Аб’екты вызначаны

№ 10 (1084) 09.03.2013 - 16.03.2013 г

На пасяджэннях рэспубліканскага і абласнога штабоў па падрыхтоўцы і правядзенні Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2013" у Жлобіне вызначаны канкрэтныя аб’екты культуры райцэнтра, якія зменяць аблічча да восеньскага хлебаробскага свята.

У спіс гэтых аб’ектаў, па словах першага намесніка начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Вольгі Антоненка, увайшлі краязнаўчы музей, Гарадскі дом культуры, Дзіцячая школа мастацтваў № 1, цэнтральная і дзіцячая бібліятэкі, заапарк, кінатэатр "Радзіма".

Цягам года актыўныя работы будуць весціся і па рэканструкцыі палацавага комплексу ў Чырвоным Беразе. Гэты помнік архітэктуры хоць і не ўваходзіць у пералік "дажынкавых" аб’ектаў прыцягнення фінансавых сродкаў, але для раёна ды вобласці з’яўляецца брэндавым.

Словам, аднаўленне палаца сёлета прадоўжыцца, як і раней, на парытэтных пачатках: работы фінансуюцца і з абласнога, і з рэспубліканскага бюджэтаў. Інакш кажучы, у аднаўленні чырвонабярэжскага аб’екта будзе зроблены чарговы ўнушальны крок. У гэтым госці фестывалю-кірмашу могуць пераканацца ўжо ўвосень.