Запаветны матыў

№ 9 (1083) 02.03.2013 - 09.03.2013 г

Якая яна, палітра Палесся?

/i/content/pi/cult/416/8508/2-4.jpeg

В.Барабанцаў. "Вясна на Палессі".

У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі працуе мастацкая выстаўка пейзажа пад назвай “Маляўнічае гістарычнае Палессе” — сумесны праект установы і Беларускага саюза мастакоў.

46 жывапісных палотнаў прадставілі Уладзімір Кожух, Віктар Барабанцаў, Эдуард Рымаровіч, Ігар Арлоў, Анатоль Бяляўскі, Алесь Суша, Уладзімір Капшай, Алена Матросава і Вячаслаў Мурашка — усе так ці інакш былі звязаны творчымі і духоўнымі каранямі з Усходнім Палессем, невычэрпнай скарбонкай нацыянальных народных традыцый ды ўнікальнага побыту. А некаторыя з аўтараў экспазіцыі нарадзіліся тут, у палескім краі: У.Кожух, В.Барабанцаў, У.Капшай…

/i/content/pi/cult/416/8508/2-1.jpeg

Э.Рымаровіч. "Воблачны дзень. Старыца".

Як з’явіўся гэты праект? Пачатак трэба шукаць пад час леташняй працы мастакоў над мастацкім афармленнем інтэр’ераў Музея прыроды ў вёсцы Ляскавічы. Пасля адкрыцця музея ў жніўні 2012-га група мастакоў вырашыла сваю творчую супольнасць не спыняць, а ўвасобіць захапленне хараством Усходняга Палесся менавіта ў калектыўнай выстаўцы.

У асноўным, работы напісаны з натуры, некаторыя эцюды ўжо ў майстэрнях даводзіліся да “кандыцыі”, набываючы “характар” па законах жанру “вялікай карціны”. У гэтым сэнсе, канешне, уражвае серыя палотнаў У.Кожуха (“Прыпяць”, “Белы бераг”, “Першы снег”, “Запаведны лес”, “Цвіценне лета” ды іншыя) або карціны “Месячная ноч на лясным возеры” В.Мурашкі, “Вёска Ляскавічы” А.Бяляўскага, “Поўдзень” А.Сушы, “Воблачны дзень. Старыца” Э.Рымаровіча.

/i/content/pi/cult/416/8508/2-2.jpeg

У.Кожух. "Цвіценне лета".

Па гэтай экспазіцыі можна меркаваць пра тое, якім Палессем жывуць мастакі, якія думкі ды пачуцці іх апаноўваюць, што іх хвалюе, радуе, як яны ўспрымаюць свет гэтага краю ў мінулым і якім бачаць сёння.

Пейзаж унікальнай зямлі, канешне, гэта, перш за ўсё, — музыка прыроды. Ёсць ціхія, ураўнаважаныя лясныя прасекі, снягі, надыход вясны, сонечныя дні, восеньскае барвовае золата, дрэвы ў вадзе, вясёлка над возерам, мяккія рытмы Прыпяці… Шмат чаго ёсць.

/i/content/pi/cult/416/8508/2-3.jpeg

А.Бяляўскі. "Вёска Ляскавічы".

Канешне, мы не знойдзем ні мудрагелістай эстэтызацыі формы, ні жадання аўтараў бліснуць майстэрствам ці свабодным колеравыяўленнем. Усё проста, зразумела і даступна для ўсякага гледача звыклага да ўспрымання жывапіснага пейзажа як люстэркі прыроды. Тым не менш і ў экспазіцыі можна знайсці некаторыя "цытаты" з імпрэсіяністычных дасягненняў, дзе свежае ўражанне іграе галоўную ролю ("Верасень" і "Начное" І. Арлова, "Вечар на Палессі" А.Сушы), але ўсё ж большасць палотнаў пабудаваны на цвёрдым рэалістычным фундаменце беларускага класічнага пейзажа даўно мінулых гадоў.

У рэшце, па вялікім рахунку, мастакі тут не прэтэндуюць на нейкае “наватарства” сваіх вобразна-пластычных пошукаў. Яны — лірыкі ў сваёй аснове, для якіх спрадвечнае сэрца Палесся — усё, і творцы ад гэтага атрымліваюць асалоду. Такую ж асалоду атрымліваем і мы, удзячныя гледачы, калі прыходзім на гэтую выстаўку…

Б.К.