“У-гууу...” замест сямейнага спектакля?

№ 9 (1083) 02.03.2013 - 09.03.2013 г

Чаму маленькі глядач пазбаўлены вялікага дыялога з...

Паводле Шэкспіра, усё жыццё — тэатр. Можа, так яно і ёсць. Дзесьці там, у Англіі. А калі перайначыць? Маўляў, тэатр — наша жыццё (няхай нават не ўсё, а толькі частка). І ўкласці гэтую фразу ў вусны не прафесійнага акцёра, а любога з нас. Вось тут “карцінка” і не складаецца, як ні круці. Бо ў агульнай канструкцыі відавочна не хапае аднаго фрагмента пазла, без якога малюнак мазаікі не атрымаецца. Гэта — так званыя сямейныя спектаклі.

Сапраўды, ці ёсць такія? Даўно з’явілася трывалае азначэнне “сямейнае кіно”. Нікога не шакуе словазлучэнне “сямейнае кафэ”. А вось у тэатры, падобна на тое, — дзве крайнасці. Увечары — спектаклі для дарослых. Мяркуючы па кантынгенце — пераважна для дам бальзакаўскага ўзросту. Ну, можа, яшчэ для закаханых. Зранку — спектаклі для дзяцей. У сэнсе, для школьных культпаходаў. Ну, яшчэ для дашкольнікаў з руплівымі маці (бацькі тут за рэдкасць). Апошнім часам, як я заўважыла, пашыраецца і наступная форма прывучэння малых да самастойнасці: хтосьці з дарослых прыводзіць дзіця на ранішнік — і там пакідае, “здаючы” ці старэйшым брату / сястрычцы, ці сябру-аднагодку, ці нават цётачцы-білецёршы: маўляў, уладкуйце яго на месца, ён у мяне спакойны, а я потым забяру. І што даюць такія прагляды? Вядома, уражанні. Але з кім іх абмеркаваць? Дый калі хтосьці з бацькоў і сядзіць на спектаклі, гэта яшчэ не значыць, што потым складзецца размова. Максімум — “дзяжурнае” пытанне: “Спадабалася?” І такі ж адказ: “Угу”.

/i/content/pi/cult/416/8500/1-1.jpeg

Вось і атрымліваецца, што нават добрай, здавалася б, справай — прывучэннем дзятвы да тэатра — мы выхоўваем гледача, які проста глядзіць. І не заўсёды бачыць. А ўжо пра тое, каб ён яшчэ і “прачытваў” тое, што хацелі сказаць яму аўтары, пастаноўшчыкі ды акцёры, можна і не згадваць. Ці такая публіка нам патрэбна? Ці выконвае тэатр у такім выпадку сваё галоўнае прызначэнне: не толькі “запаўняць залу” ды “рабіць зборы”, але і прывучаць задумвацца над убачаным?

Разуменне ўсяго гэтага не з’явіцца імгненна, яно таксама выхоўваецца — паступова і пастаянна. Асабліва ў падлеткавым узросце. Сямейныя спектаклі — менавіта для такога “выхавання спакваля”, без націску. На іх павінна быць цікава ўсім. Камусьці — казка. Камусьці — яе сімволіка. А ўсім разам — падстава для абмеркаванняў і нават дыскусіі. Ёсць даўно апрабаваны псіхолагамі метад. Замест таго, каб пагаварыць з падлеткам на складаную тэму (ён адразу ўспрыме гэта за “павучанне” і будзе, дарэчы, мець рацыю), схадзіце разам з ім у тэатр. Або пачытайце кнігу. Або паглядзіце разумнае кіно. І — абмяркуйце чужых герояў у чужой сітуацыі — падлетак сам “прымерыць” яе на сябе.

Сямейны спектакль — гэта тое, што з’яднае сям’ю. Забяспечыць нармальны, паслядоўны пераход ад малюнкаў-размалёвак да канцэпцыйных палотнаў філасофскага кшталту. Дапаможа паразуменню паміж рознымі пакаленнямі. Нарэшце, падштурхне, магчыма, да такой сёння забытай з’явы, як імправізаваны сямейны тэатр, дзе ўсе чальцы і іх сябры — “сцэнарысты”, “рэжысёры” і акцёры.

На ролю сямейных спектакляў сёння маглі б прэтэндаваць некаторыя вечаровыя пастаноўкі, а не толькі адно ТЮГ, на які намагаюцца ўскласці ўвесь цяжар працы з падлеткава-юначай аўдыторыяй. Як прыклад — тая ж опера “Снягурка” М.Рымскага-Корсакава ў Вялікім тэатры: каханне, рэўнасць, здрада — і ўсё на казачна-прытчавым узроўні. Сёе-тое можна знайсці і на драматычнай сцэне. На лялечнай — “Драй швэстэрн”, які прадугледжвае хаця б мінімальнае папярэдняе знаёмства з “Трыма сёстрамі” А.Чэхава са школьнай праграмы. А гродзенская лялечная “Пікавая дама”! Увогуле, кожны тэатр мог бы яшчэ раз агледзець свой рэпертуар і вылучыць тое, што можна было б рэкамендаваць для такіх сумесных праглядаў.

Заўважу, тэатры ўжо інтуітыўна адчулі згаданы прагал і імкнуцца яго ліквідаваць, ставячы “сумныя” казкі, дзе дабро не адразу перамагае зло. Ці не перамагае зусім. Ці зло хаваецца пад маскай супрацьлегласці. Ці, можа, патрабуе спачування, каб змяніцца ў лепшы бок. Але — што пазначана на афішах? Часцей — “Для дзяцей ад 5-і гадоў”. А яшчэ часцей — увогуле анічога. Вядома, чым ніжэй будзе ўзроставая планка, тым большую аўдыторыю можна будзе сабраць. Але гэта — разавая перамога. Бо не ўцяміўшы, “хто тут хто” і з-за чаго лямант, дзіця больш у тэатр не захоча.

Разам з тым, мы часам недаацэньваем юных гледачоў. Бо папраўдзе высокамастацкі аповед здольны прыцягнуць увагу нават тады, калі не ўсё зразумела (нічога, пасля растлумачаць дарослыя). Памятаю, як даўным-даўно, у фінале аднаго гастрольнага спектакля некаторыя паціскалі плячыма: чаго, маўляў, гэты дзед з раяля чахол сцягнуў і пайшоў з ім за кулісы? А маленечкая дзяўчынка (якую, між іншым, на ўваходзе пускаць не хацелі), заплакала: “Дзядуля памёр! І ніхто не заўважыў…”.

Дык, можа, сапраўды наспеў час вызначаць сямейныя спектаклі? І паступова закладаць традыцыі сямейных тэатральных “вандровак”, дзе ёсць месца і адпачынку, і роздуму.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"