Як прыдумаць свята?

№ 9 (1083) 02.03.2013 - 09.03.2013 г

Стала цікава, а чым жыве сёння Глыбокае, што перадало летась Быхаву эстафету правядзення Дня беларускага пісьменства. Як увогуле пачувае сябе раённая культура пасля гадавой падрыхтоўча-арганізацыйнай працы ў рэжыме “сталіцы свята”? Ці не губляе набранага летась тэмпу? Начальнік аддзела культуры Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Малатоўнік запэўнівае, што для пасіўнага сузірання проста часу няма, бо горад паскоранымі тэмпамі рыхтуецца да святкавання 600-годдзя. Яно адбудзецца ў 2014-м, але творчы праект, зацверджаны днямі ў мясцовым райвыканкаме, пачне рэалізоўвацца ўжо неўзабаве. План мерапрыемстваў складаўся доўга і скрупулёзна. “У кожны яго пункт, — сцвярджае Таццяна Малатоўнік, — мы пастараліся закласці нестандартнае рашэнне”.

Цягам двух гадоў у гарадскім Цэнтры культуры будзе наладжаны цыкл вечароў-сустрэч “Аб людзях харошых”. Гэта своеасаблівыя бенефісы былых кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў Глыбоччыны, ардэнаносцаў, працаўнікоў самых розных прафесій, што ў розныя часы станавіліся людзьмі года.

Агляд-конкурс творчых калектываў прадпрыемстваў і арганізацый горада таксама будзе праходзіць два гады. Інакш кажучы, Таццяна Малатоўнік працягвае адшукваць у раённым цэнтры ўсё новыя і новыя таленты. Справа, у любым выпадку, — карысная і сярод гледачоў заўжды запатрабаваная...

У мікрараёне “Беразвечча” было пабудавана шмат жылля для маладых сем’яў. І гэтая акалічнасць таксама стала адным з пунктаў праекта. Свята мікрараёна павінна аб’яднаць моладзь горада не толькі месцажыхарствам, але і творчасцю.

А свята вуліцы Язэпа Драздовіча выклікана тым, што сёлета ў ліпені мастаку, публіцысту і філосафу споўнілася б 125 гадоў. Вуліца — аднапавярховая. Гэткім жа сямейна-ўтульным абяцае быць і мерапрыемства. Кожны падворак прапануе падарункі на свой густ, а сцэна размесціцца пасярод вуліцы пад засенню дрэў. Я асабіста жыхарам вуліцы Драздовіча зайздрошчу белай зайздрасцю. Як, зрэшты, і насельнікам вуліц Маскоўская і Садовая. Першая — самая старадаўняя, самая доўгая і самая шматнаселеная ў Глыбокім. На другой размешчаны дамы № 34 і № 39, дзе жывуць перасяленцы-чарнобыльцы. Значыць, маштабныя святочныя мерапрыемствы пройдуць і па названых адрасах. А папярэднічаць гэтым падзеям будзе, натуральна, добраўпарадкаванне згаданых вуліц. Інакш кажучы, свята чакаецца двайное.

І гэта яшчэ далёка не ўсё. Абвешчаны конкурс на лепшы аматарскі відэафільм “Пралеска сіняй Беларусі”. Пераможа той “аператар”, хто здолее давесці сваёй відэатворчасцю, што Глыбокае — адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Беларусі. Гэткія ж мэты ставіць перад сабой і будучая выстаўка фотамастацтва “Гісторыя і сучаснасць горада Глыбокае”. Начальнік аддзела культуры тлумачыць, што прапановы на ўдзел у выстаўцы атрымалі ці не ўсе ўраджэнцы райцэнтра, раскіданыя па ўсім свеце.

Ведаючы прафесіяналізм мясцовых народных майстроў (першы Дом рамёстваў на Беларусі быў створаны менавіта ў Глыбокім), прадчуваю, якімі незабыўнымі атрымаюцца і выстаўкі народнай творчасці... Карацей, Глыбокае пасля вераснёўскага Дня пісьменства тэмпаў творчай разваротлівасці губляць ніяк не жадае. Таццяна Малатоўнік такім становішчам спраў цалкам задаволена. Маўляў, крэатыўнае развіццё — гэта няспынны рух.

Хто запярэчыць? Між тым, такія арыгінальныя і непаўторныя святы нашых вёсак ператварыліся ў выніку не заўжды творчага пераасэнсавання ў даволі будзённыя ды аднастайныя мерапрыемствы. Пабываеш на такіх святах у двух суседніх раёнах запар і потым доўга ўзгадваеш, як тыя раёны ды вёскі называюцца. Словам, творчасць і руціна — антонімы. А крэатыў — гэта штодзённае думанне.

Я.Р.