"АРХІТЭКТУРА" ФРЫЗУРЫ

№ 10 (1084) 09.03.2013 - 16.03.2013 г

Сёння ў нашай краіне пад час правядзення разнастайных культурна-масавых мерапрыемстваў звяртаюцца да стылістаў-цырульнікаў, і не толькі для таго, каб зрабіць адметныя прычоскі вядучым ды ўдзельнікам свята. Ва ўсёй Еўропе сталі папулярныя відовішчныя шоу з прыцягненнем цырульнікаў — і як самастойныя дзействы, і як дадатковая частка святаў, музычных фестываляў.

Яскравы прыклад таму — традыцыйнае начное свята ў Нацыянальным гістарычным музеі, яркімі ўдзельнікамі якога ўжо некалькі гадоў з’яўляюцца айчынныя цырульнікі-стылісты. Дзякуючы іх працы ў музейных сценах у шоу-фармаце ажываюць вобразы мінулых эпох, адбываецца свайго кшталту тэатральнае відовішча.

/i/content/pi/cult/417/8538/2-2.jpeg

Фота Дзіяны БУБЕР

Але ці запатрабавана ў сучасным жыцці прыгажосць мінулых стыляў, выяўленая ў жаночых прычосках? Па словах стыліста-цырульніка міжнароднага класа, мастака-дызайнера Людмілы Бразгоўка, якая падрыхтавала цэлую плеяду сусветна вядомых таленавітых майстроў, сёння стварэнне прычосак у гістрычных стылях, з адпаведнымі ўпрыгожаннямі, — гэта выключна сучаснае мастацтва. У побытавых стрыжках, калі і выкарыстоўваецца стылістыка мінулых стагоддзяў, дык толькі асобныя яе гістарычныя элементы. Але гэта ўжо залежыць, найперш, ад майстра, яго эрудыцыі ды здольнасцей. Да слова, узровень беларускіх цырульнікаў, на думку Людмілы Бразгоўка, паступова павышаецца. У гэтым можна было пераканацца на Міжнародным фестывалі прыгажосці “Неўскія берагі”, што завяршыўся ў Санкт-Пецярбургу, удзел у якім для айчынных майстроў, дзякуючы падтрымцы арганізатара фестывалю Дзмітрыя Яршова, быў абсалютна бясплатны. Усяго ў мерапрыемстве, якое доўжылася пяць дзён, змагалася за “золата” амаль сотня беларускіх удзельнікаў, што склалі чатыры каманды. У тым ліку ўпершыню маштабна былі прадстаўлены асобныя беларускія рэгіёны, найперш — дэлегацыі цырульнікаў з Гомельшчыны і Гродзеншчыны.

/i/content/pi/cult/417/8538/2-1.jpeg

Фота Дзіяны БУБЕР

У камандных спаборніцтвах перамогу атрымала беларуская каманда пад кіраўніцтвам Настассі Ятковай, а Гран-пры фестывалю сярод навучэнцаў — яе сястра Кацярына. Усяго нашы майстры заваявалі звыш 100 медалёў і кубкаў у 20 намінацыях. Адзначана шматлікімі ўзнагародамі і наша зборная каманда “Васількі”, якая вызначылася ў конкурсе “Fashion City”.

На думку майстра міжнароднага класа, неаднаразовага прызёра міжнародных конкурсаў Любові Злобіч, практычна ўсе, хто працуе ў гэтай сферы ў нашай краіне, у душы — сапраўдныя творцы, мастакі. Іншая справа, што ў кагосьці знаходзіцца жаданне працаваць над сабой, а хтосьці нават не ведае пра конкурсы або лянуецца. Менавіта пад час конкурсаў ды фестываляў у цырульнікаў маецца “паскораная” магчымасць навучыцца працаваць на час, спасцігнуць лепш моду, яе асноўныя напрамкі і, вядома ж, адпрацаваць тэхніку. Адна і тая ж прычоска адпрацоўваецца на працягу некалькіх тыдняў, а то і месяцаў. За кошт гэтага і павышаецца упэўненасць майстра.

/i/content/pi/cult/417/8538/2-3.jpeg

Фота Міраслава Адамчыка

Па словах Любові Злобіч, апошнім часам таксама “падцягваюцца” майстры і з рэгіёнаў, адчуваецца іхняе жаданне дасягнуць вяршыняў цырульніцкай справы. На яе думку, гэта ў некаторай ступені залежыць ад таго, што кліенты і ў глыбінцы патрабуюць не меншай увагі да свайго стылю, чым сталічная публіка. Садзейнічаюць павышэнню ўзроўню майстэрства цырульнікаў і рэгіянальныя праекты, да прыкладу, гэтай вясной у Магілёве чакаецца правядзенне абласнога конкурса цырульніцкага мастацтва “Натхненне-2013”, удзельнікі якога будуць спаборнічаць у адзінаццаці намінацыях. Да таго ж, адзначае Людміла Бразгоўка, айчынныя цырульнікі пастаянна павышаюць сваё прафесійнае майстэрства, у тым ліку ў рэгіёнах. Гэтаму садзейнічае вучэбна-метадычны клас, Цэнтр сучасных тэхналогій і Студыя цырульніцкага мастацтва прадпрыемства “Усход”, дзе праходзяць навучанне і павышаюць майстэрства больш за 700 чалавек у год.

/i/content/pi/cult/417/8538/2-4.jpeg

Фота Міраслава Адамчыка

Яшчэ адным актуальным пытаннем з’яўляецца стэрэатып пра адсутнасць сваёй беларускай школы цырульніцкага мастацтва. Аказалася, гэта толькі чарговы міф. Як адзначыла майстар міжнароднага класа Маргарыта Судзіліна, у Беларусі, у адрозненне ад іншых краін, працягваюць сваё існаванне традыцыі савецкай, або, як яна раней называлася, “львоўскай” школы цырульніцкага мастацтва з яе адметнасцямі і, што немалаважна, пераемнасцю пакаленняў. А таму на постсавецкай прасторы маладыя цырульнікі ў Беларусі першапачаткова атрымліваюць лепшую базу. Нават у “цяжкія” 90-я гады праца па падрыхтоўцы майстроў у нас не спынялася. Па словах Любові Злобіч, у беларускіх цырульнікаў — выдатная школа, і менавіта таму іх бяруць на працу не толькі ў прэстыжныя айчынныя салоны, але і ў замежныя, а таксама з вялікім задавальненнем уключаюць у сваю заяўку на міжнародных конкурсах.

Што ж да жаночай моды, то нельга не адзначыць як папулярную стрыжку карэ, так і розныя геаметрычныя стрыжкі. Сёння эталонам жаночай прыгажосці лічацца валасы сярэдняй дліны, выразна тэкстураваныя. Гэткае ж папулярнае насычэнне прычоскі рознымі элементамі, камбінаванне косак з іншай тэкстурай. Калі ж казаць пра колеры, то зараз моднымі лічацца любыя светлыя тоны і іх адценні — як халодныя, так і цёплыя, глыбокія насычаныя колеры, мяккае меліраванне.

І ўсё ж, па меркаванні Людмілы Бразгоўка, самая галоўная тэндэнцыя ў свеце сучасных прычосак — арыентацыя на індывідуальнасць, імкненне падкрэсліць духоўны свет чалавека. І конкурсы кшталту “Fashion City” (“Модны горад”), “Full Fashion Look” (“Поўны модны вобраз”) — таму пацвярджэннем. Зараз актуальна ствараць яркія вобразы не для сцэны ці музея, а для жыцця.

Досыць часта кліент прыўносіць сваю, так бы мовіць, “вулічную моду”, якая залежыць ад яго настрою, светаўспрымання і можа вельмі адрознівацца ад сусветных тэндэнцый. Таму важна, каб было ўзаемаразуменне і давер паміж цырульнікам ды кліентам. У выніку майстар зможа рэалізаваць свае творчыя эксперыменты, а кліент — атрымаць зарад пазітыўных эмоцый.

А вось да аблічча нашай эстрады, па словах Маргарыты Судзілінай, ёсць пытанні. Апрыёры, гэтыя людзі павінны несці моду ў шырокія масы. Яны ж у сваёй большасці не ствараюць сцэнічны вобраз, а абмяжоўваюцца паўсядзённымі прычоскамі, часам нават прымітыўнымі. Што самае сумнае — у працы са стылістам яны не ідуць на кантакт, не вераць яму...

На ілюстрацыях (злева направа) — партрэты Францішкі Уршулі Радзівіл, Эміліі Плятар, каралевы Боны Сфорца, Грызельды Сапега.

/i/content/pi/cult/417/8538/2-5.jpeg/i/content/pi/cult/417/8538/2-6.jpeg

Сапраўды, можна толькі захапляцца мастацтвам барочных ці рэнесансных прычосак. Так, эпоха Адраджэння характарызавалася большай свабодай не толькі ў манеры апранацца, але і ў сферы стрыжкІ ды фрызуры. Жанчыны таго часу дэманстравалі свае цалкам адкрытыя лбы. Яны аддавалі перавагу высокім прычоскам, аздобленым абручамі, ювелірнымі вырабамі або каштоўнымі камянямі, што і можна ўбачыць на партрэце каралевы Боны Сфорца ў маладосці. У жаночай жа модзе эпохі барока пераважалі пышныя парыкі, а самі прычоскі мелі складаную канструкцыю, якая складалася з мноства ўпрыгожанняў. Думаецца, вызначаліся формамі і прычоскі беларускай пісьменніцы XVIII ст. Уршулі Радзівіл.

/i/content/pi/cult/417/8538/2-7.jpeg/i/content/pi/cult/417/8538/2-8.jpeg

Ад рэдакцыі

Будзем спадзявацца, што парады дызайнераў і стылістаў, агучаныя ў гэтых матэрыялах, натхняць не толькі нашых спадарынь-чытачак на стварэнне новых абліччаў, але ж і гарадскія ды сельскія тэатры і цэнтры моды на правядзенне адпаведных вечароў, фестываляў, прысвечаных трэндам мінулага стагоддзя. Прадэманстраваць строі сваіх матуль і бабуль, іх магчымае сучаснае “пераўвасабленне”, зладзіць конкурс прычосак з элементамі рэтра — чым не сцэнарый для моднай імпрэзы?..

На фота: сучасныя модныя прычоскі — работы беларускіх цырульнікаў-стылістаў, прадстаўленыя на фестывалі "Неўскія берагі".

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"