Недараскручаны "павук" пад столлю

№ 9 (1083) 02.03.2013 - 09.03.2013 г

Оптымум для сферы: вопыт Быхаўшчыны

Рэгіёны: тэндэнцыі і актуаліі

Тэндэнцыі развіцця сферы культуры Быхаўскага раёна сёлета наўпрост звязаны з правядзеннем тут Дня беларускага пісьменства. Літаральна днямі філіял ААТ рамонтнага ўпраўлення “Лаўсанбуд” з Магілёва прыступіў да рэканструкцыі гарадскіх аб’ектаў культуры. Але ўдзельнікаў рэспубліканскага свята будзе вабіць не толькі раённы цэнтр з пашанотнымі рэшткамі Быхаўскага замка, але і не менш славутыя паселішчы раёна. Скажам, вёска Грудзінаўка з палацава-паркавым комплексам былой сядзібы Хадкевічаў ды Сапегаў. Ці Баркалабава, дзе хатнімі настаўнікамі ў князя Саламярэцкага працавалі Лаўрэнцій Зізаній, Мялецій Сматрыцкі, дзе 400 гадоў таму быў створаны Баркалабаўскі летапіс. Вакол названых знакавых мясцін ужо цяпер раскручваецца праектная дзейнасць работнікаў культуры. І гэта — толькі адзін з напрамкаў дзейнасці аддзела.

Адна з праблем будзе вырашацца

Усе мерапрыемствы, звязаныя з Днём беларускага пісьменства, пройдуць на галоўнай вуліцы райцэнтра: менавіта тут сканцэнтраваны вядучыя аб’екты гарадской культуры. Калі ўявіць святочнае шэсце ўдзельнікаў, дык пройдзе яно ад “Пяці вуглоў” (пачатак вуліцы Леніна) да замкавых рэшткаў. А на шляху сустрэнуцца: будынак былой гімназіі, куды пераедзе да верасня гісторыка-краязнаўчы музей, кінатэатр “Радзіма”, што займее 3D-абсталяванне, Цэнтр культуры і спорту, да рэканструкцыі якога ўжо прыступіў філіял упраўлення “Лаўсанбуд” з Магілёва. Немалую суму грошай мяркуецца выкарыстаць і на аднаўленне будынка, дзе месцілася колісь сінагога. Прапаноў па яго далейшым выкарыстанні шмат. Адна з іх — уладкаванне гарадской карціннай галерэі. Пра адкрыты рахунак па зборы сродкаў на рэканструкцыю фрагментаў Быхаўскага замка “К” пісала ўжо. Прадугледжана таксама і дзяржаўнае фінансаванне работ на гэтым аб’екце.

Клопатаў, словам, — мора. Адна з праблем мясцовай культуры, як распавядае выконваючая абавязкі начальніка аддзела культуры Быхаўскага райвыканкама Тамара Сямёнава, — матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў. Мясцовы музей, да прыкладу, апрача фондасховішча, схаванага дзесьці на гаспадарчых задворках, іншай нерухомасці пакуль проста не мае. Так што мэта кіраўніцтва ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама — правесці рэспубліканскае свята менавіта ў Быхаве — мае не толькі гістарычны, але і надзвычай практычны грунт... Тым не менш, у Быхаве, кажуць, з’явіцца і помнік Баркалабаўскаму летапісу. І як тут не дадаць да слова, што ўсе мясцовыя бібліятэкары лічаць сябе прадаўжальнікамі летапісна-краязнаўчай справы. Карыстаюцца яны камп’ютарамі, якія ёсць сёння ў кожнай бібліятэчнай установе (у аграгарадках — з абавязковым выхадам у Інтэрнэт). А вось з клубнай камп’ютарызацыяй пашчасціла толькі работнікам Баркалабаўскага культурна-спартыўнага цэнтра. Яшчэ адна праблема Быхаўшчыны...

Аптымізацыя. Як не згубіць кадры?

Асаблівасць Быхаўскага раёна яшчэ і ў тым, што ён — адзін з самых буйных у вобласці. Хапае, натуральна, і маланаселеных вёсак. Аптымізацыі, інакш кажучы, не пазбегнуць. Але вядзецца яна з захаваннем кадраў за кошт скарачэння ставак, увядзення няпоўнага рабочага дня, утварэння ўстаноў новага тыпу. Палітыка, падаецца, — больш чым правільная. Кадраў і так не хапае ў сельскіх установах культуры. Калі ж улічыць, што і аддзел культуры пэўны час застаецца без кіраўніцтва, дык бліжэйшая ягоная перспектыва ўспрымаецца пакуль без належнай акрэсленасці. Але я не назваў бы дадзеную сітуацыю тэндэнцыяй для Быхаўшчыны культурнай. Да Магілёва — хвілін сорак язды. А ў абласным цэнтры — поўны набор магчымых ВНУ і ССНУ, якія рыхтуюць культурна-асветніцкія кадры. Іншая справа, што адпаведная палітыка на райвыканкамаўскім узроўні магла б быць больш, так бы мовіць, “разваротлівай”...

А цікавая тэндэнцыя ўбачылася ў іншым. Аптымізацыя аптымізацыяй, але райцэнтр захавае дзве аналагічныя ўстановы: згаданы Цэнтр культуры і спорту (па вуліцы Леніна), а таксама Цэнтр культуры, народнай творчасці і рамёстваў, на адным з паверхаў якога працуе мастацкая школа рамёстваў. Дык вось, гэты другі Цэнтр дзейнічае ў шматнаселеным мікрараёне, дзе калісьці жыў афіцэрскі састаў буйнога злучэння яшчэ савецкай марской авіяцыі. Злучэнне знікла — мікрараён застаўся. І робіцца тут надзвычай цікавая ды запатрабаваная насельніцтвам культурная справа, звязаная з развіццём мясцовых рамёстваў і традыцыйных мастацтваў. Прынамсі, аналагічныя маштабы такой жа справы бачыць даводзілася толькі ў Горацкай школе рамёстваў, дзе і навучальны працэс адладжаны, і сувенірная крама карыстаецца павышаным попытам, і хапае энтузіястаў развіцця традыцыйнага мастацтва. Чым не кузня будучых “баявітых” кадраў рэгіянальнай культуры?

Між тым, кожны з цэнтраў з планам па аказанні платных паслуг спраўляецца цудоўна. За мінулы год, да прыкладу, зарабілі больш за 60 мільёнаў рублёў кожны. І ніякай канкурэнцыі — адно толькі супрацоўніцтва.

Рамяство — мастацтва аб’ядноўваць

Цэнтр культуры, фае якога ўпрыгожана ваенна-марской сімволікай (яна неўзабаве зойме належнае месца ў экспазіцыях новага музея), таксама будзе даводзіцца да ладу. Але змяняцца будуць толькі інтэр’еры, бо ўстанова культуры ў фармаце “два ў адным” не без поспеху, як падаецца, выконвае функцыю не толькі навучальна-адукацыйную. Сінтэз рамесніцкай школы і Цэнтра культуры з дадатковай “спецыялізацыяй” Цэнтра рамёстваў з’яўляецца клубам па інтарэсах не толькі для шматлікай дзятвы, але і для дарослага насельніцтва. Дарэчы, чым не перспектыва для шматлікіх нашых дамоў рамёстваў, дзе ні даследаваннямі асабліва не займаюцца, ні пра “прырост” наведвальнікаў-аднадумцаў не надта дбаюць.

2008-ы быў абвешчаны на Магілёўшчыне Годам рамёстваў — менавіта тады ў Быхаве з’явілася згаданая ўжо школа мастацкіх рамёстваў. Размясцілася яна, як я ўжо казаў, у будынку колішняга вайсковага Цэнтра культуры. Пад кіраўніцтвам дырэктара школы Ірыны Кухціной амаль сотня дзяцей райцэнтра вучыцца за 30 тысяч рублёў у месяц мастацтву саломкапляцення, выцінанкі, роспісу па шкле. Два класы школы дзейнічаюць і на сяле. Ёсць сувенірная крама. У штаце выкладчыкаў — прафесіяналы высокага кшталту, хоць і маладыя, але збольшага — члены Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Сувеніры да Дня беларускага пісьменсітва рыхтуюцца ўжо гэтымі днямі. Але, урэшце, уразіла не іх прыгажосць...

Паўтаруся: Цэнтр культуры, якім кіруе Ларыса Бадзякова, займеў нядаўна свой Цэнтр рамёстваў, што размясціўся ў памяшканнях былой афіцэрскай цырульні. Заняткі тут — бясплатныя. Але рамесніцкая школа і Цэнтр рамёстваў дзейнічаюць у адзіным творчым рэчышчы: ладзяць сумесныя экспедыцыі ды майстар-класы. Калі так пойдзе і далей, то да складання і рэалізацыі сумесных доўгатэрміновых творчых праектаў — рукой падаць. Да прыкладу, дэфіле ў сукенках з распіснога батыку і ў вытанчаных галаўных уборах з саломкі ўжо цяпер становяцца буйной культурнай з’явай не толькі ў гарадскіх маштабах. А безліч варыяцый саламяных павукоў, што выдаюць на-гара школьныя майстрыхі, сталі ці не сімвалам духоўнай раўнавагі жыхароў Быхаўшчыны. Каб тых "павукоў" “прапіярыць” як след і патлумачыць, што яны, падвешаныя пад столлю, “высмоктваюць” з хаты кепскую энергетыку, дык, напэўна, перад сувенірнай крамай чэргі стаялі б...

Словам, падобнай канцэнтрацыі “рамесніцкага энтузіязму” ў адной установе бачыць пакуль не даводзілася. Між тым, менавіта такая “спецыялізацыя” і з’яўляецца “фішкай” раёна.

Краязнаўчыя чытанні як рухавік крэатыву

Якое дачыненне да Быхава мае адзін з заснавальнікаў “белага руху” ў час рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны XX стагоддзя Лаўр Карнілаў? Самае непасрэднае! У адным з гарадскіх будынкаў, што захаваўся і па сёння, бальшавікі ўтрымлівалі пад арыштам будучага белагвардзейскага генерала. Будынак імправізаванай турмы знаходзіцца праз дарогу ад рэшткаў Быхаўскага замка. А побач — сквер з сінагогай, архітэктурай і маштабамі якой не стамляюцца здзіўляцца спецыялісты... Кожная з гэтых цікавостак утварае ў сукупнасці гістарычны цэнтр горада, якому споўнілася 643 гады. Словам, у свой час былі ўсе падставы для таго, каб аддзел культуры і мясцовы музей вырашылі ладзіць у раённым цэнтры Быхаўскія краязнаўчыя чытанні. Самае непасрэднае дачыненне да іх мае і Быхаўскі цэнтр турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей ды моладзі. Пад час Чытанняў не толькі прапагандуюцца культурна-гістарычныя цікавосткі гэтага краю, але і аналізуюцца перспектывы яго турыстычнага развіцця.

У выніку аддзел ідэалагічнай работы райвыканкама і гісторыка-краязнаўчы музей склалі шэраг рэкламных буклетаў. А рэкламаваць ужо ёсць што. Быхаўскі раён уваходзіць у Чыгірынскую турыстычную зону. Аднайменнае вадасховішча, поймы рэчак Днепр і Друць ствараюць тут адмысловы ландшафт, а ледзь не два дзясяткі аграсядзіб прапаноўваюць самы разнастайны адпачынак. І гэтая вясковая інфраструктура, “уплеценая” ў маршруты воднага, коннага і пешага паходаў, пастаянна развіваецца. І для цікаўнага турыста месца ў ёй знаходзіцца і Баркулабу Корсаку, што заснаваў замак, на месцы якога потым узнік манастыр, і Лаўру Карнілаву. Вось толькі б мясцовым работнікам культуры захаваць прыярытэты і пастаяннасць сферы ўплыву ў гістарычных інтэрактыўных анімацыях.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"