Як кажа загадчык аддзела навукова-асветніцкай дзейнасці НММ Беларусі Ірына Скварцова, гэты праект адрасаваны ў асноўным індывідуальным наведвальнікам. Таму кожную суботу ў адной з залаў музея, заўсёды а 14-й гадзіне, на працягу дзесяці хвілін будзе ісці гаворка толькі пра адзін мастацкі твор з яго экспазіцыі. Першы этап рэалізацыі праекта ўключае дзесяць розных па жанры, часе стварэння і стылістыцы твораў.
Так, 2 сакавіка мастацтвазнаўца Юлія Мішакова распавядзе пра талерку з сервізу, вырабленага ў другой палове XVIII стагоддзя на Імператарскім фарфоравым заводзе, у экспазіцыйнай зале "Рускае мастацтва XVIII — пачатку XIX ст.".
Апошні, дзясяты твор у рамках праекта плануецца прадставіць 4 мая. Але, як адзначыла Ірына Скварцова, цалкам магчыма, што падобныя міні-размовы пра тыя або іншыя творы мастацтва, прадстаўленыя ў НММ Беларусі, музейшчыкі будуць ладзіць і пасля завяршэння дадзенай акцыі.
Ю.Ч.