Жураўлі на Палессе (пры)ляцяць?

№ 9 (1083) 02.03.2013 - 09.03.2013 г

Міжнародныя праекты: погляд работнікаў культуры

Частка 2

У мінулым нумары “К” пісала пра тое, якім крытэрыям і ацэнкам павінны, на погляд грантадаўцаў, адпавядаць праекты, што накіроўваюцца ў прадстаўніцтвы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый ды Еўрапейскага саюза на Беларусі. У сённяшнім матэрыяле разгледзім гэтае пытанне з іншага боку: якія праблемы найбольш замінаюць культработнікам, што маюць вялікае жаданне атрымаць інвестыцыі ад міжнародных арганізацый пад свае праекты.

Я б у перакладчыкі пайшоў…

Вось, напрыклад, Мастоўскі раён Гродзенскай вобласці. Пад рэканструкцыю і рамонт Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея мясцовыя супрацоўнікі атрымалі гранта памеры звыш 220 тысяч еўра ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва ЕС “Польшча — Беларусь — Украіна”. Праект “Вандроўка ў этнаказку” прадугледжвае рамонт чатырох музейных залаў, а таксама добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. “К” пра гэты факт ужо згадвала. І, на думку начальніка мясцовага аддзела культуры Сяргея Дзейкалы, асноўных пытанняў пад час падрыхтоўкі дадзенага праекта ўзнікала некалькі. Першае з іх, па яго словах, — арганізацыйнае, а другое вымагае пільнай патрэбы ў перакладчыках. Бо для таго, каб падаць заяўку на грант, трэба, як вядома, падрыхтаваць шматлікія дакументы, зрабіць пераклады тэкстаў з замежнай мовы, узгадніць усе нюансы з кіраўнікамі праекта ды вырашыць яшчэ цэлы тузін пытанняў…

Тое, што гэтыя два пытанні для культработнікаў — сапраўды асноўныя, пераканаўся, патэлефанаваўшы ў шэраг іншых раёнаў Беларусі. Напрыклад, начальнік аддзела культуры Брагінскага райвыканкама Ліна Пятніцкая распавяла, што першапачатковыя кантакты з французскай дабрачыннай міжнароднай арганізацыяй былі для яе вельмі складанымі. І за тое, што перамовы прайшлі паспяхова, варта падзякаваць менавіта перакладчыку, але не свайму, а таму, які прыехаў разам з французамі…

Аднак нельга сказаць, што “перакладчыцкае” пытанне вельмі замінае ў прасоўванні і рэалізацыі міжнародных праектаў. Так, на думку дырэктара Капыльскага гісторыка-краязнаўчага музея Валянціны Шураковай, з моўнай праблемай справіцца цалкам магчыма. Па-першае, варта запрасіць, што называецца, “па-сяброўску”, у аддзел культуры настаўніка англійскай мовы з мясцовай школы, які дапаможа ў напісанні заяўкі на грант. Таксама можна скарыстацца тымі магчымасцямі, што прадастаўляюць найноўшыя тэхналогіі, і праз Інтэрнэт, дзе шмат адпаведных сайтаў, перакласці той або іншы дакумент. У крайнім выпадку, можна звярнуцца ў тое ж прадстаўніцтва міжнароднай арганізацыі па кансультацыйную дапамогу…

Карацей кажучы, шляхі тут могуць быць розныя, але галоўнае — імкнуцца да выніку ды, як кажа Валянціна Шуракова, не баяцца перашкод. І тады поспех не прымусіць сябе чакаць.

З гэтай думкай згодная і начальнік аддзела ўстаноў культуры і мастацтва ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Валянціна Макарава. Па яе меркаванні, выхад на супрацоўніцтва з замежнымі арганізацыямі для культработнікаў вобласці не такі ўжо і складаны. Так, для гэтага неабходна зрабіць вялікі аб’ём працы і, што называецца, “пакруціцца”, але справа, пагадзіцеся, таго вартая. Тым больш, як зазначыла Валянціна Макарава, моладзь цяпер вельмі добра арыентуецца ў замежных мовах, ёсць, як ужо згадвалася, свае настаўнікі замежных моў у мясцовых школах, таму пытанне з перакладам дакументаў — цалкам вырашальнае.

Не магу з гэтым не пагадзіцца. Да таго ж, можна і аплаціць працу таго ж настаўніка за кошт пазабюджэтных сродкаў установы, балазе грошы за такую работу пойдуць невялікія, а эфект будзе нашмат большы.

І яшчэ. Я ўжо згадваў пра тое, што больш за ўсё ў справе наладжанай праектнай дзейнасці і прыцягнення замежных грантаў культработнікам перашкаджае пэўная “сціпласць” і, магчыма, боязь новых шляхоў. Але ж баяцца новага для творчых і крэатыўных людзей, якімі, на мой погляд, з’яўляецца пераважная большасць супрацоўнікаў раённых аддзелаў культуры, зусім не да твару. Тым больш, калі ў выніку можна атрымаць пад свой праект рэальныя і вельмі значныя дадатковыя фінансавыя сродкі. Дзеля гэтакага “важкага” стымулу, пагадзіцеся, можна і нават неабходна “пакруціцца” не раз і не два.

Арганізацыйны лікбез

Наступная праблема, пра якую ўжо згадваў, — арганізацыйнае пытанне. Шмат часу займае падрыхтоўка неабходных дакументаў, удакладненне ды перапісванне матэрыялаў, апісанне перспектыўнага праекта і гэтак далей. Пра падобную праблему казаў мне і кіраўнік сферы культуры Пружанскага раёна Канстанцін Панімаш. А, напрыклад, той жа Сяргей Дзейкала пад час размовы адзначыў, што наўрад ці Мастоўскі раён змог бы правесці ўсю падрыхтоўчую працу па атрыманні гранта, каб не кансультацыйная ды арганізацыйная падтрымка супрацоўнікаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, а ў прыватнасці — кіраўніцтва турыстычнага цэнтра, які дзейнічае пры гэтай установе.

У іншых абласцях падобнымі каардынуючымі цэнтрамі з’яўляюцца, у пераважнай большасці, абласныя ўпраўленні культуры. Напрыклад, як распавяла “К” намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Вольга Антоненка, у рэгіёне пастаянна ладзяцца семінары па праектнай дзейнасці і аказваецца кансультацыйная дапамога тым раёнам, якія жадаюць паўдзельнічаць у падобных міжнародных праектах... Натуральна, падобны арганізацыйны “лікбез” праводзяць для культработнікаў і ў іншых абласцях Беларусі…

Яшчэ адно выйсце — асабістыя кантакты. Менавіта ад іх залежыць, наколькі хутка і якасна будуць апрацаваны ўсе неабходныя дакументы да грантаў. Па словах начальніка аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама Надзеі Жук, падобныя сустрэчы настолькі дапамагаюць у вырашэнні ўсіх арганізацыйных пытанняў, што цяпер мясцовыя культработнікі ладзяць шэраг міжнародных праектаў, завязаных на старых кантактах. І, натуральна, пастаянна працуюць на перспектыву ды развіццё падобнага супрацоўніцтва.

Моц і ўплыў гэтых “старых” сувязей пацвердзілі і практыкі з іншых рэгіёнаў. Напрыклад, у Капыльскім гісторыка-краязнаўчым музеі, акрамя праекта ПРААН “Міжрэчча Мажы і Морачы”, зладзілі ўжо не адну творчую акцыю са сваім пастаянным партнёрам — дабрачыннай беларуска-нямецкай арганізацыяй. А гэта не толькі праекты “Жывая гісторыя маёй вёскі”, “Апекуны шчасця”, а і паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры раёна: набыццё для патрэб культработнікаў ноўтбукаў для правядзення майстар-класаў, выданне брашур, стварэнне калекцыі самаробнай лялькі, фільма пра сямейна-бытавыя абрады Капыльшчыны ды многае іншае.

Дарэчы, аб праекце “Апекуны шчасця”, пра ўдзел у семінарах на тэрыторыі Германіі ды пра тое, як і чым здзівілі немцаў капыльскія музейшчыкі, чытайце ў бліжэйшых нумарах “К”.

У якасці заключэння

Як бачна, усе “невырашальныя” праблемы міжнародных праектаў могуць быць вырашаны без асаблівых цяжкасцей. Галоўнае, паўтаруся, — гэта жаданне саміх работнікаў сферы паўдзельнічаць у падобных міжнародных акцыях, іх прага змяніць нешта ў сваёй дзейнасці, імкненне выйсці за рамкі шараговага і будзённага, адшукаць новыя цікавыя формы работы. Без гэтага пошуку інавацый ніякія гранты ды спонсары не дапамогуць.

Важна адзначыць і вось яшчэ што. Даволі часта тыя аддзелы культуры, якія ўжо прымалі ўдзел у тых або іншых міжнародных праектах, працягваюць сваю дзейнасць у гэтым кірунку і надалей. Балазе каштоўны вопыт у іх ужо маецца. Так, у Мастоўскім раёне сёлета падалі заяўку на правядзенне міжнароднага “Фестывалю дзвюх рэк”, а на Капыльшчыне распрацоўваюць яшчэ цэлы тузін адметных праектаў, якія, цалкам магчыма, у хуткім часе зацікавяць не аднаго замежнага інвестара… Дык хто перашкаджае супрацоўнікам аддзелаў культуры з іншых рэгіёнаў Беларусі выкарыстаць вопыт сваіх калег, звярнуцца па кансультацыю ў абласныя ўпраўленні культуры, самастойна завязаць асабістыя стасункі праз запрашэнне замежных гасцей на той або іншы раённы фестываль ці свята? Падаецца, ніхто. Было б жаданне ды крыху ініцыятывы.

І апошняе. На выніковай калегіі Міністэрства культуры Беларусі кіраўнік ведамства Барыс Святлоў падкрэсліў, што ў сувязі з даручэннем Прэзідэнта краіны ў 2013 годзе Мінкультуры сумесна з падпарадкаванымі арганізацыямі неабходна забяспечыць далейшую аптымізацыю выдаткаў у рэспубліканскі бюджэт на рэстаўрацыю і рэканструкцыю гісторыка-культурных каштоўнасцей, правядзенне культурных мерапрыемстваў, а таксама павелічэнне аб’ёмаў пазабюжетных сродкаў, што накіроўваюцца на названыя мэты. Да таго ж, як адзначыў міністр, у бягучым годзе супрацоўнікам сферы неабходна прадоўжыць сістэмную работу, скіраваную на павелічэнне пазабюджэтных даходаў ды прыцягненне спонсарскай дапамогі.

Натуральна, удзел у міжнародных праектах ды замежныя гранты — гэта і ёсць тая дадатковая фінансавая крыніца для паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры, тыя інвестыцыі, якія неабходны кожнаму раёну Беларусі. Таму развіццё праектнай дзейнасці ды супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі набывае цяпер яшчэ большае значэнне для кожнага раёна Беларусі. Дык давайце ж працаваць у дадзеным кірунку! А “К” абавязкова будзе паведамляць пра ўсе адметныя знаходкі ў гэтай сферы на сваіх старонках.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"