Калегія ў Ратушы

№ 9 (1083) 02.03.2013 - 09.03.2013 г

26 лютага ў сталічнай Ратушы адбылася выніковая калегія ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама.

Як падкрэсліла ў сваім выступленні кіраўнік упраўлення Віталіна Рудзікава, сфера культуры сталіцы развівалася летась паспяхова і дынамічна. У Мінску цягам года прайшоў шэраг адметных акцый, у тым ліку творчы праект да 125-годдзя з дня нараджэння Марка Шагала “Мастак і горад”. Увосень была адкрыта галерэя работ народнага мастака Беларусі, Ганаровага грамадзяніна горада Міхала Савіцкага, а яшчэ цягам года ў сталіцы вяліся рамонтныя работы на знакавым культурным аб’екце — у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, які праз пэўны час адкрые свае дзверы для наведвальнікаў...

Адной з адметнасцей сталічнага жыцця ў мінулым годзе стаўся праект “Пешаходная вуліца”. Як вядома, летась па суботах і нядзелях з мая па верасень частка вуліцы Карла Маркса станавілася вольнай ад машын, і на ёй дэманстравалі свае разнастайныя творчыя праграмы шматлікія артысты ды калектывы. Падобная практыка, па словах Віталіны Рудзікавай, будзе прадоўжана і ў летні перыяд 2013 года.

Агучаная тэма была развіта і ў выступленнях іншых дакладчыкаў. У прыватнасці, як адзначыла на пасяджэнні калегіі начальнік аддзела культуры адміністрацыі Ленінскага раёна Аксана Нікіціна, на вуліцы Карла Маркса яшчэ трэба шмат папрацаваць, каб стварыць унікальны вобраз новай гарадской зоны адпачынку.

— Асноўны акцэнт, на маю думку, трэба зрабіць на культурную місію пешаходнай вуліцы, — адзначыла начальнік аддзела культуры. - А прыцягнуць цікавасць гараджан да яе можна рознымі падзеямі. Адным з іх павінен стаць новы тэатральны праект…

Гэтая будучая акцыя аб’яднае прафесійныя і аматарскія калектывы, што выступаюць пад адкрытым небам. Прадстаўленні будуць праходзіць па выхадных у летні перыяд. Асноўныя пляцоўкі — пешаходная вуліца Карла Маркса і парк імя Горкага. Завершыцца праект святам вулічных тэатраў, правядзенне якога запланавана ў Мінску на канец верасня.

Ю.Ч.