Пайсці ў Скокі

№ 10 (1084) 09.03.2013 - 16.03.2013 г

Палац Нямцэвічаў: там, дзе на Усходнім фронце былі перамены…

Сядзіба Нямцэвічаў у вёсцы Скокі Брэсцкага раёна, нягледзячы на даволі сціплы сучасны знешні выгляд, з’яўляецца не толькі помнікам архітэктуры, але і месцам, дзе ў літаральным сэнсе стваралася гісторыя.

Першая згадка пра сядзібу адносіцца да 1550-га, калі яе ўладальнікам быў Сямён Клувода, да якога фальварак перайшоў ад продкаў. На працягу прыкладна 150 гадоў гаспадарамі сядзібы былі і пан Чыжэўскі, і Балтазар Баброўніцкі, і княжацкі род Шуйскіх. І толькі на пачатку XVIII стагоддзя Скокі перайшлі Аляксандру Нямцэвічу, род якога вядомы з XVI стагоддзя.

/i/content/pi/cult/417/8540/1-1.jpeg

Сядзіба Нямцэвічаў у Скоках перад рэстаўрацыяй
і пад час яе

У 1796-м, праз два пакаленні гаспадарання ў Скоках Нямцэвічаў, сядзіба адышла ў спадчыну да Юліяна Урсына Нямцэвіча — пісьменніка, ад’ютанта Тадэвуша Касцюшкі, аднаго з аўтараў Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 1791 г. Пры жыцці Юліяна ў Скоках мелася багатая калекцыя карцін Ван Дэйка, Тэрнэрса, Барталамэа, захоўвалася яго перапіска з Чартарыйскім, Гамільтанам, Рылеевым, Міцкевічам. Было шмат і іншых каштоўных прадметаў: ад’ютанцкія эпалеты, ордэны, каштоўная калекцыя табакерак, падораных расійскім імператарам Паўлам І, французскім палкаводцам Напалеонам, першым прэзідэнтам ЗША Джорджам Вашынгтонам.

/i/content/pi/cult/417/8540/1-2.jpeg

Пасля паражэння паўстання 1830 — 1831 г. Юліян Нямцэвіч эміграваў у Парыж, а фальварак быў канфіскаваны па загадзе Мікалая І. Толькі ў 1890-м вотчына Нямцэвічаў ізноў была вернута законным гаспадарам.

Пад час Першай сусветнай вайны сядзіба ў Скоках цягам двух гадоў з’яўлялася стаўкай галоўнакамандуючага Усходнім германскім фронтам Прынца Баварскага Леапольда. І менавіта тут 15 снежня 1917 г., на другім паверсе дома Нямцэвічаў, была падпісана мірная дамова, якая папярэднічала вядомаму Брэст-Літоўскаму міру.

Чаму ж мірная дамова была падпісана менавіта ў гэтым палацы? Як патлумачыў Анатоль Гладышчук, краязнаўца, аўтар кнігі “Нямцэвічы. Сапраўдныя гісторыі”, справа ў тым, што Белы палац у Брэсце быў яшчэ не падрыхтаваны, а перамір’е трэба было заключаць тэрмінова, таму лепшага месца, чым фальварак Нямцэвічаў, не існавала. У выніку 95 гадоў таму ў Скоках і была скончана Першая сусветная вайна на Усходнім фронце.

Пасля той вайны сядзіба мела сумны выгляд: была разбурана фамільная капліца, канюшня, брама, пацярпеў парк, а сам палац поўнасцю разрабавалі пад час адступлення нямецкіх войскаў. У 1922 годзе 23 карціны з калекцыі Нямцэвічаў паступілі ў Калужскі гістарычны музей і толькі ў 1959-м пяць з іх былі перададзены Гродзенскаму гісторыка-археалагічнаму музею.

/i/content/pi/cult/417/8540/1-3.jpeg

Партрэт Юліяна Урсына Нямцэвіча

Штуршком у аднаўлені сядзібы стала навуковая канферэнцыя “Сустрэча з Нямцэвічамі”, на якую ў маі 2002-га прыехалі прадстаўнікі роду з розных краін Еўропы і нават з-за акіяна. Пасля гэтай сімвалічнай падзеі пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь сядзібна-паркавы комплекс быў уключаны ў спіс прыярытэтных аб’ектаў рэстаўрацыі. Праз чатыры гады пасля прыняцця пастановы сядзібу пачало аднаўляць прадпрыемства “Брэстрэстаўрацыя”. Першапачаткова аб’ект планавалася здаць да канца 2009-га, але з-за недахопу фінансаў работы прыпыніліся. Сядзіба, у якую ўжо на той момант было ўкладзена больш за 1,3 млрд. рублёў, нават не ахоўвалася, бо ні заказчык у асобе Брэсцкага раённага ўпраўлення капітальнага будаўніцтва, ні падрадчык ніяк не маглі вырашыць, хто ж з іх з’яўляецца “гаспадаром” комплексу і павінен забяспечваць ахову помніка…

З сярэдзіны 2010-га рэстаўрацыйныя работы аднавіліся. Амаль за год былі праведзены ўнутраныя работы: сістэмы водазабяспечання, каналізацыі, электрычных сетак. Уражвала і праца, выкананая ў экстэр'еры будынка: былі адноўлены і пакрыты ліставой меддзю дзве вежкі, адрамантаваная і фасадная частка палаца з боку парку.

У 2012-м рэстаўратары прыступілі да другога этапа сядзібы — унутранага афармлення: узнавілі дзверы і лесвіцы, якія злучаюць першы і другі паверхі. Гэтыя канструкцыі былі выкананы з дубу першага гатунку — не горшага, чым той, які выкарыстоўваўся пры будаўніцтве ў XVII стагоддзі. Цікава, што падлогу сядзібы афармлялі не паркетнай дошкай, а наборам элементаў з дошчачак розных гатункаў дрэў.

/i/content/pi/cult/417/8540/1-4.jpeg

Тытульная старонка кнігі Юліяна Урсына Нямцэвіча "Гістарычныя спевы"

Як распавёў дырэктар Гісторыка-мемарыяльнага музея “Сядзіба Нямцэвічаў” Сяргей Семянюк, за апошнія пяць з нечым гадоў у сядзібу было ўкладзена каля 4 млрд. рублёў, і калі не будзе такіх праблем з фінансаваннем, як у першыя гады рэстаўрацыі, то ўсю працу плануецца скончыць прыкладна праз два гады. За гэты час патрэбна будзе аднавіць унутранае афармленне двух паверхаў, “адрэстаўраваць” парк і паставіць памятны знак. Ужо зараз музей мае дзве гатовыя залы, дзе размяшчаецца выстаўка ўніформы і экіпіроўкі армій — удзельніц Першай сусветнай вайны, прысвечаная 95-годдзю падпісання мірнай дамовы ў Скоках. Праўда, усе гэтыя экспанаты — з прыватных калекцый. Але ў музея ўжо ёсць і свой, пакуль яшчэ адзіны, сапраўдны экспанат — кніга, выпушчаная
ў 1859-м у Пецярбургу: “Гістарычныя падарожжы” Юліяна Урсына Нямцэвіча. Гэты рарытэт Сяргей Семянюк зусім выпадкова знайшоў у Інтэрнэце. Набыць жа рэдкі экзэмпляр дапамог Брэсцкі райвыканкам.

І, канешне ж, нягледзячы на рэстаўрацыйную працу, у музеі праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы. У прыватнасці, летась у снежні прайшла першая ў Беларусі ваенна-гістарычная рэканструкцыя баёў перыяду 1916 — 1917 гг., у якой узялі ўдзел больш за пяцьдзясят аматараў гісторыі Першай сусветнай з Беларусі, Расіі і Украіны. На думку аднаго з арганізатараў падзеі, Аляксандра Жаркова, мерапрыемства мае ўсе шанцы стаць штогадовым і набыць яшчэ большы размах. Акрамя таго, у Скоках па-ранейшаму плануецца святкаваць дзень нараджэння Юліяна Урсына Нямцэвіча, дзень падпісання ваеннага перамір’я і праводзіць ужо традыцыйную навукова-практычную канферэнцыю “Сустрэчы з Нямцэвічамі”…