Па "Старонках…"

№ 9 (1083) 02.03.2013 - 09.03.2013 г

Больш за 100 друкаваных і рукапісных дакументаў XIX — XXI стагоддзяў прадстаўлены на выстаўцы "Старонкі гісторыі паўстання 1863 — 1864 гг.", якая днямі адкрылася ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

Апісанні ваенных дзеянняў, зборнікі справаводчых матэрыялаў і публіцыстыкі, мемуары, даследаванні айчынных і замежных навукоўцаў — усё гэта адлюстроўвае цікавасць да паўстання на працягу 150-гадовай гісторыі і неадназначнасць ацэнкі яго сэнсу ў розныя часы і рознымі асобамі.

/i/content/pi/cult/416/8502/1-2.jpeg

Асаблівую каштоўнасць уяўляюць друкаваныя выданні XIX ст. з творамі сучаснікаў падзей: польскіх грамадска-палітычных дзеячаў (Балеслава Ліманоўскага, Мар’яна Дубецкага, Генрыка Цэдэрбаума) і расійскіх дарэвалюцыйных даследчыкаў (Аляксея Сідарава, Івана Захар’іна, Мікалая Паўлішчава). Як адзначыла загадчык сектара кнігазнаўства аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа НАН Беларусі Алена Цітавец, многія з экспанатаў, прадстаўленых на выстаўцы, раней ніколі не прэзентаваліся. Напрыклад, упершыню наведвальнікі праекта здолеюць убачыць арыгінальны дакумент 150-гадовай даўніны — справу "Описание военных действий Каргопольского полка с польскими мятежниками", дзе змешчаны звесткі пра ваенныя дзеянні на тэрыторыі Люблінскай губерні пад час паўстання. Храналагічныя рамкі рукапісу — 12 снежня 1863 г. — 1 верасня 1864 г.

Па словах Алены Цітавец, наведвальнікі выстаўкі змогуць зазірнуць у творчую лабараторыю беларускіх даследчыкаў, уявіць атмасферу працы над тэмай паўстання 1863 — 1864 гг., дакрануцца да рукапісных і машынапісных матэрыялаў з асабістых архіваў гісторыкаў Адама Станкевіча, Мікалая Улашчыка, пісьменніка Уладзіміра Караткевіча і многіх іншых.