё майстэрства і маладыя беларускія арганісты Валянціна Бандарэнка, Вольга Таборка, Калініка Мядзведзева, Вольга Падгайская, Кацярына Нікалаева, Уладзімір Неўдах.

Кульмінацыяй фестывалю стане выступленне саліста Маскоўскай дзяржаўнай акадэмічнай філармоніі Аляксандра Фісейскага, у мінулым саліста Белдзяржфілармоніі, які прадставіць праграму “Французскі сімфанічны арган”, прысвечаную Сусветнаму дню аргана і старадаўняму інструменту сабора Нотр-Дам.

Н.П.