Сядзібы Клеччыны: “дэкаданс” рыфмуецца з “рэнесансам”…

№ 48 (814) 01.12.2007 - 07.12.2007 г

Турыстаў на Клеччыне сёння сустрэнеш нячаста. Што і нядзіўна, бо арганізаваныя вандроўкі па гэтых мясцінах тураператары пакуль не прапаноўваюць. Хаця, здавалася б… Пабываўшы ў Нясвіжы, сёй-той з экскурсантаў цалкам мог бы прадоўжыць падарожжа — на Клеччыну. Балазе, адлегласць паміж турыстычнай Мекай Беларусі і Клецкам — усяго якіх семнаццаць кіламетраў. Ды і лагічны ланцужок у гэтым маршруце вымалёўваецца сам сабою: па наведванні “родавага гнязда” Радзівілаў чаму б не завітаць і на іх “лецішча”? А заадно агледзець і ўсе іншыя вартыя ўвагі мясціны гэтай зямлі. Ды рэальнасць такая, што летняя рэзідэнцыя знакамітага роду ў Радзівілімонтах можа зацікавіць адно няўрымслівых аматараў дэкадансу. Прынамсі, на цяперашні момант...

Па дровы “да Радзівілаў”
Апошні (хочацца верыць, апошні на сёння) перыяд гісторыі гэтага шыкоўнага, некалі класіцыстычнага, палаца, збудаванага італьянскім дойлідам Карла Спампані напрыканцы XVIII стагоддзя, для Клеччыны даволі тыповы — як, зрэшты, і для ўсяго нашага краю.
 /i/content/pi/cult/139/853/Syadziba1.jpg

Каналы рэзідэнцыі пакрысе ачышчаюцца.

Калі ад былых уладальнікаў не засталося і слядоў (нават вёска замест Радзівілімонтаў стала называцца Чырвонай Зоркай), у іх рэзідэнцыі размясціліся грамадскія ўстановы: спярша — Дом культуры, потым — кантора калгаса, потым — дзіцячы садок…
Потым кожная з гэтых устаноў займела ўласны будынак, засведчыўшы тым самым усё большае ўкараненне “новага ладу”. А незапатрабаваны палац паціху пачаў разбурацца, што доўжыцца вось ужо чвэрць стагоддзя. Важкімі вехамі ў гэтым працэсе сталі два пажары, якія радзівілаўская рэзідэнцыя спазнала на мяжы 80-х і 90-х. Вынікі гэтага ды ўсіх іншых разбуральных фактараў сталі асабліва згубнымі яшчэ і таму, што будынак пераважна драўляны.
Цяжка не пагадзіцца са словамі начальніка аддзела культуры Клецкага райвыканкама Пятра Дудука: сваімі сіламі раён адрэстаўраваць гэты помнік архітэктуры ніколі не зможа, колькі б ні было жадання. Таму заставалася адно — развесці рукамі ды, дзеля слабога суцяшэння, паставіць вакол руінаў палаца плот, каб хоць крышачку гарантаваць адносную бяспеку і самому помніку, і тым, хто наведвае яго зусім не з турыстычнымі мэтамі: сёй-той з мясцовых жыхароў займеў звычку хадзіць “да Радзівілаў” па дровы, не зважаючы на рызыку для ўласнага здароўя, як маральнага, так і фізічнага.
Гадоў дзесяць таму, калі будынак быў яшчэ ў куды лепшым стане, знайшліся ахвотнікі “перапрафіліраваць” палац у аб’ект турыстычнай інфраструктуры. Па словах П.Дудука, раённыя ўлады ахвотна пагадзіліся на такую прапанову. Было нават прынята рашэнне аб перадачы сядзібы ў рукі новых гаспадароў. Ды, на жаль, намеры так і не ўвасобіліся ў справу…
Шматкроп’е тут выглядае цалкам дарэчы. Бо не так даўно ўжо згаслая было надзея на будучыню архітэктурнага помніка зноў займела пад сабой глебу. Палацам зацікавіўся нашчадак яго колішніх уладароў — грамадзянін Францыі Жорж Шарль Радзівіл-Тамашэўскі. І вось, змесяц таму, ён упершыню наведаў Радзівілімонты. І, мяркуючы па ўсім, запланаваў сабе захады па адраджэнні сядзібы сваіх продкаў і канкрэтныя крокі па іх увасабленні ў жыццё. Для гэтага спадар Радзівіл-Тамашэўскі гатовы ахвяраваць і ўласныя сродкі, а яшчэ адной крыніцай фінансаў маюць стаць ахвяраванні ў дабрачынны фонд, які плануецца стварыць неўзабаве.
Пэўнага адказу на самае важнае ў гэтай гісторыі пытанне — якім будзе новае прызначэнне радзівілаўскай рэзідэнцыі? — пакуль няма. Сярод магчымых варыянтаў — размяшчэнне ў Радзівілімонтах медыцынскай установы і, вядома, стварэнне там турыстычнага цэнтра.
Адраджэнне сядзібнага комплексу ў яго цэласнасці, разам з прылеглай да палаца тэрыторыяй, што ўключае парк і цэлую сістэму каналаў ды ставоў, запатрабуе вырашэння пэўных праблем, звязаных, у прыватнасці, з тым, што на тэрыторыі сядзібы знаходзяцца жылыя дамы, жыхароў якіх у перспектыве давядзецца перасяляць.
 /i/content/pi/cult/139/853/Syadziba2.jpg
Камень Марыі Радзівіл.

І хаця кардынальна лёс радзівілаўскай рэзідэнцыі пакуль не вырашаны, пэўныя работы там ужо вядуцца. Вось і мы заспелі за справай экскаватар ды некалькі трактароў, якія шчыравалі на ачыстцы канала ад сапрапелю. Пэўныя сродкі на прывядзенне ў парадак парку выдаткоўвае Міністэрства па ахове прыродных рэсурсаў — балазе, ён лічыцца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння, і там дагэтуль расце нямала экзотаў. Ды і райвыканкам таксама дапамагае па меры сіл.
Сёння разгледзець скрозь зараснікі хмызняку колішнія прысады для непадрыхтаванага вока зусім няпроста. Пра адну з алеек нагадвае хіба камень, пакладзены яе заснавальніцай Марыяй Радзівіл з Кашталянаў у 1875 годзе. Але паколькі дзесь удалечыні чулася “бензапіла дрывасека”, які займаўся прачысткай парку, ёсць падставы спадзявацца, што з часам яго хараство адновіцца, — хай сабе і часткова.
Паляўнічыя выгоды, якімі славіліся  гэтыя мясціны ў часы Радзівілаў, цяпер ужо зусім не тыя. Затое менавіта ў старым парку добра водзіцца вінаградны слімак. Здабыча, здавалася б, не надта, але… У парыжскіх рэстаранах зробленыя са слімакоў стравы лічацца далікатэсам, і некаторыя ўвішныя прадпрымальнікі з гэтага карыстаюць, збіраючы за год ажно па тры тоны такога экзатычнага мяса.

Цяпло старога дома
Па звестках заўзятараў з інтэрнет-партала “Глобус Беларусі”, апрача палаца Радзівілаў, на Клеччыне было з тузін іншых сядзіб. Ад некаторых з іх засталіся адны ўспаміны — або, напрыклад, алея мажных дубоў, як у Ляцешыне. Некаторыя прагна чакаюць сваё новае прызначэнне, пакрысе пры гэтым разбураючыся, а некаторыя, на шчасце, яго ўжо знайшлі. Скажам, сядзіба ў Стралкове, якую выкупіла фермерская гаспадарка, ці камяніца ў Даматканавічах, што стала другім домам для пазбаўленых бацькоўскай ласкі дзетак.
За савецкім часам сядзібны дом пакрысе абрастаў новымі будовамі, і жыццё паціху перамяшчалася туды, пакідаючы старой камяніцы адно сціплую ролю “гаспадарчага памяшкання”. Натуральна, што тая паступова прыходзіла ў заняпад. На мяжы стагоддзяў яе нават падумвалі спісаць. Ды, на шчасце, знайшоўся фундатар — ірландская дабрачынная арганізацыя “Chernobyl Childrens Project”, на сродкі якой у 2001 годзе дзіцячы дом быў адрамантаваны — у поўнай адпаведнасці з датычнымі архітэктурных помнікаў нарматывамі.
 /i/content/pi/cult/139/853/Syadziba3.jpg
 Дэкадэнцкая веліч руінаў палаца.
Запытаўшы ў дырэктара Клецкага дзіцячага дома Сяргея Алейчыка, ці адчуваецца тут своеасаблівая атмасфера старой сядзібы, пачуў у адказ:
— Адчуваецца, прычым нават на фізічным узроўні: тут заўсёды цяплей, чым у іншых нашых будынках. Цяпер сядзіба — вялікая творчая фабрыка. У адным пакоі дзеці спяваюць, у другім — вышываюць, у трэцім — малююць, тут — харэаграфічны клас, там — швейная майстэрня…
Паўсюль віруе творчасць, што вельмі важна для развіцця дзіцячай натуры. Плён гэтай творчасці прыемна ўражвае. Бо нават, здавалася б, самыя утылітарныя рэчы, кшталту хатніх тапак, прасякнуты неверагодным, папраўдзе “хатнім” цяплом.
А ў вёсцы Кунцаўшчына захавалася красамоўнае сведчанне таго, што род Вайніловічаў быў знакаміты не толькі сваёй дабрачыннасцю, але і гаспадарлівасцю. Вядома, будынак спіртзавода, што паўстаў стагоддзе таму ў гэтым іхнім маёнтку, не цягне на статус архітэктурнага помніка першай велічыні. Але вока ён цешыць і вабіць. Таму, магчыма, гэтаму будынку з часам знойдзецца больш пачэсная роля, чым калгасны склад. Хаця пакуль што варта радавацца і такомуяго прызначэнню.

У чаканні хэпі-энду
Яшчэ адзін класіцыстычны порцік з чатырма калонамі — падобны да радзівілаўскага — можна ўбачыць на Клеччыне ў вёсцы з незвычайнай назвай — Туча. Сядзіба ХІХ стагоддзя, якая стаіць на невялічкім схіле пасярод прыгожага некалі, а цяпер занядбанага парку, дайшла да нас у адносна някепскім стане. Але цяпер рызыкуе паўтарыць незайздросны лёс Радзівілаўскага палаца.
Так, ёсць у гэтым сюжэце нейкі няўлоўны прысмак “дэжа вю” — не раўнуючы як у “мыльных операх”: паглядзеўшы адну, можна прадбачыць развіццё падзей ва ўсіх іншых.
Завязка сюжэта нам ужо знаёмая — стары гістарычны будынак запатрабаваў новага гаспадара. Трымаць у ім вучэбна-вытворчы комплекс і школьныя майстэрні рабілася немэтазгодна — усё ж вёска драбнее…
У плане свайго геаграфічнага становішча Тучы пашчасціла: яна месціцца ля самай трасы, што вядзе ад Брэсцкай шашы ў Бабруйск. Такая акалічнасць абумовіла наступны паварот сюжэта. Гадоў дзесяць таму хараство сядзібы, не сапсаванае і прыбудовай савецкага часу, што парушыла сіметрычнасць будынка, прывабіла прадпрымальных людзей. І тыя сталі “сватаць” яе ў мясцовых улад, каб размясціць у былым панскім доме аб’ект прыдарожнага сервісу — з гатэлем і кавярняй, маючы пры гэтым “віды” і на ўвесь сядзібны комплекс. Кіраўніцтва раёна, добра параіўшыся, дало сваё блаславенне.
Здавалася б, хэпі-энд зусім не за гарамі, і хутка героі “ажэняцца”, але…Далей за амбіцыйныя і добрыя намеры справа так і не пайшла, “жаніхоў” цяпер і след прастыў. А гады чатыры таму жыццё канчаткова пакінула старыя сцены, і сядзібны дом папоўніў цэлы комплекс закінутых будынкаў розных эпох, што месцяцца на ўскраіне Тучы.
Мясцовым уладам, у сваю чаргу, нічога не засталося, як толькі пазабіваць пустыя вачніцы вокнаў фанерай, — хаця б такім ненакладным чынам праявіўшы сваю рупнасць аб панскай камяніцы. Зрабіць для архітэктурнага помніка нешта большае, кардынальна вырашыць ягоны лёс, зноў жа, не пад сілу. А “залётныя жаніхі” пакуль не спяшаюцца з прапановамі.
І задоўжаны серыял працягваецца вось ужо каторы сезон. Дынамікі пакуль ніякай, а драматызм з кожным годам мацнее...

Крыж у памяць пра воінаў

Праехаўшы па той самай трасе якіх пару кіламетраў да мястэчка Сіняўка, можна трохі развеяць журботныя думкі. Старая паштовая станцыя пазамінулага стагоддзя яшчэ зусім нядаўна стаяла на ўзбочыне дарогі закінутая ды незапатрабаваная. Цяпер яна добра ўпісалася ў шэраг ладных дамкоў, здатных цешыць вока падарожніка. Дый, што самае цікавае, і выкарыстоўваецца па сваім першасным прызначэнні: “Белаўтадар” зрабіўтам дарожную станцыю.
 /i/content/pi/cult/139/853/Syadziba5.jpg/i/content/pi/cult/139/853/Syadziba5.jpg
На полі Клецкай бітвы.
Хвілін праз дваццаць далейшага падарожжа ў полі зроку з’яўляюцца някідкія, але зграбныя дамкі клецкай ускраіны.
Не прыпыніцца ў гэтым месцы нельга, хаця краявід тут самы звычайны. Мірна цячэ змяльчэлая пасля меліярацыі рака Лань (цяжка паверыць, што калісьці яна была нават суднаходнай). Над полем ужо пачынае заходзіць сонейка. І толькі сціплы памятны знак ды крыж у гонар загінулых ваяроў нагадваюць пра тое, што пяць стагоддзяў таму тут адбылася падзея, знамянальная не толькі для гісторыі краю, але і ўсёй беларускай нацыі. Вялікакняжацкія войскі на чале з ваяводам Міхаілам Глінскім тут ушчэнт разбілі крымскіх татараў.
Вядома, хаця б ва ўяўленні перанесціся ў той жнівеньскі дзень сёння няпроста. Але ўсё ж магчыма, асабліва з дапамогай абазнанага экскурсавода, чый расповед здатны перадаць увесь драматызм тых падзей.
Неаспрэчна, турыстам будзе што паглядзець і ў самім Клецку. Фасад найпрыгажэйшага яго будынка — былога Дабравешчанскага касцёла, а цяпер — Уваскрасенскай царквы, — нейкі прафнепрыдатны ці, хутчэй, задужа “ідэйны” архітэктар савецкіх часоў закрыў безгустоўнай тыпавой “каробкай” Дома быту. Але прыналежны да “сармацкага Барока” храм XVII стагоддзя ўсё адно ўражвае.
А той факт, што непадалёк ад колішняга магутнага мура фарнага касцёла Cвятой Тройцы XVI стагоддзя, пашкоджанага падчас вайны і пасля расцяганага “на цэглу”, ужо паўстаў новы прыгожы храм, таксама дадае аптымізму.


“Музеефікацыя” склепа

Экскурсанты не пашкадуюць пра страчаны час і завітаўшы ў Музей гісторыі Клеччыны. Яго экспазіцыя зусім не падасца ім правінцыйнай — дзякуючы, у першую чаргу, вынаходлівасці яе стваральнікаў. Менавіта гэтая якасць, спалучаная з густоўнасцю, дазволіла ім знайсці выдатнае прымяненне для невялічкага склепа — накшталт тых, у якіх захоўваюць прыпасы. Спусціўшыся туды, наведвальнік вокамгненна пераносіцца ў “ноч, халодную зямлянку”: тлее ў цеснай пячурцы агонь, а байцы, схіліўшыся па-над радыёпрыёмнікам, ловяць далёкі “цэнтр”.
Яшчэ адна праява густоўнай вынаходлівасці музейшчыкаў — два сімвалічныя дрэвы, чорнае і чырвонае, у зале, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне. Ды і ідэя (як, зрэшты, і выкананне) экспазіцыі, якая выяўляе прадметы традыцыйнага побыту чатырох народаў, што ў даўніну насялялі гэты край — беларусаў, палякаў, татараў і яўрэяў, — таксама здатная выклікаць пахвалу турыстаў. У суседняй зале можна ўбачыць выстаўку выдатных здымкаў беларускай прыроды Вячаслава Алешкі. Многія з іх былі зроблены тут, на Клеччыне, дзе аўтару давялося доўгі час працаваць.
Ніяк не абмінеш увагай і макет паганскага стодзішча, што некалі і сапраўды месцілася ў тых краях. Гэты фрагмент цікавага экскурсійнага расповеду дырэктара музея Марыны Леаненя ці не самы запамінальны: паводле легенды, пасля прыняцця хрысціянства стод разламалі на часткі і раскідалі па розных мясцінах. І вось, кожная з гэтых частак дала назву вёсцы: Зубкі, Пузова, Чарапы, Галавачы...


Мара, што стала прафесіяй

Сяргей Стэльмах адразу робіць уражанне чалавека цікаўнага ды няўрымслівага. А сферу прымянення для гэтых сваіх якасцей ён абраў ужо досыць даўно: спачатку ў якасці мары, потым — хобі. Але колькі гадоў таму любімы дзецьмі школьны настаўнік з трыма (!) вышэйшымі адукацыямі ўзначаліў турыстычны цэнтр, створаны пры райвыканкаме. І арганізацыя турыстычных вандровак стала яго асноўным заняткам.
 /i/content/pi/cult/139/853/Syadziba4.jpg

Па выніках за мінулы год яго турцэнтр заняў другое месца на рэспубліканскім конкурсе “Спазнай Беларусь” у намінацыі “За дынамічнае развіццё кампаніі”, пакінуўшы за сабой больш як 600 іншых тураператараў. А сёлета не тое што не здаў сваіх пазіцый — пакуль дэманструе ажно двухкратны рост.
Ды нават не ў лічбах справа. А ў тым, што кожны клецкі школьнік мае магчымасць з’ездзіць на два дні ў Жыровіцкі манастыр, заплаціўшы за гэта ўсяго 13 тыс. рублёў. Або абраць яшчэ які з размаітых (і гэтаксама агульнадаступных) маршрутаў турыстычнага цэнтра.
— Наша дзейнасць мае духоўны характар: мы знаёмім турыстаў з рэлігіяй у кантэксце культуры, — распавядае С.Стэльмах. — Бываем і ў Мінску, і ў Полацку, і ў Брэсце, і ў Кіеве… Як ні дзіўна, “самы турыстычны” сезон у нас — у кастрычніку і лістападзе.
Поспехамі “ўязнога” турызму ганарыцца пакуль зарана: пяць маршрутаў, распрацаваных у раёне, запатрабаваны пакуль пераважна мясцовымі шкалярамі. Але ж планаў на гэты конт у няўрымслівага дырэктара турцэнтра таксама не бракуе. І пасля набыцця ўласнага транспарту, што для цэнтра з’яўляецца важнай задачай, ён мяркуе завабіць у свой край не толькі суайчыннікаў, але і замежнікаў.
— Можна пасяліць турыстаў у Клецку і адсюль вазіць іх і ў Нясвіж, і ў Мір, і ў Жыровічы. І нашу прыроду ў Морачы абавязкова паказаць, — раскрывае свае задумы С.Стэльмах.
Па адказ на пытанне, чым жа можна прывабліваць турыстаў на Клеччыну, ён у кішэню не лезе:
— Наша ўстанова размешчана ў будынку былога дамініканскага кляштара, заснаванага ажно ў XV стагоддзі. Чаму б не стварыць там паўнакроўны турыстычны цэнтр? Кажуць, з кляштара падземныя хады вялі некалі ажно да Нясвіжскага палаца. Трэба паспрабаваць іх адшукаць.
— А як не знойдзем, то самім выкапаць, — дадае руплівец клецкага турызму з гарэзлівай усмешкай. 

* * *
Скептыцызм адносна турыстычных перспектыў сядзіб Клеччыны, які, магчыма, узнік у кагосьці з чытачоў гэтага допісу, мае пад сабой абсалютна такую ж самую фактаграфічную базу, як і аптымізм яго аўтара. Гэта значыць, ніякай. Бо прэцэдэнтаў, на якія можна было б абапірацца, робячы высновы, пакуль што замала. І знаёмячыся на якім-небудзь турыстычным сайце з прапановамі адносна баўлення бліжэйшага уік-энду, вы ніколі не ўбачыце навязлівы банер, які запрашае пражыць пару сутак “па-панску”, адчуць на сваім досведзе суцішлівы рытм жыцця старадаўняй сядзібы, даведацца пра яе побыт.
Такіх прапаноў на айчынным турыстычным рынку няма.
Можа, наш рынак для іх пакуль яшчэ не саспеў? Цяжка сказаць. Бо, зноў жа, для высноў няма падстаў. Хаця ўжо той неаспрэчны факт, што беларускі турыст становіцца больш патрабавальным, што яму ўжо замала проста даху над галавой і гарантаванай адсутнасці насякомых у пакоі, сведчыць пра перспектыўнасць такіх праектаў.
Укладаючы грошы не ў звычайны гатэль-навабуд або туркомплекс, а ў сядзібу са сваёй гісторыяй, інвестар атрымлівае не толькі будынак у аварыйным стане і звязаны з яго рэстаўрацыяй галаўны боль. Важкім бонусам стаецца імідж ягонай установы, які не трэба высмоктваць з пальца, яе адметная гісторыя — і, як вынік, эксклюзіўнасць.Хочаццаверыць, што на такія фактары спажыўцы турпаслуг у хуткім часе будуць зважаць.

Ілля СВІРЫН,
наш спецкар.
Мінск — Клецкі раён — Мінск
Фота аўтара