Культурная сталіца Беларусі і СНД-2013 — Магілёў — гэтай вясной кардынальна зменіць свой імідж. А паколькі стыль горада — справа не толькі кіруючых колаў, але і ўсіх жыхароў, Магілёўскі гарвыканкам сумесна з мясцовымі культурнымі грамадскімі аб’яднаннямі вырашыў правесці маштабную акцыю пад назвай "Кірмаш праектаў", дзе кожны ахвотны змог прапанаваць сваю ідэю па іміджавых ператварэннях горада.
Яшчэ напрыканцы студзеня бягучага года пад час прэзентацыі з вялікай колькасці прапанаваных ідэй, якіх, пэўна, хапіла б і на некалькі абласных цэнтраў, было выбрана 16 праектаў. І толькі пару дзён таму арганізатары акцыі назвалі імёны тых, хто будзе ўносіць сваю лепту ў стварэнне іміджа абласнога цэнтра. Намеснік начальніка аддзела культуры Магілёўскага гарвыканкама Ірына Жаббарава расказала карэспандэнту "К", якія ж праекты і калі змогуць убачыць жыхары і госці горада:
— Сёлета Магілёў абвясцілі Культурнай сталіцай Беларусі і СНД. Гэта абавязвае горад не толькі быць на высокім узроўні ў плане архітэктуры, мастацтва, эстрады, але і мець свой асабісты стыль. "Кірмаш праектаў" якраз дае магчымасць нам разам з усімі жыхарамі Магілёва зрабіць яго такім, якім ён варты быць. Дзеля гэтага сумесным рашэннем арганізатараў акцыі былі выбраны праекты Паэзія ў метро", прапанаваная Таварыствам беларускай мовы, два праекты гарадскога тэлебачання "Другі канал" і фестываль "Троіцкі кірмаш" Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Усе гэтыя ідэі ўжо пачынаюць патроху ажыццяўляцца.
Што да праекта "Палатно гісторыі ў стылі графіці" маладзёжнай арганізацыі "Грамадзянскі форум", дык з ім узніклі пэўныя цяжкасці. Першапачаткова аўтары прапанавалі адлюстраваць ключавыя моманты гісторыі Магілёва на сценах завода "Строммашына", але потым вырашылі, што будзе не вельмі правільна "абмалёўваць" завод. І таму мы па-ранейшаму знаходзімся ў пошуках пляцоўкі для "гістарычнага" графіці…
Самай простай па задуме і выкананні аказалася ідэя Таварыства беларускай мовы і гісторыка Аляксандра Агеева "Паэзія ў метро", хаця ў выпадку Магілёва гэта, хутчэй, "Паэзія ў тралейбусах і аўтобусах". Вершы беларускіх класікаў і сучаснікаў будуць размяшчацца ў салонах транспартных сродкаў. Крыху пазней, як адзначыла Ірына Жаббарава, плануецца падключыць яшчэ і гукавую рэкламу, каб жыхары горада маглі атрымаць асалоду ад паездкі пад гукі роднай мовы. Пачытаць і паслухаць вершы беларускіх аўтараў магіляўчане змогуць ужо напрыканцы сакавіка.
У красавіку ж распачнецца ажыццяўленне тэлевізійнага праекта "Ратуша" гарадскога канала "Магілёў-2". Аўтар ідэі Алена Барысава патлумачыла, што дадзеная праграма з’яўляецца працягам мінулых праектаў канала — "Старонкі гісторыі" і "Гісторыя побач", якія вельмі падабаліся гледачам. Дакументальна-асветніцкая перадача "Ратуша", у адрозненне ад былых праектаў, будзе распавядаць выключна пра гісторыю Магілёва. Алена Барысава адзначыла, што галоўная мэта "Ратушы" — паказаць не толькі падзеі мінуўшчыны, але і тое, як яны паўплывалі на сучаснасць горада. Таму, акрамя расповеду аб гісторыі, у праграму будуць уключаны тэле-замалёўкі аб архітэктуры Магілёва і размовы з творчымі людзьмі.
Другім тэлевізійным праектам стаў "Рэкламна-тэлевізійны флэшмоб" Ігара Кандрацьева, які плануецца запусціць у маі.
— Гэта будзе амаль класічны флэшмоб, — патлумачыў Ігар Кандрацьеў, — але без спантаннасці. У пэўны дзень у адзін і той жа час на некалькіх пляцоўках горада ўдзельнікі і дзіцячых, і дарослых харэаграфічных калектываў пачнуць выконваць загадзя адрэпеціраваны танец. Усё гэта запішам, зманціруем і будзем пракручваць перыядычна, як рэкламу, па тэлебачанні. Галоўнае для нас — паказаць, што Магілёў — гэта горад, дзе творчасць нараджаецца спантанна…
Самым маштабным праектам мае быць фестываль "Троіцкі кірмаш", які пройдзе на этнахутары "Зялёны гай", што непадалёк ад Магілёва. Пяць падворкаў (сялянскія хаты з шэрагам гаспадарчых пабудоў), многім з якіх ужо больш за сто гадоў, старажытная мэбля, тэкстыль, фотаздымкі, прадметы побыту — лепшага месца для правядзення народнага свята і не прыдумаеш. Арганізатары фестывалю — Студэнцкае этнаграфічнае таварыства і Магілёўскі гарвыканкам — паспрабуюць узнавіць тую неверагодную атмасферу Троіцкага кірмашу.
— Будуць і гульні, і выступленні народных калектываў, і рамеснікі, і батлейка, і беларуская традыцыйная кухня з дранікамі ды медавухай, — кажа Ірына Жаббарава. — Важна, каб удзельнікі фестывалю змаглі адчуць рытм жыцця і мысленне нашых продкаў, адгуляць святочны кірмаш так, быццам чакалі яго ўвесь год…