“Начальнік аддзела” — катэгорыя жаночага роду

№ 10 (1084) 09.03.2013 - 16.03.2013 г

Пад час жаночага свята гаворка пойдзе не проста пра начальнікаў аддзелаў культуры, а, натуральна, — пра іх лепшых прадстаўніц, пра прыгожы пол. Усё слушна: наша рэгіянальная культура працэнтаў на 80 — 90 прадстаўлена менавіта жанчынамі. Прыкладна такія ж “гендэрныя” суадносіны — і ў асяродку кіраўнікоў раённых аддзелаў культуры. І трэба яшчэ разабрацца, які пол — самы моцны ў вырашэнні будаўніча-рамонтных пытанняў, наладжванні кадравай палітыкі і ўрэгуляванні канцэртна-дыскатэчнай, скажам, дзейнасці. Там дзе мужчына ад чарады бясконцых клопатаў увойдзе ў цэйтнот і ў перадінфарктным стане схопіцца за валідол, жанчына спакойна і мэтанакіравана, не губляючы шарму ды прывабнасці, “падштурхне” “культурны воз” далей. Ці варта даводзіць, што крыецца за гэтым “спакойна”? А трэба ж яшчэ раз-пораз дома з’явіцца, усміхнуцца, яшчэ раз уразіць прыгажосцю і пяшчотай, нагадаць спакваля і без дакору, што ты — маці і жонка, што ты — жанчына, ад якой залежыць маральна-духоўны клімат не толькі ў сям’і, але і ў раёне. І дарэчнай з гэтай нагоды гучыць прапанова-жарт адной добрай знаёмай: калі і ўзнікне калі-небудзь помнік жанчыне — работніку культуры, дык гэта будзе помнік ейнаму мужу, які не проста трывае, а — разумее, падтрымлівае, “забяспечвае тылы”, варыць боршч, выхоўвае дзяцей і з кветкамі чакае сваю адзіную ды непаўторную.. Вось такая “марфалогія” слова “культура”. Вось такая яе родавая катэгорыя. Вось такое прызнанне ў любові тым, хто штодня ўпрыгожвае наша будзённае жыццё. Дадам толькі, што дадзены матэрыял, каб не абмежаваная газетная плошча, заканчэння не меў бы...

Кобрыншчына:

тактыка прыцягнення

Тое, што ў Кобрыне часцяком ладзяцца абласныя культурныя семінары, нікога на Брэстчыне ўжо не здзіўляе. База тут — адпаведная, кадравая сітуацыя — прыстойная, планы выконваюцца, таму і вопыту для абагульнення назапашана больш чым дастаткова. І не толькі ў горадзе, але і на раёне.

Дык чым жа тлумачыцца такая самадастатковасць? Збольшага тым, што начальнік аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама Надзея Жук пачынала сваю кар’еру мастацкім кіраўніком сельскага Дома культуры. “Менавіта гэта цяпер і дапамагае прыняць правільнае рашэнне”, — сцвярджае яна.

У чым яшчэ адметнасць кіраўніка? У незаспакоенасці, у крытычным поглядзе на сённяшнюю сітуацыю з развіццём рэгіянальнай культуры. Маўляў, працэс гэты мае шмат рэзерваў, але іх паспяховае выкарыстанне залежыць не толькі ад раёнаў.

І ў кадравай палітыцы, як падаецца, на Кобрыншчыне абраны адзіна правільны шлях: у агульную справу пастаянна ўцягваюцца (ледзь не са школы) усё новыя таленавітыя асобы. А апошняй агульнай справай можна назваць доўгатэрміновы праект па наладжванні фальклорных стасункаў з польскай Бельшчынай, што стартаваў летась. У праекце бяруць удзел не толькі абрадавыя гурты абодвух бакоў, але і музейшчыкі, а паспяховае прасоўванне нашага традыцыйнага мастацтва за мяжу стала нормай.

Акцябршчына:

кірунак гаспадарлівасці

Цудоўна ведаю, што начальнік аддзела культуры Акцябрскага райвыканкама Святлана Беразоўская вельмі не любіць пахвалы на свой адрас, пастаянна кажа: “Трэба проста працаваць”. Даруйце, Святлана Анатольеўна, я буду хваліць. За тое, што вы кожны факт і кожную лічбу, звязаныя з дзейнасцю аддзела, трымаеце ў галаве, не вагаецеся ў адказах і не памыляецеся. Значыць, усім гэтым жывяце.

А маштабы і разнастайнасць такога жыцця ў Акцябрскім раёне ўражваюць. Пры Цэнтры дасугу які ўжо год дзейнічае маладзёжны клуб “Сузор’е”, дзе можна адпачыць усёй сям’ёй: з дзядулямі, бабулямі, татамі, мамамі і дзецьмі. А ў Бубнаўцы дзейнічае аднайменны культурна-забаўляльны комплекс, што на платных паслугах летась зарабіў для аддзела культуры амаль 170 мільёнаў рублёў. Толькі пад час навагодніх святаў у “Бубнаўцы” адпачыла тысяча наведвальнікаў. А яшчэ на тэрыторыі комплексу існуе і пастаянна пашырае межы Музей міфаў і забабонаў.

Цяпер скажыце, які мужчына можа пахваліцца такой культурна-гаспадарчай разваротлівасцю?

Слонімшчына:

канцэпцыя стабільнасці

У галіне культуры начальнік аддзела культуры Слонімскага райвыканкама Святлана Раманюк працуе больш за трыццаць гадоў. І самае істотнае для мяне — працуе практычна разам з тымі аднадумцамі, з якімі і пачынала сваю дзейнасць. Інакш кажучы, не толькі сфарміравала творчую каманду, але і здолела яе захаваць. А гэта не проста талент, гэта — пакліканне.

А кадры, як вядома, вырашаюць літаральна ўсё. Таго, хто ў гэтым сумняваецца, прашу звярнуцца да вынікаў абласнога конкурсу, абвешчанага летась сярод аддзелаў культуры Гродзеншчыны. Дык вось, работнікі культуры Слонімшчыны паказчыкамі працы ў 2012 годзе здолелі давесці, што іх райметадцэнтр, Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Раённы дом рамёстваў, Раённы дом культуры — лепшыя ў вобласці. Восем першых месцаў (у тым ліку за энергазберажэнне і добраўпарадкаванне) — больш чым пераканаўчы доказ, што каманда Святланы Раманюк рушыць у правільным кірунку.

Дарэчы, сам аддзел культуры Слонімшчыны — на трэцім месцы пасля аддзела культуры Гродзенскага гарвыканкама і аддзела культуры Лідскага райвыканкама.

Расоншчына:

прынцып кадраў

“К” пісала ў свой час пра шчыльнае творчае ўзаемадзеянне аддзела культуры Расонскага райвыканкама з гаспадарамі мясцовых аграсядзіб. Але сезон летніх фэстаў, канцэртаў і водных вандровак у адмысловым антуражы Паазер’я — хоць і ў бліжэйшай, але перспектыве. А сёння кіраўнік аддзела Святлана Волкава падводзіць вынікі работы за 2012 год. Яны, як і ў цёзкі са Слоніма, — таксама рэйтынгавыя. Упраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама прызнала, што Расонскі аддзел спрацаваў летась лепш за іншыя.

І не дзіва, што Святлана Волкава бачыць у гэтым заслугу падначаленых. “Кадры ў нас — стабільныя, — кажа яна, — збольшага — мясцовыя, кваліфікацыю пастаянна павышаюць. Вось і на сёння ў нас — амаль два дзясяткі завочнікаў. А завочнік — не мэтавік: заўжды на радзіме застанецца”.

А сваю радзіму Святлана Аляксандраўна не проста любіць. Шмат гадоў адпрацавала тут намеснікам старшыні райвыканкама па сацыяльна-культурных пытаннях, шмат зрабіла для таго, каб духоўнае жыццё на азёрнай Расоншчыне было цікавым і разнастайным...

Абноўлены пад час абласных дажынак Расонскі РДК таксама здолеў стаць за 2012 год лепшым на Віцебшчыне. І народных калектываў тут хапае, і апаратура — вельмі неблагая, і штат работнікаў працуе з максімальнай аддачай…

Случчына:

стратэгія практыкі

“Падтрымліваць і не перашкаджаць” — прынцып начальніка аддзела культуры Слуцкага райвыканкама Алены Камоцкай. Яна, да слова, таксама да сённяшняй пасады прайшла па ўсіх магчымых прыступках: працавала мастацкім кіраўніком і загадчыкам сельскага клуба, дырэктарам метадычнага цэнтра... На практыцы пераканалася ў тым, што любую творчую ініцыятыву трэба ўсяляк падтрымліваць і нельга перашкаджаць яе рэалізацыі. У гэтым, па меркаванні Алены Камоцкай, — высокі сэнс менавіта творчага ўзаемадзеяння, заснаванага на агульным даверы. Але такі давер магчымы толькі тады, калі ў звязцы працуюць прафесіяналы. Да гэтага начальнік аддзела імкнецца пастаянна.

Што Случчына мае ў выніку такіх намаганняў? Шмат цікавага і адмысловага. “К” пісала пра бліскучыя бібліятэчныя праекты кшталту “Ночы бібліятэк”. Упершыню пра ўпэўненае пазабюджэтнае развіццё мы распавялі чытачам менавіта на прыкладзе работы аддзела культуры Слуцкага райвыканкама. Неаднойчы паведамлялі і пра знакавыя абласныя фэсты ды святы, што займелі сталую прапіску менавіта на Случчыне... І ўсім гэтым шматгранным працэсам кіруе дасведчана і спакойна Алена Камоцкая.

Шклоўшчына:

мастацтва кіравання

Хто самы дасведчаны з жанчын-кіраўнікоў на Магілёўшчыне? З гэтым пытаннем я звярнуўся да мужчын-начальнікаў аддзелаў культуры. Апытанне выявіла дзвюх вопытных спецыялістак: Тамару Галубоўскую з Кіраўскага раёна і Галіну Валозіну са Шклоўскага. Першая, на жаль, літаральна днямі пайшла на заслужаны адпачынак. Тамара Леанідаўна, мне як журналісту будзе не хапаць вашай віртуознасці ў валоданні “шматстаночнай” прафесіяй работніка культуры!..

А Галіна Валозіна на момант напісання гэтага артыкула была ў замежнай камандзіроўцы. Дарэчы, у мінулым нумары “К” я згадваў пра станоўчыя здабыткі Шклоўскага аддзела культуры. Але не грэх і паўтарыцца, засяродзіўшы ўвагу на асобе Галіны Алегаўны. Мне ў гэтым дапамагла галоўны спецыяліст аддзела Людміла Сатнічэнка. Разам яны працуюць гадоў пятнаццаць, і робяць гэта, што называецца, душа ў душу. “Галоўныя рысы нашага начальніка, — кажа галоўны спецыяліст, — дзелавітасць, уменне канцэнтравацца на галоўным, не распыляцца на дробязі”.

Колькі гадоў запар аддзел займае на Магілёўшчыне лідзіруючыя месцы. Поспех далёка не выпадковы. Проста Галіна Валозіна, пры ўсёй сваёй строгасці і патрабавальнасці, застаецца чалавекам высокай культуры. Менавіта гэтая якасць дапамагла ёй аб’яднаць калектыў работнікаў культуры — надзвычай розных у праявах творчых талентаў.

Аб’яднаць — цяжка. Яшчэ цяжэй пад час аптымізацыі захаваць кадравы патэнцыял, настроіць людзей на самаадданую працу. Галіне Валозінай гэта ўдаецца.

Замест заключэння

Усе названыя мною начальнікі аддзелаў культуры, як і многія іншыя, з’яўляюцца сапраўднымі грамадскімі кансультантамі ды дасведчанымі экспертамі аддзела рэгіянальнай культуры “К”. Інакш кажучы, іх дасведчанасць — крэатыўнасць і здольнасць у любых (нават не творчых) сітуацыях знаходзіць аптымальнае рашэнне — не выклікае сумненняў. Па маім цвёрдым меркаванні, менавіта на гэтых двух кітах і трымаецца любы прафесіяналізм.

Са святам, дарагія жанчыны!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"