Творчая “экспансія”. А вам “слабо”?

№ 9 (1083) 02.03.2013 - 09.03.2013 г

Спачатку — пра розгалас ад папярэдняга матэрыялу рубрыкі. Не спыняецца дыскусія па вызначэнні першынства ў стварэнні школ ранняга развіцця пры ДШМ. Гэтым разам у рэдакцыю “К” патэлефанавала дырэктар Дзіцячага цэнтра культуры “Расток” з Маладзечна Алена Сакалоўская. Яна распавяла, што аналагічная школа “Малышок” была заснавана ледзь не дваццаць гадоў таму. Цяпер яна перайменавана ў групу ранняга мастацкага развіцця дзяцей, якія з чатырох гадоў займаюцца па чатырох кірунках эстэтычнага выхавання...

З тым, што Светлагорскі фестываль дзіцячай творчасці сярод ДШМ не мае аналагаў у рэспубліцы, не пагаджаецца начальнік аддзела культуры Любанскага райвыканкама Васіль Каткавец. І ён мае рацыю. А дакладней — абласны Адкрыты фестываль дзіцячай тэатральнай творчасці “Чароўны куфэрак”. 28 — 30 сакавіка ён пройдзе ў дзявяты раз. У фэсце па традыцыі прымуць удзел тэатральныя калектывы ДШМ рэспублікі і замежжа... А яшчэ Васіль Каткавец доўжыць у раёне акцыю “Год земляка”. 27 лютага ў Мінскай абласной бібліятэцы сабраліся творцы: літаратары, журналісты, музыканты і кампазітары, якія нарадзіліся на Любаншчыне. Узор сапраўднай творчай “экспансіі”: калі сталіца не ідзе ў Любань, Любань прыходзіць у сталіцу.

А цяпер пра іншыя ўзоры актыўнага распаўсюджвання творча-эканамічнай стваральнасці.

/i/content/pi/cult/416/8513/1-1.jpeg

Адзін з абрадаў Кармяншчыны "Суборная субота".

Кармяншчына: поўны збор абрадаў

Пра мясцовы фестываль шансона пісаць не буду прынцыпова. А вось аб праекце “Карагод абрадаў” — з самай добрай душой. Прыдумала яго метадыст па народнай творчасці Кацярына Якутовіч. А дырэктар Кармянскага раённага цэнтра культуры і дасугу Таццяна Вяркеенка зрабіла ўсё для таго, каб фальклорная акцыя была праведзена цягам апошніх трох гадоў максімальна маштабна і карысна.

У раёне — 15 клубных устаноў. Кожная павінна была прэзентаваць абрады, узноўленыя з дапамогай носьбітаў песенна-харэаграфічнай спадчыны менавіта сваёй мясцовасці. Пад час рэалізацыі высветлілася, што сямейна-бытавыя, каляндарныя традыцыйныя дзеі маюць процьму цікавостак, якіх проста не існуе ў іншых рэгіёнах Гомельшчыны. Да прыкладу, у вёсцы Акцяброва свята гукання вясны спаконвечна называецца “Луца”, а карагод водзіцца адмысловай васьмёркай. Дарэчы, мясцовы фальклорны гурт таксама называецца “Луца”...

Пад час рэалізацыі “Карагоду...” яго ўдзельнікі заахвочваліся матэрыяльна. Аднак галоўнае ў тым, што кожны абрад запісваўся. Цяпер у аддзеле культуры захоўваецца збор амаль 30 абрадаў Кармяншчыны. Банк даных для цікаўных нашчадкаў — неацэнны.

Шклоўшчына: дапамагае пазабюджэт

У Магілёўскай вобласці падведзены вынікі леташняй дзейнасці раённых і гарадскіх аддзелаў культуры. Па памеры пазабюджэтных даходаў другое месца пасля Бабруйска занялі работнікі культуры Шклоўскага раёна. Начальнік мясцовага аддзела культуры Галіна Валозіна паведаміла, што ў выніку аказання платных паслуг насельніцтву тут зарабілі амаль 560 мільёнаў пазабюджэтных рублёў.

Менавіта за кошт гэтых сродкаў аддзел культуры здолеў павялічыць паказчык папаўнення кніжных фондаў. Цяпер для гэтых мэт выкарыстоўваецца не 15 працэнтаў сродкаў ад агульнага фінансавання бібліятэк, а 17,9 працэнта. За кошт пазабюджэтных даходаў стала рэальнасцю і падпіска расійскай перыёдыкі, раней недасяжная па кошце. Для гарадскіх устаноў і бібліятэк аграгарадкоў былі закуплены камп’ютарныя сталы.

Выснова зразумелая: каб штосьці атрымаць, абавязкова трэба штосьці ўкласці.

Ганцавіччына: і кожны — талент

Дырэктар Ганцавіцкага гарадскога дома культуры Ірына Гурская — генератар ідэй. Да гэтага ж падштурхоўвае і падначаленых. У выніку малады спецыяліст Маргарыта Саламевіч стала ініцыятарам праекта “Я — талент”. Ён быў скіраваны на выяўленне ды падтрымку пачынаючых творцаў і рэалізоўваўся цягам трох месяцаў. Лепшыя з лепшых адбіраліся сярод аўдыторыі ад 12 да 30 гадоў. Са спевакамі і танцорамі займаліся валанцёры-куратары (выкладчыкі, псіхолагі) з Мінска, Пінска, Брэста.

Адборачныя туры ладзіліся паэтапна, у фінал трапіла некалькі дзясяткаў чалавек. Лепшай аказалася 12-гадовая спявачка Яна Рылка, якая атрымала ад райвыканкама грашовую прэмію. Праект завяршыўся вялікім канцэртам, дзе выступілі і канкурсанты, і куратары.

Гэтымі днямі фіналісты конкурсу займаюцца гастрольнай дзейнасцю ў межах раёна, рыхтуюцца да ўдзелу ў адборачным туры абласнога фестывалю “Рытмы маладосці”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"