Радзівон БАС: “Калі прыходзіць “Славянскі базар”, прачынаюцца ўсе музы Віцебска”

№ 48 (814) 01.12.2007 - 07.12.2007 г

Радзівону Міхайлавічу БАСУ 29 лістапада споўнілася 55 гадоў. Для Віцебска, дый і для ўсёй культурнай прасторы рэспублікі, гэта не толькі факт яго асабістай біяграфіі, але і два вышэйшыя балы (дзве “пяцёркі”) за яго адданасць любімай справе, міжнароднаму форуму мастацтваў, любімаму гораду, у якім ён нарадзіўся і жыве, і культуры ўвогуле, якую ён любіць, адчувае і з’яўляецца яе неад’емнай часткай. Нязменны дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, дырэктар Дзяржаўнай установы “Цэнтр культуры “Віцебск”, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь... Гэты спіс можна доўжыць. Акрамя таго, Радзівон Міхайлавіч — любячы муж, бацька і сын.

 /i/content/pi/cult/139/854/VIP.jpg
— Што гэтае свята значыць для вас і ці адчуваеце вы сябе на гэтыя гады?
— Узросту не адчуваю ўвогуле. Мабыць, таму, што вакол мяне вельмі шмат маладых, юных і таленавітых калег, што ў мяне яшчэ дзеці малыя. Хаця ўзрост досыць салідны. Узгадваю пра яго, толькі калі бяру ў рукі медыцынскую карту (смяецца), — там з’яўляецца ўсё больш запісаў. На пяцьдзесят гадоў у мяне было вялікае свята, прыязджалі віншаваць і “Новыя рускія бабкі”, і Ціхановіч з Паплаўскай, і “Хор Турэцкага”, шмат сяброў і калег, а зараз гэта проста дзень нараджэння.
— Ёсць такая прыказка: “Скажы мне, хто твой сябар, — і я скажу, хто ты”. Раскажыце пра людзей, якія былі і застаюцца вашымі самымі лепшымі сябрамі.
— Не веру і вельмі скептычна адношуся да тых людзей, якія сцвярджаюць: “У мяне шмат сяброў!”. Не можа такога быць. Шмат знаёмых, калег, супрацоўнікаў. Я ў слова “сябар” укладваю вялізнае значэнне, для мяне гэта — самы блізкі чалавек. Для мяне, канешне, мая жонка — першы сябар, маці, дзеці. На жаль, у маім жыцці ўжо наступіў той час, калі людзі, якія для мяне з’яўляліся сябрамі, сыходзяць. Я кажу пра свайго вялікага сябра, які быў блізкі мне па духу, па натуры, — пра Міхаіла Шульмана. Яго ўжо няма тры гады. І няхай усе астатнія, мае блізкія, з кім я кантактую, не крыўдзяцца. Сябар вельмі шмат для мяне значыць.
— У вас мноства званняў, дыпломаў і ўзнагарод, а якое з прызнанняў было самым прыемным?
— Глыбока ўдзячны і высока цаню адну — гэта званне “Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь”, якое Указам Прэзідэнта я атрымаў 20 лютага 2002 года. Гэта прызнанне краіны, у якой я жыву, той справы, якой займаюся шмат гадоў, і гэта не толькі мая заслуга, але і маіх калег. Кіраўнік беларускай дзяржавы вельмі сур’ёзна адносіцца да ўзнагарод, гэта важная адзнака.
— Віцебскі гарадскі цэнтр культуры, які вы ўзначальваеце, нядаўна пашырыўся і ператварыўся ў вялікі культурны холдынг. Раскажыце, калі ласка, пра яго новыя функцыі і асаблівасці.
— Аналагаў такога Цэнтра ў краіне няма. Усё даводзіцца рабіць з нуля. Сёння гэта, у першую чаргу, вялізны калектыў (больш за 500 чалавек), вялізная тэхнічная служба. Было вырашана аб’яднаць у горадзе ўсе магчымасці для правядзення на высокім узроўнівялікай колькасці культурных праектаў-фестываляў, форумаў, гастрольных канцэртаў. Увесь свой тэхнічны і творчы патэнцыял дзяржаўнага аб’яднання “Цэнтр культуры “Віцебск” мы праверым вельмі хутка — ужо з 20 снежня пачынаецца навагодняя кампанія. Наперадзе шмат вялікіх праектаў і праграм.
— Якія культурныя праекты чакаюць віцябчан і гасцей горада ў 2008 годзе?
— Самым галоўным праектам для нас быў і застаецца фестываль “Славянскі базар у Віцебску”, які пройдзе з 11 па 17 ліпеня 2008 года. Мы ўжо над гэтым шмат працуем. Намагаемся кожны год пашыраць геаграфію ўдзельнікаў форуму. Сёлета ў нас ўпершыню былі госці з Кубы і Венгрыі. Зараз вядзём перамовы з Венесуэлай. Толькі нядаўна скончыўся ХХ Міжнародны фестываль харэаграфіі IFMC. Наперадзе — і фестываль моды “Белая Амфара”, і фестываль бальнага танца “Віцебская сняжынка”, фестываль аўтарскай песні, класічнай гітары, студэнцкай творчасці. Гэта зусім не камерцыйныя праекты, у кожнага — свая камерная публіка, але гэта ўжо частка жыцця нашага горада, і як бы ні было складана, мы будзем працягваць гэтыя праекты.
— Якіх артыстаў вы даўно марыце бачыць у Летнім амфітэатры?
— З кожным годам іх усё менш і менш, штодзень такія не нараджаюцца. Гэта павінны быць такія артысты, на якіх людзі абавязкова пойдуць. На самім фестывалі “Славянскі базар у Віцебску” таксама нараджаюцца ў будучым вельмі яркія і вялікія зоркі, якія палаюць і зараз, — Таісія Павалій, Філіп Жмахер, Зікі з Сербіі, Пётр Ялфімаў, Паліна Смолава. Яны не толькі нашы лаўрэаты, яны не згубіліся, працягваюць прафесійна працаваць.
— Вернемся да вас асабіста. Кім вы марылі стаць у дзяцінстве?
— Быў самым звычайным хлопчыкам з Пескавацікаў (ускраіна Віцебска). Не вундэркіндам. Марыў пра веласіпед, марыў стаць артыстам, чытаў вершы на спецыяльных конкурсах, якія тады называліся “Літмантаж”, нават і зараз памятаю некаторыя.
З дзяцінства вельмі любіў тэатр, сам іграў у спектаклях, удзельнічаў у самадзейнасці і ў студэнцкія гады, падчас вучобы ў інстытуце (Па першым дыпломе Радзівон Бас — выкладчык біялогіі і хіміі. — С.Н.).
— Якія мары ў жыцці засталіся няздзейсненымі?
— Я заўсёды быў рэалістам, таму ўсё збываецца ў маім жыцці.
— Хто былі вашы бацькі?
— Мае маці і бацька — вельмі простыя людзі. Бацька, які пайшоў рана з жыцця, працаваў з 12 гадоў слесарам на швейнай фабрыцы. У яго ў працоўнай быў за ўсё жыццё толькі гэты запіс. Маці, дай Бог ёй здароўя, была выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў звычайнай віцебскай школе. У бацькоў я навучыўся шмат чаму, а галоўнае — адказнасці.
— Кажуць, вы добры кухар. Пэўна, у вас ёсць любімая страва?
— Для сябе гатую звычайныя стравы, вялікі аматар варанай бульбы ў мундзіры і баршчу. А калі прыходзяць госці — прыдумваю якую-небудзь экзотыку. Люблю частаваць морапрадуктамі.
— Гавораць, што кнігі, якія стаяць дома на паліцах, выхоўваюць дзяцей. Што ў Радзівона Баса на кніжных паліцах і што рэкамендуе чытаць свайму малодшаму сыну?
— Не люблю і не чытаю навамодных аўтараў, аддаю перавагу класічнай літаратуры. У кожным з пакояў у мяне дома ёсць кнігі, у кожным пакоі ёсць томік Амара Хаяма — вельмі люблю гэтага аўтара. А сыну Герману зараз цікавая тэхнічная літаратура.
— Добрае кіно — яшчэ адна ваша страсць.
— Зараз дома на чарзе ляжаць два дыскі — “12” Міхалкова і “Мангол”. Чакаю на DVD фільм “1612”. Мой любімы акцёр — Аль Пачына, хаця апошнім часам ён неяк здае.
Актрыса, якая мяне ўражвае, — Джулія Робертс. Самы любімы фільм, які магу глядзець шмат разоў, — “Аднойчы ў Амерыцы”. Глыбока скарыў у свой час Спілберг са “Спісам Шындлера”. Заўсёды цікавіўся арт-хаусам.
— Музыкі ў вашым жыцці, пэўна, шмат. А што падабаецца слухаць?
— Я прыхільнік джазавай музыкі і класікі. Каб слухаць класіку, патрэбны асаблівы настрой. Мае кампазітары — Шастаковіч і Рахманінаў. Сучаснай музыкай цікавяцца мае дзеці, а ўвогуле дома — неверагодная колькасць дыскаў.
— Віцебск — горад мастакоў, вялікіх Шагала, Пэна, Малевіча. Як вы думаеце, сёння гэтае сцвярджэнне таксама актуальна?
— Муз у горадзе вельмі шмат. Але некаторыя з іх спяць. Мы ўсіх іх абуджаем, калі прыходзіць “Славянскі базар”.
— Вы практычна ўсё жыццё правялі ў Віцебску. Ці не цесна вам у гэтым горадзе і ці не хацелі б вы калі-небудзь адсюль з’ехаць?
— У свеце — вялізная колькасць гарадоў, дзе цяплей, прыгажэй, зручней. Можа, і прыйдзе такі час, што мне прыйдзеццаз’ехаць, але я сябе гэта слаба ўяўляю. Я тут ужо “пусціў карані”. Віцебск — гэта назаўсёды мой горад, тут — любімая праца, магілы маіх родных. Шмат людзей, якім я патрэбны тут і яны мне вельмі патрэбны. Тут самы лепшы фестываль у свеце.
— Кім вы марыце, каб стаў ваш сын?
— Зараз Герману 11 гадоў. Ён сам яшчэ не вызначыў, кім хоча быць. Я адно хачу, каб ён стаў годным чалавекам.
— Якому адпачынку аддаяце перавагу?
— Не палюю і не рыбачу. Люблю адпачываць на свежым паветры, люблю пах лесу і вогнішча. Проста ўдыхаю ў сябе ўсё гэта. Ну, і раз на год, восенню, калі заканчваецца канцэртны сезон, з сям’ёй едзем туды, дзе цёпла.
— Што вам было б страціць найбольш цяжка?
— Цяжка страчваць блізкіх людзей, гэта незаменна.
— Калі б у вас была магчымасць павярнуць час назад і нешта змяніць, што б вы зрабілі паіншаму?
— Усё пакінуў бы так, як ёсць, я ні аб чым не шкадую.

Гутарыла Святлана НАРЭЙКА
Віцебск